Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над анархістамі


У судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся крымінальны працэс супраць пяці актывістаў анархісцкага руху, якіх абвінавачваюць у спробах падпалаў дзяржаўных устаноў, а таксама расейскай амбасады.

12.35 – 13.00 Суд дапытвае Аляксандра Францкевіча.

Падсудны кажа, што іншых абвінавачаных ведае толькі візуальна. Першы эпізод абвінавачваньня – хуліганскія дзеяньні ля Мінабароны 19 верасьня 2010 году. Францкевіч кажа, што хутчэй за ўсё тады быў у Наваполацку.

Францкевіч прызнаў, што быў у Салігорску ў часе, калі іншыя кінулі фаер у будынак міліцэйскага пастарунку, здымаў на відэа гэтую "акцыю".

Удзел у акцыі ля Дома прафсаюзаў Францкевіч абвяргае, кажа, што нічога ня ведае пра падпал гэтага будынку.

12.10 – 12.30 Падсудны Дзядок тлумачыць, што ўшэсьці ля Мінабароны 19 верасьня 2010 гда ня ўдзельнічаў, ня быў і ля казыно Шангры Ла 4 сьнежня 2009 году. Корпус гранаты Ф-1 знайшлі не па месцы ягонага пражываньня, а па месцы прапіскі, дзе ён нябыў з 2006 году, і як там зьявілася граната ня ведае.. "Мяне агаварылі", – заявіў суду Дзядок.

"Мяне агаворваюць пад ціскам КДБ, пасьля 3 верасьня было затрымана шмат людзей, ад іх патрабаавалі агаварыць мяне, два чалавека пагадзілася", – заявіў Дзядок.

Дзядок заявіў, што на яго чыніўся ціск з боку УБОП і КДБ, пагрозы, у той час калі ён знаходзіўся ў СІЗА. Зь ім гутарылі супрацоўнікі УБОП і КДБ і патрабавалі, каб сказаў, што зладзіў акцыю ля расейкай амбасады, гучалі пагрозы. Памятаю адно прозьвішча – падпалкоўнік Ярошын, іншыя не прадстаўліліся.

Былі пагрозы прымянення фізычнага гвалту.

11.50 Зараз адбываецца допыт падсудных.

11.50 Усе падсудныя апрача Сілівончыка сядзяць у клетцы. Сілівончык знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Маці Францкевіча заявіла Свабодзе, што Сілівончык агаворвае іншых.

У залі знаходзяцца родныя падсудных, а таксама дзясятка два аднадумцаў, анархістаў.


Судзьдзя Жана Хвайніцкая разглядае справу Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Максіма Веткіна зь Менску, Яўгена Сілівончыка з Салігорску, Аляксандра Францкевіча з Наваполацку.

Усе абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці) , Веткін яшчэ па 339-м (хуліганства), а Францкевіч — па 339-м, 349-м (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і 254-м (камэрцыйны шпіянаж).

У прыватнасьці, яны абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідваньні бутэлькамі з запальнай сумесьсю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і турмы на вуліцы Акрэсьціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідваньне фаераў у казіно "Шангры Ла" і будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Францкевічу, акрамя гэтага, прад'яўленае абвінавачаньне ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму.

Усім чатыром пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 12 гадоў.

Ніхто вінаватым сябе не прызнаў, апрача Веткіна, які прызнаўся, што кінуў адну бутэльку ў расейскую амбасаду, але ня трапіў.

Ігара Аліневіча затрымалі ў Маскве 28 лістапада 2010 году і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ Беларусі.

Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч знаходзяцца пад вартай з 3 верасьня 2010 году.
XS
SM
MD
LG