Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор: Статкевічу – 8 гадоў, Вусу – 7 гадоў, Класкоўскаму – 8,5 гадоў, Квяткевічу, Пазьняку, Буланаву, Грыбкову – па 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму


18 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску разглядае крымінальныя справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

16.15 Прысуд
будзе абвешчаны 20-га траўня ў 16 гадзін.

16.14 Выступае Пазьняк.


Дзякуй усім. Будзьце здаровы. Дапаможа вам Бог.

16.13 Апошняе слова Грыбкова.

Вінаватым сябе не лічу, ніякіх стратаў не нанёс, нікога не зьбіў. Прашу прабачэньня у блізкіх. Трымайцеся, дзякуй. Прашу прабачэньня ў кандыдатаў. Страх праходзіць, а сорам ніколі. Перад вынясеньнем прысуду — падумайце.

16.12 З апошнім словам выступае Буланаў.

Кажа, што спачатку хацеў напісаць аб тым, што было, апраўдацца, а потым вырашыў: навошта? за што апраўдвацца? за два ўдары нагой? Таму хачу падзякаваць тым, хто выказваў салідарнасьць, хто прыходзіў да Чырвонага касьцёла маліцца, хто прыходзіў на суд.

Хачу падзякаваць маёй маці, якая так шмат для мяне зрабіла, маёй грамадзянскай жонцы. Хачу спадзявацца, што прыстаўка «грамадзянская» хутка зьнікне. Я цябе люблю. І хачу падзякаваць майму адвакату. Усё.

16.10 З апошнім словам выступае Квяткевіч. Буду казаць коратка.
Прашу яшчэ раз прабачэньня за свой учынак, а далейшы мой лёс у вашых руках.

16.05 Апошняе слова Класкоўскага.



Абаронцы выступілі добра, я іх падтрымліваю. З ацэнкамі падзей 19 сьнежня я згодны. Дадаваць ня буду. З гледзішча выніку суду гэта ня мае ніякага значэньня. Пра сваю заяву, якую я зрабіў у сьледчым ізалятары 26-га сьнежня. Яе я зрабіў пад уплывам абставінаў. Усё астатняе я зьберагу да будучых працэсаў, пра гэтых невядомых супрацоўнікаў у масках ды іншыя рэчы.

Я ўжо не кажу пра тое, што з адвакатам я змог сустрэцца толькі праз 3 месяцы пасьля дамовы з адвакатам. Лісты жонкі атрымліваў раз на 2 месяцы.

Як у кожнага чалавека, мусіць, у мяне былі ўчынкі, якімі я не магу ганарыцца. Але 19 сьнежня быў на плошчы не натоўп, як кажуць, а беларуская нацыя. І я лічу за гонар, што быў там з тымі людзьмі.

16.02 Апошняе слова Вуса.



Без ідэі я не пайшоў бы на выбары. А ідэя мая — дамагчыся сапраўдных выбараў. У нас гэтага няма, Але я спадзяюся, што так будзе ў бліжэйшы час.

Я спадзяваўся сабраць мільён подпісаў, каб зьмяніць выбарчы закон. У нас жа ідзе прызначэньне зьверу. Гэтая сыстэма змагаецца не асабіста са мной. А змагаецца сыстэма супраць зьменаў. Меркаваў сабраць сто тысяч подпісаў за зьмены, але зараз думаю, што зьбяру мільён. А калі трэба пацярпець за праўду, то што ж, пацярплю.

15.45 Мікола Статкевіч пачаў апошняе слова.



Насамрэч 19 сьнежня было ў Беларусі злачынства і гэта зрабіў адзін кандыдат. Гэта захаваньне ўлады незаконным шляхам. Я рабіў усё, каб гэта прадухіліць.

Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей прымусіць уладу да закону.

У жыцьці бываюць прыклады, калі дзеля прадухіленьня цяжкага злачынства трэба ісьці на малое. Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства — расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць гэтага.

Яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым зразумелі, што гэта занадта. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца, зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.

Установы папярэдзілі загадзя, каб зачыніліся. маўляў, будуць масавыя беспарадкі. Правакацыя пачалася з нападу ў 19.30 на двух кандыдатаў. Людзі не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна. Далей на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі «ГУВД», калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Бо яны спрабавалі прадухіліць большае злачынства — краінай кіруе злачынца.

Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях. Нават больш: людзі бачылі, што там знутры кіраваў адзін камандзір, а потым сышоў, бо далі такую каманду.
Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей. Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта ж была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства — захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд. а яны напісалі — вадкасьць. Унікальная беларуская вада,якая не замярзае пры 14 градусах марозу.

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, судзьдзя — але насамрэч муляж. Як і з выбарамі — муляж. Парлямэнт — муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?

Нават нашу эканоміку праелі і паступова ператвараюць у муляж. як і беларускую валюту.

Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж — быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. Але гэта немагчыма без змаганьня.

Дзякую за мужнасьць тым, хто прыйшоў на плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся ў клетках. Хачу сказаць сваякам, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз гэта высокае месца. Вышэй, чым на тым канцы залі.

Зьвяртаюся да дыпляматаў — ня трэба прапаноўваць злачынцам грошы. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой.

15.44 Пракурор адмовіўся ад рэплікі.

15.15 Выступае адвакат Пазьняка Іван Жабко.

Кажа, што доказаў удзелу Пазьняка ў масавых беспарадках не сабрана. Відэа, на якім бачны Пазьняк, такім не зьяўляецца, бо на ім Пазьняка ўдарылі. Ён паваліўся, яму дапамаглі падняцца, але сам Пазьняк актыўных дзеяньняў ня робіць. Адвакат таксма мяркуе, што масавых беспарадкаў не было, а былі хліганскія дзеяньні лякальнага характару. Сярод іх Пазьняка не было, кажа адвакат. Пры гэтым відэа, якое ў судзе паказалі, адвакат ня лічыць доказам віны. «Знаходжаньне Пазьняка ў натоўпе ня ёсьць злачынствам», — кажа адвакат.

Адвакат распавёў, што Андрэй Пазьняк з Жодзіна, у Менск прыехаў за пакупкамі, на плошчы аказаўся выпадкова, бо стала цікава. Адвакат нагадаў паказаньні сьведкі міліцыянта Кулагі, які казаў, што затрымліваў Пазьняка, а ў судзе яго нават не пазнаў.

У масавых беспрадках мусяць быць пагромы, падпалы, узброены супраціў — нічога гэтага Пазьняк не рабіў.

На відэа няма кадраў, каб Пазьняк быў на ганку Дома ўраду. Ёсьць фотаздымак, дзе Пазьняк стаіць сярод іншых мітынгоўцаў. Але камэнтар да гэтага здымку сьледчага «Пазьняк рыхтуецца да прарыву ў Дом ураду» — беспадстаўны.

Пазьняк зьбіраўся ў сьнежні ажаніцца, але гэтыя пляны давялося адкласьці. Ён рабіў у жыцьці памылкі, але іх выпраўляў. Ён быў шараговым удзельнікам акцыі, панёс за гэта адміністрацыйнае пакараньне, усьвядоміў. Прашу апраўдаць майго падабароннага. Прысуд нельга засноўваць на меркаваньнях, а фактаў супраць падабароннага няма.

14.42 Пачала выступ адвакатка Буланава Ірына Тачкар.

Мы мяркуем, што ўсім абвінавачаным, якіх тут судзяць, выстаўлены беспадстаўныя і незаконныя абвінавачаньні.

Сьледзтва казала, што прыцягваюцца да адказнасьці найбольш актыўныя. Але адносна Буланава няма такіх доказаў. Пра яго ёсьць толькі тое, што ён нанёс 2 удары па шчытах. У аналізе доказаў дзяржаўнага абвінаваўцы толькі 15 сэкундаў часу ўдзелена Буланаву. Нагадала паказаньні Буланава, што той прыйшоў на мітынг з цікаўнасьці, застаўся на плошчы, бо было цікава, падыйшоў да ганку і двойчы ўдарыў па шчытах нагой. Пры гэтым ніякай маёмасьці не пашкодзіў. Няма ніякіх доказаў удзелу ў масавых беспарадках, няма ніводнага сьведкі, які б казаў, што Буланаў рабіў нешта незаконнае.

Толькі два міліцянты Ціхановіч і Маланка ў пратаколах адміністрацыйнага парушэньня казалі, што Буланаў выкрыкваў антыўрадавыя лёзунгі і браў актыўны ўдзел у мітынгу. Але за гэта ён адбыў 10 сутак. Прычым адбываў з траўмай галавы. Па галаве яму ўдарылі гумавай дубінкай. хаця паводле службовай інструкцыі, гэта забаронена.

На відэа запісу бачна, што Буланаў не спрабуе прарвацца ў Дом ураду, што гэта спантанная рэакцыя на падзеі. А чаму Дзьмітрый аказаўся каля дзьвярэй будынку? Для мяне відавочна, што людзі, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, не плянавалі шэсьцяў і мітынгаў. Яны плянавалі заставаца на плошчы, таму некаторыя бралі соль, каб сыпаць на лёд. Але атрымалася так, што пайшлі на плошчу Незалежнасьці.

Калі б у Буланава была мэта пранікнуць у Дом ураду, ён бы рабіў больш трывалыя дзеяньні. Ён проста праявіў свае пачуцьці. Немагчыма казаць і тое, што ён з кімсьці быў зьвязаны. Бачна, што ён адразу адышоў ад месца падзей, значыць, ні з кім не быў зьвязаны.

Таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў руках мітынгоўцаў не бачылі зброі ці нейкіх прадметаў, пра якія кажа сьледзтва. Не бачылі і таго, што засталося на плошчы. Спынілася на паказаньнях пацярпелых. «Іх і пацярпелымі цяжка назваць», — кажа адвакатка. На відэа няма ніводнага моманту агрэсіі з боку мітынгоўцаў, а вось з боку міліцыянтаў яе шмат. Бачна, што людзі ўгаворвалі міліцыянтаў, каб яны паводзілі сябе мірна. Паказаньні пацярпелых напісаныя як пад капірку.

Ніводны пацярпелы не ўказаў на Буланава, што ён ужываў гвалт.
Не было «бясчынствуючага натоўпу», а былі асобныя дзеяньні асобных грамадзянаў. Падабаронны двойчы піхнуў нагой па дрэву — і што гэта за ўдзел у масавых беспарадках?

Атрымліваецца, што штурм Дому ўраду быў з вудамі ў руках. Спынілася на асобе Буланава. Ён вырас у інтэлігентнай сям'і, маці выхавала яго вельмі прыстойна. Чаму пракурор не ўлічыў дыягназ, які паствілі Буланаву? У яго цяжкая хвароба суставаў і сэрца. Лячэньне Буланава ў турэмных умовах немагчыма.

Пазбаўленьне волі для Буланава можа прывесьці да пагрозы жыцьцю і здароўю, лічыць адвакат. Меру пакараньня, якую прапанаваў Буланаву пракурор, адвакат лічыць беспадстаўна жорстакай.

Просіць апраўдаць Буланава.


14.27 Выступае адвакат Арцёма Грыбкова спадарыня Шэльдава.

Зьвяртае ўвагу суду на незвычайны дзень, калі ўсё адбывалася — выбары, Людзі прышлі, бо спадзяваліся на перамены. Спынілася на асобе Грыбкова. Паводле адваката, на яго лёс паўплывалі супярэчлівыя абставіны. Часта яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці несправядліва, як лічыць адвакат. Гэтак было раней ў Карэлічах, дзе жыў Грыбкоў. Гэтак паўтарылася ў Менску 19 сьнежня, калі Грыбкова пакаралі за несанкцыянаванае шэсьце, хаця ён у ім ня ўдзельнічаў.

Адвакатка пагадзілася з калегамі, што няма складу злачынства, бо няма масавых беспарадкаў. Нанясеньне 15 удараў па шчытах, якія не прынесьлі нікому шкоды, нельга лічыць удзелам у масавых беспарадках. Доказаў таго, што Грыбкоў быў зь некім аб'яднаны ці быў хаця б знаёмы, сьледзтва не дало. Грыбкоў ня ўдзльнічаў у групе, якая ёсьць на відэа, з удзелам Класкоўскага. Няма доказаў, што ён працяглы час быў каля ўваходу ў Дом ураду. Ён сышоў з плошчы раней, чым скончыўся мітынг. Дзеяньняў, якія яму інкрымінуюць, ён не ўчыняў, максымум — адміністрацыйнае пакараньне, А за гэта ён ужо панёс адказнасьць. Грыбкова трэба апраўдаць. Што да прымусовага лячэньня ад алкагалізму, дакумэнты пра гэта непацьверджаныя. Гэтую меру да Грыбкова не ўжываць і грунтавацца на характарыстыках з апошняга месца працы і месца жыхарства.


14.13 Пачаў выступаць адвакат Квяткевіча Сяргей Новік. Нагадаў, што ягоны падабаронны прызнаў віну часткова — што да факту ўдараў у шкло і дзьверы. Адвакат далучыўся да меркаваньня калегаў, што масавых беспарадкаў не было.

Выказаўся супраць таго, як было складзена абвінавачаньне. Недазваляльна даказваць віну майго падабароннага дзеяньнямі іншых нявысьветленых людзей. Працытаваў абвінавачаньне, што Квяткевіч нібыта выкарыстоўваў рэчы, якія прынесьлі іншыя ўдзельнікі падзей.

Не высьветлена ў судзе, што мой падабаронны рабіў тое, што кажа сьледзтва. І ў ягоных дзеяньнях няма намеру. Мой падабаронны прызнаў, што нанёс тры ўдары па шклу, але ня болей за тое. Відэа з маім падабаронным ня можа быць прызнана доказам, бо няма пратаколу выняцьця гэтага відэа. Сьведкі Дудурчык і Налецкі паказалі, што ня бачылі, як падабаронны наносіў удары. Так, падабаронны ў дзень выпіў сьпіртнога, але з таго часу мінула шмат часу. Ён ня быў, як лічыць абвінавачаньне, пьяным.

Тым больш няма дадзеных экспэртызы. Прашу не прызнаваць гэта як абцяжарваючыя абставіны. Дзеяньні майго падабароннага варта было б лічыць хуліганствам. Пра асобу Квяткевіча — ён малады, яшчэ набіраецца жыцьцёвага досьведу. Адвакат просіць улічыць ягоныя станоўчыя характарыстыкі і апраўдаць.

13.50 — 14.11 Зараз «студэнтаў» у залі ўжо няма. Пачала выступ адвакат Класкоўскага Ірына Бурак.

Сказала, што ня будзе паўтараць тое, што ужо сказалі яе калегі. Падзялілася дэфініцыямі такога дзеяньня, як пагром, якое ўваходзіць у масавыя беспарадкі. Кажа, што прыкметаў пагрому, як пра гэта кажа даведчая ліітаратура, не было. «Сам характар нанесеных будынку стратаў кажа пра дзеяньні асобных людзей, а ня ўсёй масы мітынгоўцаў».

Нагадала, што людзі прыйшлі на плошчу Незалежнасьці дзеля мірнай акцыі і людзі гэтак сябе паводзілі. Пра гэта сьведчаць і пашкоджаньні. якія атрымалі міліцыянты, пацярпелыя Булавацкі ды іншыя. Гэта дробныя пашкоджаньні. Калі б была ў мітынгоўцаў зброя, як кажа сьледзтва, былі б пашкоджаньні значна больш істотныя.

Выснова адваката Ірыны Бурак: казаць пра тое, што былі масавыя беспарадкі, немагчыма. Былі асобныя факты таго, што асобныя людзі пабілі шкло і дзьверы Дома ўраду.

Якая роля Аляксандра Класкоўскага у тым, што адбылося? Класкоўскі прыйшоў на плошчу, каб выказаць сваю пазыцыю, прыйшоў бяз зброі, потым разам з усімі пайшоў на плошчу Незалежнасьці. У чым выявілася яго арганізацыйная роля? Чаму ён на Кастрычніцкай плошчы не пачынаў сваіх арганізацыйных дзеяньняў? Бо іх не было і не было такога у яго намеру. Потым таксама.

Тое, што кажа абвінавачаны, што Класкоўскі быў нападпітку, нічым не пацьверджана. Нават сьведка Зінкевіч, ня можа сьцвярджаць, што той быў нападпітку. Што было далей? Мы можам пэўна сцвярджаць, што Класкоўскі атрымаў траўму галавы. У яго, як бачна на відэа. кроў на галаве. Ягоныя дзеяньні маюць пэўную мэту — выказаць пратэст супраць гвалтоўных дзеяньняў супраць яго. І гэтым тлумачацца ўсе астатнія яго дзеяньні.

Тое, што Класкоўскі нібыта арганізатар, нават абвяргаецца матэрыяламі справы. Ён нікога ня ведаў з кіраўнікоў, ні з кім ня быў зьвязаны, ня меў тэхнічных прыладаў для арганізацыі. Як ён мог нешта арганізаваць? Ніяк.

Мяркую, што на арганізацыйныя дзеяньні просьба Класкоўскага «дайце мне сьцяг» ніяк не цягне.

Падняла загад аб звальненьні Класкоўскага зь міліцыі, у якім не гаворыцца аб пазбаўленьні яго адмысловага званьня — лейтэнант міліцыі. Таму няма і прысваеньня званьня, калі яно за ім захоўвалася. Мы бачым, што на ганку і перад супрацоўнікамі міліцыі Класкоўскі ў цывільнай куртцы, ягонага міліцэйскага кіцеля там ня бачна. Так, на фотаздымках ён у белай кашулі з гальштукам, у кіцелі, але мы гэтае відэа ня бачылі, яго не вывучалі і спасылацца на яго ня можам. Да паказаньняў пацярпелых, што Класкоўскі іх зьневажаў, трэба ставіцца крытычна. Што да паказаньняў пацярпелага Макарчука, то іх трэба ўспрымаць крытычна. Макарчука дапыталі ажно ў сакавіку. Ен кажа, што з інтэрнэту даведаўся пра Класкоўскага, толькі тады пазнаў яго.

Мяркую, што на арганізацыйныя дзеяньні просьба Класкоўскага «дайце мне сьцяг» ніяк не цягне.

Падняла загад аб звальненьні Класкоўскага зь міліцыі, у якім не гаворыцца аб пазбаўленьні яго адмысловага званьня — лейтэнант міліцыі. Таму няма і прысваеньня званьня, калі яно за ім захоўвалася. Мы бачым, што на ганку і перад супрацоўнікамі міліцыі Класкоўскі ў цывільнай куртцы, ягонага міліцэйскага кіцеля там ня бачна. Так, на фотаздымках ён у белай кашулі з гальштукам, у кіцелі, але мы гэтае відэа ня бачылі, яго не вывучалі і спасылацца на яго ня можам. Да паказаньняў пацярпелых, што Класкоўскі іх зьневажаў, трэба ставіцца крытычна. Што да паказаньняў пацярпелага Макарчука, то іх трэба ўспрымаць крытычна. Макарчука дапыталі ажно ў сакавіку. Ен кажа, што з інтэрнэту даведаўся пра Класкоўскага, толькі тады пазнаў яго.

Нагадала паказаньні Класкоўскага, які казаў, што заклікаў ня біць людзей і быў вельмі абураны тым, як паводзілі сябе некаторыя міліцыянты.

Паводле адваката Бурак, відэаздымкай віна Класкоўскага не пацьверджана. Улічваючы ўсё разам, просіць апраўдаць Класкоўскага па ўсіх абвінавачаньнях.

13.45 Паседжаньне неўзабаве адновіцца. У залю прыйшоў Павал Севярынец. Спачатку яго не пускалі, бо нібыта няма пашпарту, потым усё ж пусьцілі.

12.54 Перапынак да 13.40.

12.11 — 12.53 Пачала выступ адвакатка Тацяна Станкевіч, якая абараняе Міколу Статкевіча.


Можна пагадзіцца, што Статкевіч меў адносіны да несанкцыянаванай акцыі 19 сьнежня, але не магу пагадзіцца, што падаабаронны мае адносіны да масавых беспарадкаў, якіх з большага не было. Падчас шэсьця не было зафіксавана ніводнага факту парушэньня парадку.

Выхад на праезную частку можа быць прыкметай групавых дзеяньняў, які парушылі грамадзкі парадак, але ніяк не масавыя беспарадкі. Пасьля шэсьця на плошчы Незалежнасьці карціна ня моцна зьмянілася. Мы бачылі на відэа велізарную колькасьць людзей, якія паводзілі сябе мірна. І толькі праз нейкі час невялікая колькасьць, да 30 чалавек, пачынаюць біць шкло і дзьверы. Ці былі гэтыя дзеяньні масавымі? Не, бо іх не падтрымалі. Большасьць пра іх і ня ведала.

Калі прааналізаваць усе відэазапісы, мы бачым толькі 3 групы людзей, якія бьюцца ў дзьверы. Першая — невялікая група — з Класкоўскім. Другая — два мужчыны, якія манатонна бьюць і ніхто ім не дапамагае. і трэцяя група — яшчэ тры чалавекі. Прычым бачна, што побач зь імі вокны, у якія ніхто ня ломіцца.

Пасьля зьяўленьня спэцназу бачна, што людзі сталі зьлейшыя, эмацыйна рэагуюць, у тым ліку на адрас міліцыі. Чаму гэта адбывалася? Відаць, нехта атрымаў ужо ад спэцназаўцаў, нехта разумеў, што разгон усё роўна будзе. Людзі, якія прыйшлі на плошчу, пратэставалі, хацелі нечага дамагчыся і рузумеюць, што не дамогуцца. Лічу, што у той момант людзі і адрасавалі сваё незадавальненьне міліцыі. Але і тады было па-рознаму. Адны зьневажалі, іншыя крычалі, што «мы — адзін народ».

Мы бачылі, што на прарыў кідаліся невялікія групы людзей. Вось былі паказаньні міліцыянта Гушчы. Ён казаў, што адны людзі паспрабавалі прарвацца, не атрымалася, яны адышлі. Гэта пацьвярджае, што актыўна дзейнічала няшмат люзей. Пра арганізаваныя дзеяньні казаць не даводзіцца. Такім чынам, я лічу, што і на плошчы Незалежнасьці не было «бесчынствуючага натоўпу».

Што да рэчаў у руках дэманстрантаў — мяркую, ня знойдзна доказаў, што ў іх былі такія рэчы. Не таму, што двойчы нельга праводзіць агляд месца здарэньня. Ня веру, што прадметы, як 60 заточаных арматур, маглі застацца на зямлі праз працяглы час пасьля падзей. І на відэазапісах мы ня бачылі такіх прадметаў. Не магу казаць пра фальсыфікацыю доказаў, але скажу пра сумненьні. асабліва таму, што нам невядома ніводнага чалавека, які іх прынёс туды. І невядомы ніхто, хто ад іх пацярпеў.

Што да падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву — то іх не было пэўна. Экспэртыза пэўна высьветліла, што гаручай вадкасьці ў бутэльках не было. Таму і казаць пра падпалы і нават спробу падпалу немагчыма. Але калі няма зброі, то няма і ўзброенага супраціву.

Такім чынам і на плошчы Незалежнасьці было толькі несанкцыянаванае мерапрыемства, якое, ня буду спрачацца, парушала грамадзкі парадак. І лякальныя хуліганскія дзеяньні.

Мяркуецца, што ў масавых беспарадках мусіць быць намер. Статкевіч прадбачыў, што выбары будуць фальшаваць і думаў, як гэта прадухіліць. Ён меркаваў, што вялікія сходы людзей паўплываюць на тых, хто лічыць галасы.

Пры гэтым ён заўсёды меркаваў, што акцыя будзе мірнай і пра гэта казаў. Гэтак і на сустрэчы ў Магілёве, якую мы праглядзелі, ён кажа, што мы не плянуем гвалту. 30 лістапада па БТ Статкевіч казаў, што акцыя будзе мірнай. як і 24 лістапада. Расцэньваць словы Статкевіча пра тое, што ён хоча «націснуць на ўладу» як заклік да беспарадкаў — няправільна.

Статкевіч казаў, што чым нас будзе болей, тым меншы будзе працэнт фальсыфікацый. Ціск меркаваўся псыхалягічны. Статкевіч прызнаваў, што акцыя будзе несанкцыянаванай, але гэта не значыць, што рыхтуецца злачынсвтва.

Тое, што ён казаў "прыйдзем і забярэм выбары«— гэта намер вярнуць людзям права на сапраўдныя выбары. Ці былі іншыя асобы ў змове са Статкевічам? Невядома, сьледзтва тут не дае доказаў.

Трэба ацэньваць выключна дзеяньні Статкевіча, а ня іншых асобаў. Пра змову з Вусам немагчыма казаць. Статкевіч насамрэч адразу меркаваў сабраць люзей на плошчы і кіраваць імі на плошчы, але кіраўніцтва не атрымалася. І няма доказаў, што ён кіраваў. Немагчыма па відэа меркаваць пра тое, ці падзейнічалі на людзей словы Статкевіча на Кастрычнцкай плошчы. На плошчы Незалежнасьці, паводле абвінавачаньня, Статкевіч нібыта заклікаў натоўп захапіць Дом ураду. Ён там выступаў двойчы, каля касьцёлу і ля помніка Леніну, казаў, што зараз пойдуць на перамовы. Потым нам відэа паказвае, як Статкевіч «па калідоры» праходзіць да будынку. Больш ніякіх дзеяньняў не зафіксавана. Ці можна трактаваць словы «мы подзем на перамовы» як заклік да гвалту? На мой погляд, не. Але чаму людзі пачалі біць шкло? Як сказаў сьведка Лябедзька, у вялікім натоўпе дастаткова некалькі чалавек, каб іх прыклад падзейнічаў. Магчыма, і тут была правакацыя, ня ведаю. Але відэа зафіксавала, што некалькі такіх людзей было, якія заклікалі пэўна. Статкевіча сярод іх не было.

Абвінавачаныя кажуць, што не на заклік Статкевіча яны пачалі гэта рабіць. Пракурор згадваў паказаньні Квяткевіча на сьледзтве, што на яго паўплывалі словы Статкевіча. Доказаў гэтаму няма ў справе, а Квяткевіч у судзе ад гэтага адмовіўся.

Мяркую, Статкевіч ні ў яікім разе не хацеў арганізоўваць масавыя беспарадкі. Ён зьбіраўся кіраваць, гэта так. Рыхтаваў нейкі штандар, гукаўзмацняльную апаратуру, але гэта да атрымалася.

Доказы сьледзтва адносна тэлефоннай размовы Лябедзькі і перапіскі Марцалева нельга лічыць доказамі супраць Статкевіча. Лябедзька патлумачыў, што не памятае такой размовы. а Марцалева суд не дапытаў. Тэлефонную размову Статкевіча са Сманцарам таксма нельга лічыць доказам. Адвакат Станкевіч мяркуе, што прызнаць вінаватым Статкевіча нельга і па гэтаму артуыкулу яго немагчыма прыцягваць да адказнасьці.

11.33 — 12.10 Пачаў выступаць абаронца Вуса Ўладзімер Сазанчук.
Кажа, што абвінавачаньне Вусу не пацьверджанае. Прапануе прааналізаваць абвінавачаньне, тое, ці мелі месца масавыя беспарадкі наогул. А таксама ўдзел у гэтым Вуса.

Цытуе кодэкс адносна дэфініцыі пра масавыя беспарадкі. Заўважае, што закон не вызначае, што такое масавыя беспарадкі. Мае значэньне, колькі асобаў зрабілі злачыныя праявы, іх цяжкасьць, наступствы. Зьвесткі пра колькасьць у справе адсутнічаюць, Тое, што справы раздробленыя паказвае, што адзінага деяньня не было. Масавасьць шэсьця зусім ня сьведчыць пра масавасьць біцьця шкла і дзьвярэй. У гэтым бралі ўдзел ня болей 20 чалавек.

Асноўная частка ніякіх сілавых дзеяньняў не рабіла. Зь відэа бачна, што беспарадкі былі на вельмі малой тэрыторыі. Большасьць мітынгоўцаў нават ня ведалі, што там адбывалася каля Дома ўраду.

Усяго нанесена шкоды на 14 мільёнаў, тры кусты ядлоўца патаптаныя і некалькі ссадзінаў амапаўцам — гэта не масавыя беспарадкі. А масавыя беспарадкі мусяць суправаджацца гвалтам над асобай, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці. А гэтага не было.

Падрабязна разьбірае ўсе гэтыя складнікі. Ніводнага факту гвалту над асобамі з боку дэманстранаў не зафіксавна. Пра гэта сьведчылі і самі міліцыянты, у тым ліку з ДАІ.

Пагромаў, падпалаў не было. Маёмасьці не зьнішчылі, а пашкодзілі і гэта ўжо кампэнсавана. Абвінавачыным не выставілі прэтэнзій. Узброенага супраціву не было. На відэ гэтага ня бачна, сьведкі не пацьвердзілі. Не ўстаноўлена адкуль узяліся рэчавыя доказы, якія сьледзтва знайшло на плошчы, Паводле адкаката, на відэа бачна, што плошча была чыстая, калі разагналі мітынгоўцаў.

Такім чынам, аналіз складу злачынства паказвае, што гэтага складу не было і нельга кваліфікаваць дзеяньні як масавыя беспарадкі.

Вусу інкрымінаваныя наўпроставыя дзеяньні, а доказў іх няма. І ён сябе выніватым не прызнае. Ён не адмаўляе, што ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі і тлумачыць, што рабіў гэта закона і законна дамагаўся зьменаў у выбарчым законе. У справе няма доказаў, што Вус нешта плянаваў злачыннае, меў задуму, прадбачыў і жадаў пэўных наступстваў.

Тое, пра што кажа сьледзтва, што быццам ён плянаваў і заклікаў на плошчу, а потым узначаліў «бесчынствуючы натоўп», і выкарыстаў людзей як інструмэнт — гэта няпраўда, бо не пацьверджана доказамі. З відэ мы бачым, што людзі ідуць мірна падчас шэсьця. Пра гэта паказвалі сьведкі Лябедзька і супрацоўнікі ДАІ. У матэрыялах справы няма ніякіх доказаў іншага. Што да Вуса, ён сышоў з плошчы Незалежнасьці дахаты яшчэ да біцьця вокнаў. Яго там больш ніхто ня бачыў, камэры яго не зьнялі.

Тое, што сказаў Вус адносна Карзюка, што стане генэралам — гэта ня больш чым жарт, а не арганізацыя масавых беспарадкаў. Давайце не сьмяшыць цывілізаваны сьвет. У залі сядзяць назіральнікі АБСЭ, — сказаў адкават. Што да нібыта зьвестак аб міліцыі вакол плошчы — гэта звычайны абмен інфармацыяй паміж людзьмі. Такія размовы ў той вечар былі шмат у каго ў менчукоў. Камэндантскага часу не было, усе маглі хадзіць і бачыць. Гэтак можна б было выставіць абвінавачаньне і сыну Вуса Івану, якому 14 гадоў, які нібыта «сабраў» гэтыя зьвесткі і паведаміў свайму бацьку. Не магу не выказаць неразуменьня непасьлядоўнасьцю органаў. Адным выставілі абвінавачанье ў арганізацыі масавых беспарадкаў, як Вусу, а іншым 293 артыкул, пра групавыя дзеяньні, пры тых жа наступствах.

Вус ня мае судзімасьці, кіруе невялікім прадпрыемствам, якое дае працу грамадзянам. Яго прадпрыемства аказвала спонсарскую дапамогу людзям. Фактчына, ён інвалід, ў яго была 2-ая група, ён проста яе не пацьвердзіў, каб не адчуваць сябе непаўнавартасным. У яго на ўтрыманьні сын ад першай памерлай жонкі, пяцімесячны сын, хворая маці.

Прашу апраўдаць Вуса — толькі такі прысуд будзе законым.

11.14 У судзе перапынак на 10 хвілін.

11.13 Пракурор просіць:

Статкевічу — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Вусу — 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Класкоўскаму — 8 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Квяткевічу —
4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Пазьняку — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Буланаву — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Грыбкову — 4 гады з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.


Пракурор папрасіў узяць Вуса пад варту ў залі суду адразу пасьля вынясеньня прысуду.

10.20 — 11.10 Пракурор выкладае пазыцыі абвінавачаных. Што Статкевіч не прызнае сябе вінаватым і падчас сьледзтва паказаньняў не даваў. Пра паказаньні Класкоўскага і Вуса пракурор кажа, што яны давалі супярэчлівыя паказаньні, каб ухіліцца ад адказнасьці.

Абвінавачаны Квяткевіч, паводле пракурора, прызнаў, што быў на мітынгу, чуў выступ Статкевіча з заклікам ісьці да Дому ўраду дзеля перамоваў. Ён таксама падышоў і нанёс 3 удары з хулігансткіх мэтаў, быў на падпітку. На сьледзтве Квяткевіч казаў, што паддаўся на заклік Статкевіча. На судзе паказаньні зьмяніў, але важкіх прычын зьмены паказаньняў не назваў.

Буланаў прызнаў, што нанёс як меней 3 удары пад уплывам натоўпу. Паказаў, што ня меў намеру ўвайсьці ў Дом ураду.

Грыбкоў казаў. што ня меў намеру ўрывацца ў Дом ураду, а наносіў удары пад уплывам натоўпу. Але на сьледзтве ён казаў, што прыйшоў пабіцца зь міліцыяй і важкіх прычын зьмены паказаньня ня даў.

Пазьняк сказаў, што нічога ня біў. З паказаньняў сьведак аднак вынікае, што абвінавачаныя вінаватыя ў злачынстве. Пракурор пералічыў сьведчаньні міліцыянтаў. Цытаваў іх адносна агрэсіўнасьці мітынгоўцаў, іх зладжаных дзеяньняў. Нагадаў пра пабоі, цялесны боль і траўмы. Таксама нагадаў. што быў выкарыстаны парашковы вогнетушыцель. Пералічыў траўмы пацярпелых. Адносна яшчэ больш чым 10 пацярпелых пракурор нагадаў, што яны зьвярталіся у шпіталь. Але прызнаў, што ступень цяжкасьці траўмаў вызначыць не ўдалося.

Адносна Класкоўскага пракурор нагадаў, што той зьневажаў і штурхаў пацярпелага Зінкевіча.

На месцы здарэньня знайшлі палкі, жалезныя пруты, балёнчыкі, бутэлькі з нейкай вадкасьцю. магчыма гаручай. Гэта сьведчыць пра тое, што мітынгоўцы загадзя падрыхтаваліся да злачынства, мяркуе пракурор. Высновы пра фальсыфікацыю рэчавых доказаў, пра што казаў Статкевіч, не прымаюцца, бо гэта не пацьверджана.

У якасьці доказаў пракурор назваў відэа і аўдыё запісы. Таксама выказваньні Статкевіча і Вуса пра надуманасьць фальшаваньня выбараў. Пракурор прывёў паказаньні сьведак, якія бралі ўдзел у сходах з выбарцамі, на якіх Статкевіч і Вус заклікалі «ціснуць на ўладу» і запэўніў, што сам будзе сярод мітынгоўцаў.

Спасылаецца на паказаньні сьведкі, начальніка ДАІ Менска Карзюка, які паказаў, што калёна дэманстрантаў са Статкевічам, Вусам ды іншымі выйшла на праезную частку. Патрабаваньне ДАІ праігнаравалі. Статкевіч і Вус ішлі ў ліку першых.

Сьведкі Чарнабай і іншыя паказалі, што Вус патрабаваў прапусьціць абяцаючы генэральскі чын міліцыянту. Пракурор спаслаўся, што ўлады Менска не давалі дазвол на акцыі на плошчах.

Пракурор спасылаецца на паказаньні сьведак з «Эўрасеткі» пра спыненьне працы з 21.00 у сувязі з мітынгам, на адказ з банку адносна закрыцьця пункту абмену валют, сьведчаньне супрацоўніка мэтро, што мэтро зачынялася на «Кастрычніцкай» і «Купалаўскай».

Спасылаецца на паказаньні супрацоўніка палаца культуры прафсаюзаў, на адказ з «Макдональдсу» ( з 20.15 да 24.00 быў зачынены і нібыта страты склалі 8 мільёнаў), на прыватнае прадпрыемства «Канапацкі» і Мінсктранс, якія таксама мелі страты.

Спасылаецца на дакумэнт, знойдзены падчас ператрусу ў Статкевіча, паводле якога перамагчы ў недэмакратычнай краіне можна толькі праз сілавыя захады. Пералік захадаў, каб гэтага дамагчыся. Падпісана Някляевым, Лябедзькам ды іншымі.

Тое, што Статкевіч і Вус вялі выбарчую кампанію разам, пацьверджана і паказаньнямі сьведкі Ліштвана, які паказаў, што прыносіў падпісныя лісты за Статкевіча ў офіс Вуса і там атрымліваў грошы.

Пералічвае відэазапісы з плошчы Незалежнасьці, ў тым ліку як Статкевіч з Саньнікавым ідуць праз «калідор» да Дому ўраду. Відэазапіс звароту да вайскоўцаў, дзе Статкевіч заклікае не падпарадкоўвацца загадам. Згадваецца размова па тэлефоне з бізнэсоўцам Сманцарам, у якой Статкевіч кажа, што ня можа пранікнуць у Дом ураду, бо там засеў АМАП.

Прыводзіцца размова Статкевіча з Вусам у 19.30 па тэлефоне пра наяўнасьць міліцыянтаў вакол Кастрычніцкай плошчы, ён выказвае думку, што сілаў ня хопіць, калі ня прыйдзе шмат людзей.

Відэа размовы Статкевіча і Вуса з супрацоўнікамі ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. Размова Марцалева па скайпу, што «будзе рэвалюцыя і Статкевіч усіх парве». Прыводзяцца дакумэнты. што Статкевіча неаднаразова папярэджвалі, што акцыя не дазволена.

Ацаніў словы сьведак Лябедзькі і Макаева, якія мяркуюць, што гэта была правакацыя сілавікоў. Што яны даўно ведаюць Статкевіча і дапамагаюць яму пазьбегнуць адказнасьці.

Пра Класкоўскага: згадаў ягоныя дзеяньні, як ён просіць сьцяг, спрабуе прарвацца ў Дом ураду. Што ён апрануты ў міліцэйскую курту. Злачынныя дзеяньні Класкоўскага суправаджаліся крыкамі: «Міліцыя з народам». Класкоўскі на сьледзтве прызнаў віну і раскаяўся. Нагадаў, што у 2005 годзе Класкоўскі быў звольнены зь міліцыі.

Пра Квяткевіча пракурор кажа, што ягоныя дзеяньні зафіксаваныя на відэа, як ён наносіць удары. Прыводзяцца паказаньні сьведак, якія яго затрымлівалі. Знойдзены шалік, якім Квяткоўскі закрываў твар.

Пра Буланава: зь відэа бачна, што ён нанёс правай нагой 2 удары па агароджы.

Пра Грыбкова, што ён нанёс ня меней за 15 удараў па дзьвярах, сьведка ягонага затрыманьня — Цярэшчанка.

Пра Пазьняка, што ён быў у першых шэрагах, быў найбольш актыўны, нецэнзурна лаяўся, вёў сябе агрэсіўна пры затрыманьні.

Высновы: заявы Пазьняка, Грыбкова, Буланава, Класкоўскага, што яны не былі актыўнымі удзельнікамі, не пацьверджана доказамі. Такім чынам, яны бралі ўдзел у масавых беспарадках. Паказаньні Пазьняка несапраўдныя, бо пра іншае сьведчыць відэазапіс. Адносна іх правільная кваліфікацыя — удзел у масавых беспарадкаў. Да таго ж Класкоўскі падбухторваў дзеяньні натоўпу і заклікаў. Таму адносна яго правільна і арганізацыя. Да таго ж ён публічна зьняважыў міліцыянтаў. Таксама сьвядома падманваў адносна свайго статусу і паўнамоцтваў.

Віна Статкевіча і Вуса, адносна арганізацыі масавых беспарадкаў, паводле абвінавачаньня, даказаная. Статкевіч неаднаразова заклікаў, сам удзельнічаў. Вус яго падтрымліваў і казаў, што галасаваць бессэнсоўна. Статкевіч і Вус ведалі пэўна пра незаконнасьць акцыі. Вус паведаміў Статкевічу пра сілы і сродкі міліцыі вакол плошчы. Статкевіч на плошчы выказаў заведама ілжывыя зьвесткі, што Лукашэнка набраў толькі 30 % галасоў.

На плошчы Незалежнасьці Статкевіч выказаў заклік, які людзі ўспрынялі як заклік да злачынных дзеяньняў і сам пайшоў да Дома ўраду. Статкеівч і Вус дзейнічалі разам, збор подпісаў за Статкевіча фінансаваўся Вусам. Статкевіч разглядаўся як асноўны кандыдат, Вус — запасны. Кваліфікацыя іх дзеяньняў, як арганізацыя масавых беспарадкаў, правільная.

Трэба ўлічыць, што Статкевіч быў неаднаразова судзімы. Класкоўскі — не, Буланаў — не, Грыбкоў — прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Мае дыягназ сындром залежнасьці ад алькаголю. Яму патрэбна прымусовае лячэньня ад алькагалізму. Пазьняк стаіць на прафіляктычным уліку, мае адносіны з раней судзімымі. Квяткевіч — раней быў судзімы на 3 гады. Абвінавачаны Вус раней не судзімы, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.

10.15 Працэс аднавіўся. Судзьдзя абвяшчае судовыя спрэчкі і дае слова пракурору Кірылу Чубкаўцу. Пракурор адзначыў адразу, што гэта справа неардынарная, бо на лаве падсудных два кандыдаты на прэзыдэнта. Паводле пракурора Статкевіч і Вус арганізавалі масавыя беспарадкі, таксама арганізаваў і прыянў удзел у масавых беспарадках Класкоўскі.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Кірыл Чубкавец.
Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым

Першы дзень Трэці дзень
Чацьвёрты дзень
Пяты дзень
Шосты дзень
Арцём Грыбкоў

Арцём Грыбкоў нарадзіўся 6 студзеня 1989 году ў Карэлічах.

Вучыўся ў менскім каледжы лёгкай прамысловасьці.

Ні ў якіх партыях ня быў, не захапляўся палітыкай.

Працаваў у гандлёвым цэнтры «Гіпа» грузчыкам і прасаўшчыком гідраўлічнага прэса.

Затрымалі 19 сьнежня 2010. У СІЗА ў Жодзіне адбыў 10 сутак. 12 студзеня зь месца працы забралі ў СІЗА на Валадарскага. Потым вызвалілі і затрымалі другі раз, трымалі ў СІЗА КДБ.
Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Андрэй Пазьняк
Нарадзіўся 20 траўня 1977 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі прафэсійны ліцэй, 14 гадоў працаваў электраманцёрам на БелАЗе.

Палітыкай не займаўся. Ня быў сябрам ніякіх партый і арганізацый.

Вырас у спартыўнай сям’і, заўсёды захапляўся футболам, займаўся ім, быў заўзятарам БАТЭ.

Мае 10-гадовую дачку.

Утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG