Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Салея хацелі паказаньняў супраць Пачобута


Гарадзенец Аляксей Салей, супраць якога распачата крымінальная справа, цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Ён паведаміў нашаму Радыё, што бліжэйшым часам не зьбіраецца вяртацца, лічыць за лепшае пачакаць, пакуль “ня зьменіцца стаўленьне да палітвязьняў”.

Ад яго хацелі атрымаць паказаньні супраць журналіста Анджэя Пачобута, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы па абвінавачаньні ў абразе і паклёпе адносна асобы прэзыдэнта, кажа Аляксей Салей, які зьяўляецца супрацоўнікам выданьня “Magazyn Polski na uchodzstwie”.

Аляксей Салей зазначае: “6 студзеня я быў выкліканы на допыт у КДБ у сувязі з падзеямі ў Менску 19 сьнежня 2010 году, паколькі я быў там у гэты дзень і рабіў здымкі для часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie ” і газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie”. Сьледчых цікавіла, што адбывалася на Плошчы, што я бачыў і з кім езьдзіў. Пасьля таго, як яны даведаліся, што я езьдзіў з Андрэем Пачобутам, іх больш зацікавіла гэтая асоба. Мне было прапанавана даць паказаньні супраць яго, паколькі я быў фактычна заўсёды побач з Пачобутам. Калі ж я адмовіўся, сказалі, што будзе горш. Празь некаторы час у мяне дома адбыўся ператрус, падчас якога канфіскавалі кампутар і шмат нумароў згаданых вышэй выданьняў”.

Далей Аляксей Салей зазначае, што “Міліцыя распачала крымінальную справу на мяне за нібыта выраб і распаўсюд парнаграфіі. Такім чынам дзяржаўныя структуры хочуць дыскрэдытаваць маё імя. Я лічу, што гэта справа цалкам сфабрыкаваная, мае выразны палітычны падтэкст і зьяўляецца перасьледам за прафэсійную журналісцкую дзейнасьць”.

На сайце Гарадзенскага абласнога УУС днямі зьявілася інфармацыя: “Аддзелам унутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні расшукваецца Аляксей Салей, які абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу РБ “Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў альбо прадмeтаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетніх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG