Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус, якога цяпер судзяць у судзе Ленінскага раёну Менску па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня, расказаў Радыё Свабода пра хаду працэсу і актуальную грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне.

Абламейка: Сёньня быў шосты дзень працэсу над вамі і вашымі паплечнікамі. Судовае сьледзтва скончана. Заўтра пачнуцца спрэчкі бакоў. Як вы ацэньваеце ход працэсу?

Вус: Доказнай базы ў боку абвінавачаньня няма. Сёньня быў такі выпадак: Мікалай Статкевіч падаў хадайніцтва аб адмене экспэртызаў наконт бутэлек на Плошчы нібыта з запальнай сумесьсю. У іх была незамерзлая вада. Адвакат не паленаваўся, даведаўся тэмпэратуру паветра на той момант, 19 сьнежня - 14-16 градусаў марозу ў горадзе Менску. А пратаколы складаліся пачынаючы з 4 гадзін ночы. Выходзіць, што тыя бутэлькі былі сфальсыфікаваныя, бо вада ў іх не была замёрзлая. Праляжаўшы ад поўначы на марозе вада ў бутэльках не замерзла... Тое самае датычыць арматуры, якая таксама фігуруе ў справе - нібыта 64 заточаныя пруты арматуры знойдзена на Плошчы. Таксама ніхто зь сьведкаў яе ня бачыў, нікога ёй ня білі, але яна прысутная ў справе.

Карацей, нас вінавацяць нібыта мы арганізоўвалі ўзброены супраціў або непарадкі, але доказнай базы ніякай няма - як з боку сьведкаў, гэтак і з боку нібыта пацярпелых амонаўцаў. Ніхто іх гэтай арматурай ня біў, ня кідаў бутэлькі з запальнай сумесьсю. Былі там групы нейкіх няпэўных асобаў, якія хацелі, скажам так, распачаць непарадкі, але колькасьць іх была нязначная. Выбарцаў на Плошчы было каля 50 тысячаў або, можа, 40, людзі паводзілі сябе спакойна, годна. Нехта там каля Дома ўраду – 20-30 чалавек – выскачылі і пачалі біць шкляныя дзьверы, гэта былі правакатары. Чые яны – невядома. І што самае цікавае – усе пацярпелыя ў адзін голас 40 чалавек амонаўцаў, якія нібыта атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджаньні, кажуць, што нікога ня бачылі, нікога не апазналі з тых людзей, якія нібыта рабілі ў дачыненьні да іх правапарушэньні. Ніхто нікога не апазнаў.

Я выступіў з хадайніцтвам перад судом, каб далі зьвесткі з Дому ўраду – бо гэта дзяржаўны будынак – каб далі відэа з камэраў сачэньня, як амонаўцаў б'юць дубінкамі ці палкамі. Хадайніцтва падтрымаў мой адвакат, усе абвінавачаныя і іх адвакаты, але пракурор адмовіў.

Карацей, да сутнасьці справы ў гэтым працэсе ня хоча дабрацца абвінавачаньне. Хто там стаяў за гэтымі справамі, хто біў гэтых амонаўцаў – ніводнага затрыманага няма. 50 амонаўцаў нібыта зьбітыя, а пасьля праз два тыдні экспэртыза паказвае, што ў іх нібыта ўжо ніякіх цялесных пашкоджаньняў няма.

Так што сказаць, што суд прымае ўсе пытаньні як з боку абароны, так і з боку абвінавачаньня – гэта ня так. Суд хутчэй за ўсё падтрымлівае бок абвінавачаньня, і таму прысуд хутчэй за ўсё будзе такі, які запатрабуе абвінавачаньне.

Абламейка: Андрэй Саньнікаў, як вядома, асуджаны, да 5 гадоў пазбаўленьня волі. З матэрыялаў працэсу над вамі вядома, што вы шлі на чале калёны разам з Саньнікавым і Статкевічам. Вас абвінавачваюць у арганізацыі беспарадкаў у змове са Статкевічам. Якім, на вашу думку, можа быць прысуд?

Вус: Вы ведаеце, хто ў нас вызначае вынік судоў. Якая будзе думка гэтага чалавека, такі будзе й прысуд. Я ня ведаю, што ў таго чалавека ў галаве, дык і не магу сказаць. Пабачым, тут ужо нядоўга засталося.

Абламейка: У выпадку, калі вас зьняволяць, хто будзе апекавацца вашай сям’ёй?

Вус: Жонка будзе працаваць, напэўна, што ж рабіць...

Абламейка: Як вашыя блізкія і родныя ўспрымаюць працэс над вамі?

Вус: Абураюцца незаконнасьцю, несправядлівасьцю. Няма за што судзіць. Фактычна матэрыялаў справы няма, нават паўтома, ніякіх абвінавачаньняў, ні прамых, ні ўскосных, толькі што сын Іван схадзіў нібыта падлічыў спэцмашыны з амонаўцамі - «правёў выведку» - вы ведаеце гэты анэкдот, Іван схадзіў, а пасьля я пазваніў і сказаў, што там стаяць амонаўцы, і гэта яны бяруць за аснову ўсяго абвінавачаньня ў «масавых непарадках».

Абламейка: Як вы ацэньваеце эканамічную і грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне?

Вус: Я магу сказаць пра тых, хто займаецца імпартам – я сёньня сустракаўся з прадпрымальнікамі, ужо вельмі высокі курс даляра, кажуць 5500 або нават 6200 – эканамічныя цэны на імпартныя тавары вырасьлі ўдвая толькі дзеля валюты. Адпаведна сыравіна, якая паступае з-за мяжы, таксама падаражэе ўдвая ў пераліку на беларускія рублі, і праз год спыніцца вытворчасьць, бо ўсе праядуць свае абарачальныя сродкі з-за інфляцыі. Інфляцыя ідзе з такой сілай, што вытворчасьцю займацца невыгодна, ну хіба што толькі прадукцыю, якая вельмі хутка рэалізуецца.

Абламейка: Сёньня многія выказваюць меркаваньне, што хуткія палітычныя перамены ў Беларусі непазьбежныя. Ці падзяляеце вы гэтае меркаваньне?

Вус: Падзяляю. Мы нават акцыю такую задумалі – незалежна ад таго пасадзяць мяне ці не пасадзяць – увосень пачаць зьбіраць подпісы за новае выбарчае заканадаўства. Трэба стварыць грамадзкую думку і сабраць каля мільёну подпісаў, каб зьмяніць выбарчае заканадаўства. Гэта будзе сур'ёзная палітычная акцыя. А пасьля гэтага ў 2012 годзе – выбары ў Нацыянальны Сход, ужо з новым законам, новымі незалежнымі тэрытарыяльнымі і ўчастковымі камісіямі – спадзяюся, гэта ўсё ўжо будзе будзе працаваць...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG