Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзясяты дзень


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

18 траўня Фрунзенскі суд Менску працягве разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.


14.11 Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня а 16 гадзіне. Някляеву прысутныя зладзілі авацыю.

14.10 Някляеў кажа далей, што гатовы прыняць прысуд нават за тое, што да плошчы не дайшоў. Ва ўсім іншым ён не вінаваты.

14.09 Судзьдзя патрабуе, каб Някляеў прамаўляў ня зь месца, а падышоў да трыбуны.

13.57 — 14.10 Выступае Някляеў з апошнім словам.



Кажа пра сына сьледчага, які распавёў гісторыю пра свайго сына, які вывучыў па беларуску два словы «дзякуй» і «да пабачэньня». Гэта катастрофа.

Распавядае, як угаворваў уладу стаць беларускай, пісаў вершы, песьні. Але ўлада кажа, што па-беларуску немагчыма сказаць нічога: толькі па-руску, па-ангелску і па-кітайску. Гэта кажа першы чалавек у краіне.

Але на гэтай мове быў напісаны Статут ВКЛ, першая эўрапейская Канстытуцыя, Францыск Скарына.

Някляеў хоча, каб Расея і Эўропа пабачылі Беларусь не паміж сабой, а побач. Амэрыканцы ня мелі нічога агульнага, але яны займеўшы незалежнасьць, стварылі заможную дзяржаву. А беларусы сталі «рускімі са знакам якасьці». Што гэта за нацыя такая? Спраўдная любоў ёсьць праўда. Кажа пра ўсьвядомленую нацыянальную ідэю, адказнасьць. Яна вымушае сказаць хоць горкую, але праўду. Я ўдзячны беларусам, якія 19-га выйшлі на плошчу і захавалі годнасьць нацыі. Я прапаную іншае: ўлада адмаўляецца ад рэпрэсій, а мы адмаўляемся ад патрабаваньня новых выбараў.

Узгадвае Янку Купалу і Дуніна-Марцінкевіча, імём якога названа вуліца, дзе знаходзіцца суд. Чытае ўрывак з п'есы Дуніна-Марцынкевіча пра таго, хто не разьняў бойку, як пакараць.

Кажа, што мы павінны выйсьці са шпіталю для душэўна хворых.

13.43 З наступным словам выступае Наста Палажанка.



Кажа, што да 19 сьнежня яна жыла ў іншай краіне. Зараз — абсалютная гістэрыя, татальныя суды. Людзі, што выйшлі на плошчу — выйшлі абараніць нас усіх ад некантраляванай ўлады аднаго чалавека, які топіць усю краіну ў багне.

Дзякуючы гэтаму працэсу ёй удалося апынуцца на лаве падсудных з годнымі людзьмі. Я пераканалася, што званьне народнага пісьменьніка дае ня ўлада. Я вельмі ўдзячная за тое, што ўдалося бліжэй пазнаёміцца зь Фядутам, чытаць пра «дэкабрысцкі рух». Фядуту называе «дэкабрыстам». Кожнага ўзгадвае добрым словам — Дзьмітрыева хваліць за прамову ў судзе. За такія прамовы трэба даваць не артыкулы, а прэміі. Шкадуе Рымашэўскага — паралельна судзілі яго сябра Паўла Севярынца. Наста вельмі скэптычна ставілася да гэтага суду. Яна разумела, што прысуды будуць мяккімі ў параўнаньні з прысудамі Статкевічу, Вусу ды іншым.

Кажа вельмі трапна пра помсту мужным і таленавітым людзям. За нежаданьне казаць хлусьню людзі атрымліваюць ад 2 да 5 гадоў.

Разважае пра бацькоў тых, каго пасадзілі, кажа пра занадта дарагі кошт.

Разумее, што атрымае ўмоўны тэрмін. Ня страшна сесьці ў турму — страшна апусьціць рукі. Я буду дзейнічаць. Наш прысуд у тым, што мы свабодныя.

Кажа, што занадта можа любіць сваю краіну, моцна кахае чалавека, які ўжо ў турме. Але нельга адабраць свабоду і веру. Зычыць высокаму суду свабоды. Аплядысмэнты.

13.18 Выступае Андрэй Дзьмітрыеў. Няма магчымасьці выступіць па тэлебачаньні, у іншых месцах — ёсьць магчымасьць толькі выступіць у судзе. Сваё 30-годзьдзе ён сустрэў у судзе, з каменем на сэрцы. Просіць прабачэньня ў Някляева і ўсіх паплечнікаў па лаве падсудных.
Надыйдзе час, калі мы даведаемся пра ўсё, што адбывалася.

Параўноўвае паказаньні начальніка ДАІ і дзяўчынкі, якой апалілі валасы. Шчырасьць дзяўчынкі відавочная. Распавядае, як з залі суду вёў «прамую трансляцыю ў інтэрнэт» і атрымаў за гэта шмат падзякаў. У іншых, хто сядзіць, такой магчымасьці не было.

Кажа пра неабходнасьць пераменаў, пра дакумэнт, які яны стварылі. Тлумачыць, чаму яны вырашылі зьвярнуцца да прэм'ер-міністра.

Распавядае, як год таму яны зь Някляевым сустракаліся з эўрапэйскімі дыпляматамі. І Някляеў казаў, што не зьбіраецца на выбары. але ў той жа дзень на офіс напалі. І ён пазьней зьмяніў рашэньне. Распавядае пра акцыі кампаніі «Гавары праўду», пра спробы перайменаваць вуліцы ў вуліцы імя Васіля Быкава.

Усе ведалі — і апазыцыя, і ўлады — што плошча будзе. Так, акцыя была несанкцыянаваная, але мы рабілі ўсё, каб забясьпечыць бясьпеку. Але ўлады нічога не рабілі для гэтага.

Распавядае, што з дапамогай рабаваньня ў штаба Някляева адабралі ўсё — гукаўзмацняльную апаратуру, самога Някляева нэўтралізавалі.
Мы маліліся, каб чалавек выжыў. Пайшлі на плошчу.

Зноў разважае пра дзеяньні міліцыі, ДАІ. Узгадвае тое, што паказваюць па тэлебачаньні: у Францыі ды іншых краінах спаленыя машыны, разьбітыя вітрыны. Гэта сапраўды грубыя парушэньні. У нас такога не было.

Асуджае дзеяньні тых, хто разьбіў шкло. Але на плошчы былі іншыя рэчы, пра якія ня кажуць: Рымашэўскі заклікаў міліцыянтаў, каб далі людзям сысьці. Людзі проста стаялі. Кажа, што яны парушылі заканадаўства. Але выратавалі людзей ад траўмаў на лёдзе, калі б яны выйшлі на Кастрычніцкую. Не было цісканіны.

Распавядае, як яму патэлефанаваў 10-гадовы сын: «Мы ўсе любім Беларуь!»


12.54 З апошнім словам выступае Віталь Рымашэўскі.



Кажа, як перакваліфікавалі артыкул. Як прасілі далучыць да справы відэматэрыялы з плошчы Незалежнасьці. Ня бачыць прычынаў, чаму перакваліфікавалі артыкул. Просіць прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі ён пакрыўдзіў іх асабіста. Яму сорамна за ўсю судовую сыстэму.

Пераходзіць да сваіх дзеяньняў на плошчы. аналізуе дзеяньні начальніка ДАІ Карзюка, які дзейнічаў непрафэсійна. Сьледзтва доўга шукала людзей, якія арганізоўвалі быццам бы людзей. Кажа, што ёсьць такі чалавек. Просіць зьвярнуць увагу на паказаньні Карзюка. Толькі ён бачыў нас на чале калёны. Ён ня толькі даў ілжывыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. магчыма, наўмысна. Жартуе, што магчыма, ён за мяжой, трэба вызначыць яго месцазнаходжаньня.

Пераходзіць да свайго ўдзелу. Спыняецца на моманце затрыманьня. Распавядае, як яго паклалі на стол. Ня ведаў, дзе знаходзіцца, але калі гэта СІЗА КДБ, я ганаруся: тут закатаваныя сотні людзей, якіх я ня варты.

Вельмі спачувае судзьдзі і пракурору — не зайдзросьціць ім. Вельмі ганарыцца, што ён знаходзіцца на лаве падсудных зь лепшым паэтам. Разумее становішча, ў якім знаходзяцца судзьдзя і пракурор. Самае страшнае — забіць у чалавеку веру.

Ён меў гонар запрашаць людзей на плошчу. Але наіўна думаць, што заклікі прывялі людзей на плошчу. Людзі выйшлі туды змагацца за свабоду, змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем, што пануюць у краіне.

Тое, што зараз адбываецца ў краіне — жорсткія прысуды, рэпрэсіі — накіравана на тое, каб людзі больш ня выйшлі. Але ўсё будзе наадварот. Пасьля наступных выбараў выйдзе больш. А калі выбары стануць свабоднымі і справядлівымі, людзі таксама будуць выходзіць на плошчу, каб сьвяткаваць. За нашу і вашу свабоду. Зноў узгадвае засьценкі КДБ, дзе ў 1936-37 гадах загінула шмат людзей. Яму пракурор папрасіў умоўны тэрмін, але ён ведае, што такое гэтыя ўмовы. Бясьпекі ня будзе ні яму, ні яго сям'і, пакуль краіна ня стане свабоднай. Будзе рабіць усё магчымае, каб людзі, якіх пакаралі за плошчу, выйшлі на свабоду.

Дзякуе людзям, якія не спужаліся, якія яго патрымліваюць, моляцца.

Нам патрэбна дамагчыся і мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў. А найперш нам важна выбраць тыя каштоўнасьці, на якіх мы будзем будаваць нашу краіну.
Дапускае, што спадарыня судзьдзя можа стаць сябрам аргамітэту ў справе стварэньня БХД.

Запрашае ўсіх па розныя бакі добра падумаць.

12.43 З апошнім словам выступае Аляксандар Фядута. Пачынае з расповяду пра сваю вучаніцу, якая стала псыхіятрам.

Спрабаваў зрабіць «працу над памылкамі», судовы працэс дапамог зразумець, што адбылося. Апісвае падзеі на вуліцы Калектарнай. БТ потым зваліць гэта на Саньнікава. Пазьней супрацоўнікі ДАІ скажуць, што гэта былі міліцыянты. Распавядае пра зьбіцьцё і выкраданьне са шпіталя Някляева. Трапна параўноўвае голас начальніка ДАІ Карзюка з Шаляпіным, які заглушае натоўп і музыку на плошчы. Узгадвае словы сьведкі Коласа, калі назіраў за рухам калёны: было адчуваньне, што запрашаюць «у пастку». Пераходзіць да валютнага крызісу і старшыні МВФ. Пераходзіць да «нашых памылак». Яны былі. Трэба ведаць заканадаўства, абламваць асабістыя амбіцыі і слухаць іншых. Змовы не было — штабы ня здолелі дамовіцца. Мы з Халіп, Саньнікавым, Бандарэнкам не размаўлялі зь 2007 года. А дарма. Але нашы родныя сустрэліся ў агульных чэргах, каб здаць перадачы ў «амэрыканку».
Мы хацелі перамен. Пералічвае вельмі трапна і эмацыйна мэты. Ня здолелі дамагчыся. І справа не ў міністры Куляшове. Справа ў нас. Мы павінны аб'яднацца.

Кажа пра тэрміны, якія далі хлопцам — па 3 — 4 гады. У гэтым ёсьць і ягоная віна. Зробіць усё, каб наступным разам усе ішлі па ходніках.

12.06 — 12.45 Першым з апошнім словам выступае Сяргей Вазьняк. На пінжаку ў яго 4 мэдалі.



Пачынае з цытаты Энгельса — у яго не было часу, каб напісаць коратка. Адзначае, што ўзнагароды не баявыя, тройчы ў год ён апранае ўзнагароды (на 23 лютага, 9 траўня і 3 ліпеня).

Сёньня спаўняецца роўна год, як яго, Някляева і Дзьмітрыева затрымалі на трое сутак пры нападзе на офіс кампаніі «Гавары праўду». Някляева трымалі ў пастарунку разам з бамжамі і дэбашырамі.

Кажа па сутнасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Па артыкулу 342 прызнае сваю віну часткова. На сустрэчах з выбарцамі ў Гомельскай вобласьці ён запрашаў грамадзянаў на мірны мітынг. Але гэта адбывалася не праз СМІ. Вазьняк заклікаў толькі да мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Ні да якага шэсьця па праспэкту ён не заклікаў. Зьдзіўлены, што абвінаваўца адзначыў, што ён аказаў непадпарадкаваньне і супраціў. Не разумее гэту фразу абвінаваўцы.

Страты «Менсктрансу» — 159 тысяч рублёў, сьведчаць, што не было грубых парушэньняў руху грамадзкага транспарту. Што да «Макдональдзу», наадварот, людзі туды перад акцыяўй ішлі ахвотна.

Кажа пра лёгіку, прычынна-сьледчыя сувязі, цытуе Гегеля.

Кажа пра невыкананьне службовых абавязкаў праваахоўнымі органамі, якія не спынілі біцьцё шкла ў Доме ўраду. Распавядае пра шматлікія парушэньні падчас выбарчай кампаніі. Спасылаецца на высновы АБСЭ. Пералічвае, што выбары, на яго думку, былі недэмакратычнымі. Прыводзіць канкрэтныя факты, распавядае пра асобныя прыклады. Абураецца праслухоўваньнем тэлефонаў усіх кандыдатаў і сяброў іх ініцыятыўных груп. Адзін гэты факт, што слухаюць кандыдатаў, сьведчыць пра недэмакратычнасьць выбараў.
А размова лідэра Руху «За свабоду!» Аляксандра Мілінкевіча зь Сяргеем Калякіным, — слухаюць усіх.

Пераходзіць да зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты Някляева, які ў гэты час павінен быць абаронены законам. Білі Саньнікава, Статкевіча, калі ў іх таксама быў статус кандыдатаў.

Пажартаваў, што ў яго скончыўся напісаны тэкст. Пераходзіць да эпізоду зь Інай Чэкан — што быццам бы ён даваў непраўдзівыя паказаньні. У грамадзяніна ў Берасьці ў гаражы знаходзяць вялікі пакунак з валютай, які быў раней быццам бы ў кватэры Чэкан. З чаго ўзялі, што гэтыя грошы належалі Вазьняку? Тлумачыць пра гэты эпізод з Інай Чэкан і судзімым рэцыдывістам Брынзам. Ад грошай адмаўляецца — валюта не яго.

11.51 Судовыя спрэчкі завершаныя. Перапынак на 5 хвілін.

11.03 Выступае другая адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка.
Яна пачынае з інцыдэнту на вуліцы Калектарнай, патрабаваньня дагляду аўтамабіляў. Падрабязна апісвае дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ.

Нават са словаў супрацоўнікаў ДАІ вынікае, што Някляеў заклікаў да парадку. Ніякіх дзеяньняў, што тычацца перашкодаў дагляду аўтамабіля, Някляеў не ўчыніў. Але выскокваюць нейкія людзі ў чорным з нецэнзурнай лаянкай і патрабаваньнем усім легчы тварам у сьнег. Людзі гэтыя без апазнавальных знакаў. Яны б'юць Някляева, іншых людзей.

Абвінавачаньне спасылаецца на тое, што грамадзяне не падпарадкаваліся. Хто гэтыя людзі ў чорным, што выскачылі, як чорт з табакеркі?

Што яны рабілі? Затрымлівалі канкрэтных асобаў, што чынілі беспарадкі? Не, кладуць людзей у сьнег, бьюць. Ніхто зь гэтых людзей ня быў дапытаны. Ясна, што мэта ў іх была — канфіскацыя гукаўзмацняльнай апаратуры. Выснова адвакаткі: Някляеў не чыніў перашкоды для агляду аўтамабіля.

Адвакатка іранізуе, што справа вельмі складаная і заблытаная. Яна аналізуе, як была перакваліфікаваная справа ў іншы артыкул. Нідзе не тлумачыцца, што стала з аўтамабілямі і тым, што ў іх нібыта было (штыры, арматура, апаратура).

Цялесныя пашкоджаньні Някляева відавочныя.

Увязваць дзеяньні Някляева з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці недарэчна. Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.

Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.

Адвакатка Сідарэка падрабязна спыняецца на працэсуальных парушэньнях, якія дапусьціла сьледзтва.

Аналізуе відэазапісы, дыскі, якія былі ў матэрыялах справы. Пераходзіць да аналізу тэлефонных размоваў, крытыкуе пратаколы праслухоўваньня. Санкцыянавала праслухоўваньне генпракуратура. Павінна быць пазначана асоба канкрэтная, а ня ўся генпракуратура. Даецца санкцыя на праслухоўваньне двух тэлефонаў, але не пазначаны нумары.

Адзначае нібыта «прыватныя гутаркі» супрацоўнікаў КДБ з абвінавачанымі, іх палохалі цяжкімі артыкуламі і прысудамі. У той жа час абарону да фігурантаў справаы не дапускалі.

Пераходзіць да затрыманьня Някляева, як яго без адзеньня выцягнулі на мароз з рэанімацыі. Нітка да ніткі яму сукамэрнікі сабралі рэчы, каб апрануцца. У сьледчым ізалятары ён перанёс некалькі гіпэртанічных крызаў. Усё сьведчыць пра парушэньне правоў чалавека.

Тамара Сідарэнка кажа пра выступы Някляева па БТ, якія сьведчаць пра заклапочанасьць Някляева лёсам краіны.

Апладысмэнты ў залі. Судзьдзя робіць заўвагу.


10.41 Выступае адвакат Някляева Ўладзімер Букштынаў. Дзякуе сваю калегу Пятровіч за палымяную прамову.

Калі адрынуць з матэрыялаў дзеяньні Някляева ў межах кампаніі «Гавары праўду», выключыць зьбіцьцё і г. д., то ў сухім астатку застаецца наступнае. Так, Някляеў парушыў закон, заклікаў прыбыць грамадзянаў на несанкцыянавае мерапрыемства. Так, а 19-й гадзіне група Някляева цягам 5 — 7 хвілін прайшла па вуліцы. У астатнім віны Някляева няма. Я выкладу пазыцыю Някляева.

З моманту рэгістрацыі Някляева кандыдатам яму чынілася мноства перашкодаў: машыны затрымліваліся пры выездах у рэгіёны 21 раз!

Ва ўчастковы камісіі не было ўключана ніводнага сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Эфірнага часу ён атрымаў значна менш за свайго галоўнага суперніка. На Ўсебеларускі народны сход яго не пусьцілі.

Адвакат Букштынаў выкладае падрабязна пазыцыю Някляева.

У Някляева не было мэты парушаць грамадзкі парадак. Дзеля гэтага ён зрабіў шэраг захадаў: набыў гукаўзмацняльную апаратуру, спрабаваў дамагчыся перамоваў з парваахоўнымі органамі для выпрацоўкі сумесных захадаў і дзеяньняў для забесьпячэньня парадку. Улады паступілі не па эўрапейскіх стандартах. Мірны мітынг, незалежна ад таго, санкцыянаваны ён ці не, павінен ахоўвацца міліцыяй. А потым ужо ідуць разборкі.

Някляеў хацеў запрасіць на плошчу генэральнага пракурора, каб той стаў гарантам парадку. Але безвынікова — на яго запрашэньне пракурор не адгукнуўся. Някляеў быў жорстка зьбіты яшчэ да пачатку акцыі. Таму пачаў рэалізоўвацца «ня іх сцэнар» . Таму Вазьняк зьмяніў свой статус на статус журналіста, а Фядута наогул сышоў дадому.

Адвакат просіць выключыць з адвінавачаньня Някляева частку першую артыкула 342. Распавядае пра грубейшае парушэньне права Някляева на абарону. Просіць пракурора вынесьці з гэтай нагоды прыватнае вызначэньне.

Букштынаў не сьцьвярджае, што справа мае палітычны характар, але ад процістаяньня стаміліся ўсе: і ўлады, і грамадзтва. Час пераходзіць да паразуменьня і прымірэньня.

Пераходзіць да асобы Някляева — гэта творца. Таму ў яго абарону выступілі вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва сьвету.

Заля апладыруе.

10.41 Гучаць апладысмэнты.

10.40 Адвакатка: Наста была ў ізаляцыі, яна не атрымоўвала лісты нават ад бацькі. Адвакатка таксама атрымлівала адпіскі на скаргі ў органы перасьледу. Даволі часта праводзіліся сьледчыя дзеяньні, Наста адказвала шчыра і сумленна на ўсе пытаньні. Яна вельмі годна трымалася. Вельмі цяжка заставацца такой годнай асобай ў свае 20 гадоў! У Насты ёсьць бацька і брат. Бацька — інвалід другой групы. Адвакатка з ўсёй адказнасьцю, упэўнена можа сказаць, што ніякіх доказаў віны Насты не было. У працэсе ўсе паводзілі сябе вельмі годна і прыстойна. Адвакатка просіць высокі суд вынесьці справядлівае рашэньне.


10.35 Адвакатка пераходзіць да стратаў, якія нібыта былі ў прадпрыемстваў і арганізацый, што закрыліся падчас акцыі. Аналізуе прамову дзяржаўнага абвінаваўцы. Кажа, што ён агаварыўся, што Наста нібыта была на вуліцы Калектарнай. Што да відэаматэрыялаў, падчас суду быў адзін толькі стоп-кадр, дзе была Палажанка, а гаварыла голасам Статкевіча. Дзе Палажанка на плашчы, дзе яна, узначальвае калёну, дзе яна прамаўляе? Такіх кадраў няма!

Тэлефонныя размовы Насты таксама ні пра што ня сьведчаць. Многія матэрыялы справы атрыманыя з парушэньнем працэсуальных нормаў. Нататнік, дзе былі пазначаны людзі з Баранавічаў, таксама ні пра што ня сьведчыць. Спальныя мяшкі, што былі ў транспартных сродках, не выкарыстоўваліся па прызначэньні.

Наста правяла ў СІЗА КДБ амаль два месяцы. Мне, абаронцы, не ўдалося ні разу наведаць Насту ў СІЗА. На ўсе свае скаргі ў органы я атрымлівала адказы, якія можна назваць зьдзекам.

Адвакатка кажа, што не было забясьпечанае права на абарону.

10.08 Адвакатка Палажанкі тлумаць пра дазвольны прынцып правядзеньня масавых мерапрыемстваў, асаблівасьці беларускага заканадаўства. Пераходзіць на асобу сваёй падабароннай. Наста не зьяўлялася сябрам ініцыятыўнай групы ніводнага кандыдата.

Адвакатка адзначае, што агрэсіўна дзейнічала каля дзесятка асобаў, а на плошчы былі дзесяткі тысяч, якія прыбылі на мірную акцыю. Наста дапамагла толькі сваім сябрам разьмясьціцца на начлег.

У кватэры камфортна магло разьмясьціцца чалавек 5, дык пра якую масаваць можа ісьці гаворка? Тэлефонныя размовы Насты праслухоўваліся цягам трох дзён. Але і па іх можна меркаваць, што яна не была арганізатаркай масавага мерапрыемства. Яна толькі дапамагла некалькім сваім сябрам знайсьці дзе пераначаваць.

Ніякую інфармацыйную кампанію Наста Палажанка не арганізоўвала.

Спыняецца на спальніках, якія не зьяўляюцца доказам арганізацыі масавага мерапрыемства. Пераходзіць да дзеяньняў Насты на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што прадстаўнікоў улады, акрамя ДАІ, на плошчы не было. Гукаўзмацняльнай апаратуры не было. То бок што, плянавалася акцыя цішыні?

Пераконвае, што Наста не выводзіла людзей на праезную частку, не арганізоўвала іх. Не было яе на чале калёны.

Кажа, што на плошчу прыйшоў не натоўп, а людзі, якія самі прынялі рашэньне туды прыйсьці, дабравольна і самастойна.

Грамадзкі транспарт зрабіў мінімальны аб'езд плошчы па суседніх вуліцах. Гэта не было грубым парушэньнем ці спыненьнем руху транспарту.


10.02 Пачынае выступаць адвакатка Кацярына Пятровіч, абаронца Насты Палажанкі. Яна тлумачыць права грамадзянаў на свабоду мітынгаў, сходаў, масавых мерапрыемстваў.

10.00 Сёньня ў працэсе чакаюцца выступы адвакатаў Насты Палажанкі і Ўладзімера Някляева. Потым будуць апошнія словы абвінавачаных. На суд прыйшло вельмі шмат народу, трапілі ня ўсе. Сярод прысутных назіральнікі АБСЭ, дыпляматы, палітык Аляксандар Мілінкевіч, літаратары Ўладзімер Арлоў і Леанід Дранько-Майсюк, старшыня БАЖ Жанна Ліцьвіна ды іншыя.


Пракурор просіць:
Някляеву — 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Дзьмітрыеву — 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Фядуту — 2 гады ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Вазьняку — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады.
Рымашэўскаму — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Палажанцы — 1 год 6 месяцаў умоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год.

Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў, Ірына Мініна.


Суды за Плошчу
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай.

Першы дзень
Другі дзень
Трэці дзень
Чацьвёрты дзень
Пяты дзень
Шосты дзень
Сёмы дзень
Восьмы дзень
Дзявяты дзень
Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.
Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG