Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сэнс палітыкі некалькіх абменных курсаў?


Ужо больш за два месяцы Беларусь жыве ў сытуацыі мноства абменных курсаў беларускага рубля. У чым палітычны складнік такой практыкі? Чаму ўлады ня могуць перайсьці да адзінага курсу? Якія наступствы такога рэгуляваньня фінансавай сфэры?

Удзельнікі: эканамісты Сяргей Чалы і Сяргей Балыкін.

Сяргей Балыкін
Сяргей Чалы
Валер Карбалевіч


Палітычная матывацыя эканамічных рашэньняў


Валер Карбалевіч: «Наяўнасьць мноства абменных курсаў рубля (экспэрты кажуць пра тры ці чатыры) выклікае хвалю крытыкі і шэраг прапаноў наконт пераходу да адзінага курсу. Тэхнічна гэта можна зрабіць лёгка і хутка. Але Нацбанк зьвязаны палітычным рашэньнем, якое прымаецца на самым версе. Відавочна, Лукашэнка, разглядаючы гэтую сытуацыю, зыходзіць не з эканамічных, а з палітычных матываў. У чым сэнс гэтых матываў? Лукашэнка баіцца дэвальвацыі і штучна стварае бачнасьць яе адсутнасьці?»

Сяргей Чалы: «Трэба вярнуцца назад, у сакавік, каб зразумець лёгіку дзеяньняў уладаў. Яны імкнуліся выправіць адмоўнае сальда плацёжнага балянсу. На іх думку, калі зьяўляецца дэфіцыт валюты, то скарачаецца імпарт. Захаваўшы афіцыйны курс на біржы для крытычнага імпарту, які важны для насельніцтва, і адпусьціўшы курс на міжбанку, улады робяць выгляд, што да гэтага курсу ня маюць дачыненьня — маўляў, гэта спэкулянты. Разьлічвалі, што розьніца паміж гэтымі курсамі будзе невялікая, а насельніцтва не заўважыць гэтай сарамлівай дэвальвацыі. Аднак насельніцтва ўсё заўважыла, пачало набег на абменьнікі, купіла 800 млн. даляраў.

Сяргей Балыкін: «Гэта палітыка страўса, які хавае сваю галаву ў пясок. Спрабуючы не заўважаць праблем, улады імкнуцца стварыць ілюзію стабільнасьці. Дзеля гэтай ілюзіі ўлады і трымаюць афіцыйны курс.

Акрамя таго, гэты афіцыйны курс захоўваецца дзеля таго, каб набыць па нізкай цане валюту, купіць крытычны імпарт і мець магчымасьць выплачваць ранейшыя крэдыты. Але гэта дадатковы падатак для экспартэраў».

Чаму ўлады ня могуць перайсьці да адзінага курсу?


Карбалевіч: «Калі першапачатковыя пляны не ўдалося рэалізаваць, вакол валюты ўзьнік ажыятаж, то чаму ўлады не захацелі скарэктаваць сваю палітыку ў гэтай сфэры?».

Чалы: «Гэта складанае пытаньне. Напрыканцы сакавіка было паседжаньне праўленьня Нацбанку, і там галасы падзяліліся папалам. Палова выказалася за дэвальвацыю і пераход да адзінага абменнага курсу. А палова выступіла за захаваньне сытуацыі зь некалькімі абменнымі курсамі.

Мноства курсаў — гэта інструмэнт атрыманьня рэнтнага даходу (ня будзем называць яго карупцыйным). Ёсьць сьпіс незразумела як адбіраных Нацбанкам юрыдычных асобаў, якія могуць набываць валюту па афіцыйным курсе. Яны могуць прадаць яе на міжбанку і атрымаць прыбытак.
Ёсьць сьпіс незразумела як адбіраных Нацбанкам юрыдычных асобаў, якія могуць набываць валюту па афіцыйным курсе. Яны могуць прадаць яе на міжбанку і атрымаць прыбытак.


Страх дэвальвацыі — гэта з вобласьці псыхалёгіі, а не палітыкі ці эканомікі. Нацбанк памятае, як ён паўгода змагаўся з панікай пасьля дэвальвацыі 2009 г.

Апошнім часам было прынятае рашэньне паступова адпускаць курс на рынку наяўнай валюты. Аднак валюта ў абменьніках не зьявілася. Гэта дрэннае рашэньне. Бо калі дасюль міжбанкаўскі курс рос прыкладна па 100 рублёў на дзень, то пасьля гэтага рашэньня рост рэзка паскорыўся.

Відавочна, існуе мэханізм ператоку паміж рынкамі наяўнай і безнаяўнай валюты. Гэта робіцца праз „чорны рынак“, малы бізнэс. Мэханізм пачаў дзейнічаць поўнамаштабна і не без удзелу ўладаў».

Балыкін: «Нацбанк не зьяўляецца незалежнай інстытуцыяй. Ён цалкам залежны ад прэзыдэнта. Па маіх зьвестках, Нацбанк прапаноўваў разумнае рашэньне.

Пытаньне валютнага курсу вельмі балючае для Лукашэнкі. Ён дамогся выкананьня свайго абяцаньня выплаціць 500 даляраў сярэдняга заробку. А пры дэвальвацыі заробак у далярах валіцца ўніз. Таму дзеля ілюзіі стабільнасьці афіцыйны курс і захоўваецца. Нацбанк ня можа праяўляць настойлівасьць, пярэчыць прэзыдэнту. Ягоныя кіраўнікі ня хочуць губляць свае пасады».

Мінусаў больш, чым плюсаў


Карбалевіч: «Сп. Чалы, вы казалі, што першапачаткова ўлады ставілі задачу скараціць імпарт, каб выправіць адмоўнае сальда плацёжнага балянсу. Гэта ўдалося?»

Чалы: «Шмат у чым удалося. Але выклікала адмоўныя наступствы. Зьявіўся таварны дэфіцыт, прычым на тавары штодзённага попыту (напрыклад, пампэрсы). Выявілася, што вытворцаў, якія не карыстаюцца імпартам, амаль няма. Калі трэба купіць за мяжой маленькі кампанэнт, а валюты немагчыма знайсьці, то спыняецца ўся вытворчасьць. Абмежаваньне імпарту адбылося коштам спыненьня працы вялікай часткай рэальнага сэктару. Было афіцыйна абвешчана, што працу страцілі 600 тысяч чалавек. Насамрэч — удвая больш».
Было афіцыйна абвешчана, што працу страцілі 600 тысяч чалавек. Насамрэч — удвая больш.


Карбалевіч: «У выніку што атрымалася. Улады ўсяляк імкнуліся пазьбегнуць дэвальвацыі. Урэшце дэвальвацыя дэ-факта адбылася. Плюс шэраг іншых нэгатыўных наступстваў: эканамічны спад, беспрацоўе, інфляцыя. Чаму Лукашэнку не змаглі растлумачыць, што мінусаў у такой палітыцы больш, чым плюсаў?».

Чалы: «Мы ж ня ведаем, што раілі Лукашэнку яго набліжаныя. Але зь нейкіх ускосных фактаў можна зрабіць выснову, што ня ўсю праўду яму даносяць. Бо лёс ганца, які прыносіць дрэнныя весткі, незайздросны. Напрыклад, Лукашэнка кажа, што Мясьніковіч яму далажыў: з пачатку году складзкія запасы скараціліся на 25%. Аднак Белстат даводзіць, што яны вырасьлі на 38%.

Цяпер перад уладамі стаіць нялёгкі палітычны і псыхалягічны выбар. Каб выправіць сытуацыю, трэба прызнаць: цяперашняя сытуацыя ў эканоміцы ёсьць вынік безадказнай макраэканамічнай палітыкі ў 2010 годзе (штучнае стымуляваньне росту валавога ўнутранага прадукту, росту заробкаў). Ва ўладаў няма разуменьня таго, што чым хутчэй расьце вал, тым большы дэфіцыт плацёжнага балянсу.

Аднак улады вінавацяць у валютным крызісе то насельніцтва, якое купляе аўтамабілі, то імпартэраў, то экспартэраў, то безгаспадарчасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў. Множнасьць валютных курсаў вельмі шкодная для эканомікі. У 1990-я гады гэта прывяло да разбурэньня сыстэмы грашовага абарачэньня».

Балыкін: «Цяжка камэнтаваць рашэньні, якія завязаныя на псыхалягічныя комплексы. Але відавочна, што сытуацыя з кожным днём робіцца ўсё горшая. І чым больш будзе адкладацца цяжкае рашэньне, тым горшымі будуць наступствы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG