Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Скурко: "Папярэджаньні "Нашай ніве" занадта фармальныя"


18 траўня судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі Віктар Курыла будзе разглядаць скаргу недзяржаўнай газэты "Наша ніва" на трэцяе папярэджаньне выданьню з боку Міністэрства інфармацыі. Яно было вынесенае 14 красавіка, а 29 красавіка "Наша ніва" яго абскардзіла.

У судзьдзі Віктара Курылы знаходзяцца адразу дзьве судовыя справы, якія зьвязаныя з "Нашай нівай" і Міністэрствам інфармацыі. Зь ініцыятывы міністэрства ўзбуджаная справа пра спыненьне выданьня газэты. Рэдакцыя ў сваю чаргу хадайнічае пра скасаваньне папярэджаньня ад 14 красавіка.

Віктар Курыла вырашыў спачатку разгледзіць скаргу "Нашай нівы". Такое рашэньне, як сьведчаць экспэрты, мае сваю лёгіку. Калі суд скасуе папярэджаньне ад 14 красавіка, тады ў Міністэрства інфармацыі аўтаматычна адпадзе пазоў пра закрыцьцё выданьня. Справа ў тым, што спыніць выхад выданьня можна тады, калі яно цягам аднаго каляндарнага году атрымала ня меней за два папярэджаньні. Аднак узбуджаць такую справу міністэрства можа не пазьней за два месяцы ад часу вынясеньня папярэджаньня.

У "Нашай нівы" папярэджаньне ад 14 красавіка трэцяе. “Але, -- кажа яе рэдактар Андрэй Скурко, -- першыя два папярэджаньні мы атрымлівалі яшчэ летась у ліпені. То бок, яны задаўненыя і сваю сілу губляюць. На працягу двух месяцаў пасьля таго, як далі папярэджаньні, можна пачынаць справу аб ліквідацыі. А калі пазьней, то ўжо – не. І таму, ад таго адменяць трэцяе папярэджаньне альбо не, залежыць і ці будзе законная падстава закрываць газэту".

Спадар Скурко таксама лічыць, што ўсе тры папярэджаньні занадта
фармальныя для таго, каб ліквідаваць газэту "Наша ніва": "Што тычыцца апошняга папярэджаньня і той спрэчнай сытуацыі з Марынай Шубіч і наагул з трагедыяй 11 красавіка ў мэтро, то сапраўды ў першыя хвіліны, першыя гадзіны пасьля гэтай трагедыі мы лічылі сваім абавязкам даваць максымум інфармацыі пра тое, што адбываецца. Ясна, што ў гэтай
агенцкай плыні інфармацыі з-за таго, што людзі былі ў шоку, яны маглі
даваць нам нейкія неправераныя сьведчаньні. Аднак памыляліся ўсе. Нават сілавыя структуры, якія запісалі ў сьпіс загінулых некалькі жывых людзей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG