Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Кудрын тлумачыць умовы расейскага крэдыту


Аляксей Кудрын
Аляксей Кудрын
17 траўня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясьніковічам паведаміў, што Расея гатовая даць Беларусі крэдыт памерам каля 6 мільярдаў даляраў. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын утой жа дзень агучыў сваю інтэрпрэтацыю сытуацыі.

Перамовы па выдзяленьні Беларусі крэдыту на суму 3 млрд. даляраў з фонду ЭўрАзЭС (па адным мільярдзе за год у 2011-2013 гадах) будуць завершаныя найбліжэйшымі днямі, паведаміў віцэ-прэм'ер - міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын па выніках пасяджэньня прэзыдыюму ўраду.

"Адпаведныя ўмовы сфармуляваныя ў рамках антыкрызіснага фонду, цяпер яны разглядаюцца Рэспублікай Беларусь. Сёньня мы пачулі, што пасьля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзведзевым было сказана пра тое, што, у прынцыпе, дасягнутыя дамоўленасьці і Беларусь гатова атрымаць крэдыт. Гэта азначае, што раней сфармуляваныя ўмовы прынятыя, і гэта можа азначаць магчымасьць завяршэньня перамоваў у найбліжэйшыя дні", - сказаў Кудрын, словы якога падае «РИА Новости».

Паводле яго, Менск мае намер выставіць сёлета на продаж шэраг прадпрыемстваў, якія ацэнены на 3 млрд. даляраў.

"Будзе прыватызаваны шэраг актываў для падтрыманьня плацёжнага балянсу. Беларускі бок сам будзе вызначаць, якія гэта актывы і ў якія тэрміны. Зыходзячы з патрэбаў гэтага году гэта каля 3 млрд. даляраў. Гэта сума, якая павінна быць атрыманая ад прыватызацыі сёлета", - сказаў Кудрын.

Міністар адзначыў, што ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў могуць удзельнічаць любыя зацікаўленыя краіны і інвэстары. "Гэтыя прадпрыемствы павінны прыватызавацца на агульных умовах", - заявіў ён.

Кудрын падкрэсьліў, што ва ўмовах крэдыту прапісаная сума, якую Беларусь павінна прыцягнуць у выглядзе даходаў ад прыватызацыі і прамых замежных інвэстыцый:

"У саміх умовах выдзяленьня крэдыту прадугледжваецца, колькі трэба мабілізаваць рэсурсаў за кошт продажу актываў і непасрэдных замежных інвэстыцый. Гэта, безумоўна, важная крыніца пагашэньня дэфіцыту плацёжнага балянсу ".

Канчатковыя дэталі выдзяленьня крэдыту Беларусі маюць быць удакладненыя падчас візыту прэм'ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Менск 19 траўня, паведаміў Кудрын. У гэты дзень пройдзе пасяджэньне Савету кіраўнікоў урадаў СНД. "Гэтая праграма распрацоўваецца з удзелам Расеі і спэцыяльнай групы антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якая працуе ў Эўразійскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця", - адзначыў расейскі міністар. Паводле яго, крэдыт мае стандартныя ўмовы, накіраваныя на пакрыцьцё плацёжнага балянсу.

Кудрын нагадаў, што Расея раней дала Менску крэдыты на агульную суму 3 млрд. даляраў, і ніякіх праблем з іх абслугоўваньнем не ўзьнікае. "Яны абслугоўваюцца, ніякіх пратэрміновак няма", - сказаў міністар.

Ён выказаў упэўненасьць, што партнэры Расеі па ЭўрАзЭС ня будуць супраць выдзяленьня грошай Беларусі. "Мы трымаем кантакт зь іншымі краінамі, у тым ліку Казахстанам, інфармуем іх аб кожным чарговым раўндзе. У мяне няма сумневаў, што пры завяршэньні перамоў і згодзе Беларусі з умовамі выдзяленьня рашэньне будзе прынятае", - сказаў Кудрын.

"Мы павінны будзем правесьці стандартную працэдуру антыкрызіснага фонду з удзелам савету міністраў антыкрызіснага фонду Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану і Армэніі. Рашэньне можа быць прынятае ў складзе савету дырэктараў з удзелам усіх членаў антыкрызіснага фонду", - растлумачыў міністар.

"Мы бачым разуменьне беларускім бокам тых задач і мэтаў стабілізацыі плацёжнага балянсу. Сярод ключавых паказчыкаў, якія будуць індыкатарамі, - зьніжэньне дэфіцыту бягучага рахунку плацёжнага балянсу", - заявіў кіраўнік Мінфіну Расеі.

Вэрсія Лукашэнкі


17 траўня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатовасьць Расеі даць Беларусі неабходную крэдытную падтрымку для стабілізацыі валютнага рынку.

"Я толькі што гаварыў з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Анатольевічам Мядзьведзевым. Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расійскай Фэдэрацыяй аб выдзяленьні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманьне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і нетэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна 3,1 млрд. даляраў, калі мы, вядома, будзем падпісваць зь імі адпаведнае пагадненьне", - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, цяпер усё ўжо практычна зроблена, і Беларусь "можа атрымаць гэты крэдыт".

Акрамя таго, Лукашэнка адзначыў: "Прыкладна 3 млрд. даляраў - гэта будучыя продажы нашых тавараў. Нас гатовыя пракрэдытаваць. Разам атрымліваецца шэсьць зь лішнім мільярдаў даляраў - гэтага дастаткова сёлета ня толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець салідныя золатавалютныя рэзэрвы".

Паводле Мясьніковіча, падчас перамоваў 15 траўня ў Менску з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў і Цэнтральнага банку Расеі абмеркаваныя падыходы да крэдытаваньня.

"Сёньня Аляксей Кудрын праінфармаваў сваё кіраўніцтва, я далажыў прэзыдэнту Беларусі. Такім чынам, мы дамовіліся фактычна на 3-3,5 млрд. даляраў крэдытнай падтрымкі з боку Расеі на выгадных умовах. Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ прапановы, - і яны фактычна ўхваленыя прэзыдэнтам, - па атрыманьні адпаведных валютных крэдытаў пад будучыя таварныя пастаўкі. У выніку кошт пытаньня - 6-6,5 млрд. даляраў. Мы лічым, што гэтыя сродкі будуць спрыяць таму, каб сапраўды стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку", - падкрэсьліў прэм'ер-міністар Беларусі.

Паводле яго, усе гэтыя пытаньні "рэальна вырашыць на працягу бліжэйшых месяцаў".

Расея разглядае магчымасьць набыцьця кантрольнага пакету акцый Белтрансгазу пры аказаньні фінансавай дапамогі Беларусі, паведаміла сёньня "Інтэрфаксу" крыніца ва ўладных структурах РФ.

Камэнтуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Масква дасьць Менску крэдытную падтрымку на суму 6 млрд даляраў, крыніца падкрэсьліла: "Гаворка ідзе аб магчымасьці выдзяленьня крэдыту да 1 млрд. даляраў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС і набыцьця кантрольнага пакету Белтрансгазу Газпромам".

Грошай з расейскага бюджэту ня будзе

Раней Менск зьвярнуўся да ўраду Расеі па крэдыт на 1 млрд. даляраў і да Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС па крэдыт на 2 млрд. даляраў.

Аднак 11 траўня міністар фінансаў РФ Аляксей Кудрын заявіў, што Расея не разглядае магчымасьць выдзяленьня крэдыту Беларусі з свайго бюджэту, гаворка ідзе толькі аб крэдытаваньні ў рамках ЭўрАзЭС. Ён таксама паведаміў, што ўмовы падаваньня крэдыту Беларусі могуць быць вызначаны да візыту прэм'ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна ў Менск 19 траўня.

"Мы разглядаем магчымасьць выдзяленьня крэдыту на суму аднаго мільярда даляраў (сёлета), але паколькі праграма разьлічаная на тры гады, то таксама разглядаем такія крэдыты ў 2012-2013 гадах", - сказаў Кудрын. Гэтыя крэдыты таксама складуць па адным мільярдзе даляраў, дадаў ён.

Расейскі міністар адзначыў, што лічыць мэтазгодным зварот Беларусі да МВФ або іншых краін для атрыманьня крэдытаў, бо грошай, якія могуць быць вылучаныя ЭўрАзЭС, недастаткова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG