Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор: «Выпраўленьне абвінавачаных магчымае без ізаляцыі іх ад грамадзтва»


17 траўня ў судзе Фрунзенскага раёну пачаліся судовыя спрэчкі. Пракурор фактычна прызнаў вінаватымі ўсіх шасьцярых фігурантаў справы. На яго думку, выпраўленьне абвінавачаных магчымае без ізаляцыі ад грамадзтва. Усім абвінаваўца папрасіў умоўныя тэрміны — па тры гады Някляеву і Дзьмітрыеву, па два — Фядуту, Вазьняку і Рымашэўскаму, паўтара — Палажанцы. Таксама ў судзе шукалі грошы кампаніі «Гавары праўду» і праглядалі відэаматэрыялы.

З раніцы ніхто і ўявіць сабе ня мог, што так хутка працэс наблізіцца да фіналу. У судзе праглядалі відэаролікі з прыступак Дому ўраду і тэледэбаты кандыдатаў. Потым пракурор зацікавіўся грашыма кампаніі «Гавары праўду!» — адкуль фінансаваньне. Калі дайшоў да славесных партрэтаў людзей, зь якімі Фядута кантактаваў праз скайп, той распавёў, пры якіх абставінах складзеныя гэтыя партрэты. Асобы, якія праводзілі нефармальныя гутаркі ў КДБ, палохалі Аляксандра Фядуту артыкуламі кшталту «здрады радзіме» і «шпіянаж», казалі, што судовае паседжаньне будзе закрытым, гутаркі праводзіліся без адваката. Калі пракурор працягвае настойваць, Фядута просіць зьмяніць яму меру ўтрыманьня, альбо ён пакіне залю . Абарона заяўляе, што дадзеныя матэрыялы здабытыя з парушэньнем заканадаўства, і доказамі ня могуць зьяўляцца. Дый наагул, 18 тамоў, што тычацца кампаніі «Гавары праўду», ня маюць дачыненьня да судовай справы.

Наста Палажанка кажа, што калі яны апынулася на лаве падсудных з чатырма прадстаўнікамі кампаніі «Гавары праўду!», зразумелі, што кампанію будуць раскручваць менавіта за грошы: адкуль фінансаваньне:

Было ясна, што мы зь Віталём Рымашэўскім тут абсалютна выпадковыя і лішнія людзі, і мы тут сядзім дзеля таго, каб пацьвердзіць, што гэты працэс нібыта зьвязаны з 19 сьнежня.
«Было ясна, што мы зь Віталём Рымашэўскім тут абсалютна выпадковыя і лішнія людзі, і мы тут сядзім дзеля таго, каб пацьвердзіць, што гэты працэс нібыта зьвязаны з 19 сьнежня. Таму што тое, што мы бачым цяпер, гэта абсалютная расправа над канкурэнтамі Лукашэнкі падчас выбараў, палітычная помста за пасьпяховую кампанію „Гавары праўду!“, за сплянаваную стратэгію. Таму тое, што мы пачулі, не зьяўлялася нечым дзіўным ці нечаканым. Абсалютна зразумела, што толькі намінальна гэты працэс будзе зьвязаны з падзеямі 19 сьнежня».

Пасьля абеду пра грошы «Гавары праўду» выпытвалі ў Дзьмітрыева: дзе праводзіліся сэмінары, адкуль крыніцы паступленьня грошай, ці меркавалася патраціць іх на фінансаваньне плошчы.

А палове на пятую судзьдзя абвесьціла пра пачатак судовых спрэчак. Пракурор Андрэй Кажэўнікаў прамаўляў амаль гадзіну. Высновы такія:

«Я мяркую, што ў дадзеным канкрэтным выпадку выпраўленьне абвінавачаных магчыма без іх ізаляцыі ад грамадзтва, але ва ўмовах ажыцьцяўленьня кантролю за іх паводзінамі».

Такім чынам, пракурор папрасіў ад трох гадоў да 1 году 6 месяцаў умоўна, тэрміны і юрыдычныя фармулёўкі розныя. Да позьняга вечара выступалі адвакаты, але ўсе не пасьпелі.

На 10-ю раніцы 18 траўня заплянаваныя выступы яшчэ трох абаронцаў і апошнія словы абвінавачаных. Прысуд, магчыма, будзе абвешчаны ў чацьвер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG