Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Прысуды за Плошчу павінны быць перагледжаныя”


Беларускія праваабаронцы сочаць за ўсімі працэсамі за Плошчу. На судах прысутнічаюць назіральнікі, якія фіксуюць усё, што там адбываецца. Яны рыхтуюць ацэнку працэсаў і свае рэкамэндацыі.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак паведаміў, што праваабаронцы ўжо рыхтуюць агульную ацэнку працэсаў за Плошчу і свае рэкамэндацыі, зыходзячы зь беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў. А прамежкавыя высновы ў спадара Гулака наступныя:

"Ужо зараз можна гаварыць, што працэсы ідуць з сур'ёзнымі парушэньнямі патрабаваньняў заканадаўства, высновы судоў не адпавядаюць таму, што падчас гэтых працэсаў устаноўлена, дасьледавана. У тых выпадках, калі адвакаты працуюць сур'ёзна і актыўна, бачна, што судзьдзі не зацікаўленыя ў зборы ўсёй інфармацыі, у аналізе довадаў і "за", і "супраць".
Алег Гулак
Алег Гулак лічыць нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці на працэсы за Плошчу справядлівай:

"Вядома ж, будзе агульнае патрабаваньне перагляду гэтых прысудаў і разгляд спраў у справядлівым судзе. Па тых выраках, якія ўжо вынесеныя, мы гэта ўжо можам казаць".

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі кажа, што ёсьць яшчэ няяснасьці ў тым, як фармаваліся групы тых, каго накіроўвалі разам на лаву пасудных, чаму адным выстаўлялі абвінавачваньне па артыкуле 293, а іншым — па 342-м. Спадар Бяляцкі мяркуе, што да канца так і ня будзе вядома, якой лёгікай тут кіраваліся ўлады. На гэты момант відавочна, што супраць тых, каго судзяць па мякчэйшым 342-м артыкуле, не сабрана ніякага кампрамату, кажа спадар Бяляцкі:

"Ну, у дачыненьні да Марцалева што было? Быў толькі выступ па радыё, дзе ён зьвярнуўся з заклікам прыйсьці на Плошчу, ну, і яшчэ тое, што выходзіў на праезную частку. Вось уся віна, чаго ніхто не адмаўляе. Гэта сьмешна, на такіх падставах трэба тады судзіць усе 30 тысяч, якія былі падчас гэтай акцыі. Чаму ж выбралі менавіта гэтых? Вось тут, мне падаецца, сабака і закапаны. Бо ўсе яны былі актывістамі выбарчых штабоў, іхняе пакараньне мае такі палітычны і карны падтэкст, для таго, каб іншыя баяліся".

Алесь Бяляцкі
Улады не пайшлі на тое, каб правесьці адзіны працэс за Плошчу, а разьбілі яго на некалькі аднатыпных судоў, на якіх выступаюць тыя самыя пацярпелыя і сьведкі, толькі дзеля таго, каб пазьбегнуць адной занадта гучнай падзеі, перакананы спадар Бяляцкі:

"Мэта такая ж — разьбіць грамадзкую актыўнасьць, не зьбіраць усё гэта разам і не прыцягваць занадта вялікай увагі грамадзкасьці".

Спадар Бяляцкі адзначае, што ў групы абвінавачаных у асобных працэсах адбор вёўся адвольна, падсудныя ў адным працэсе нават слаба ведалі адзін аднаго і зь імі на адной лаве часта быў чалавек, які сапраўды біў шыбы ў Доме ўраду — верагодна, для таго, каб дыскрэдытаваць іншых.

Вымушаным назіральнікам за працэсамі за Плошчу стаў палітоляг Аляксандар Класкоўскі, які пільна сочыць за судом над сваім сынам. "Па форме працэс ідзе нібыта правільна, а па сутнасьці — зьдзек", кажа ён:
Аляксандар Класкоўскі
"Таму што вісіць у паветры пачуцьцё фаталізму, прадвызначанасьці. І гэта мы бачым па выніках папярэдніх працэсаў, таму што дэ-факта абарона і самі абвінавачаныя разьбілі ў пух шытыя белымі ніткамі дакумэнты пракуратуры, якія нібыта сьведчаць пра масавыя беспарадкі. "Фішка" беларускай афіцыйнай юрыдычнай думкі палягае ў тым, што дэ-факта ўведзены прынцып калектыўнай віны, калі супраць абвінавачаных няма канкрэтных доказаў і іх судзяць за тое, што былі ў натоўпе. Такім чынам, выснова такая, што гэтыя працэсы пры датрыманьні нейкіх фармальных парамэтраў насамрэч ідуць як канвэер рэпрэсій".

Паводле Аляксандра Класкоўскага, нэгатыўная рэакцыя Захаду на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі паступова нарастае, першапачатковае абурэньне перарастае ў размовы пра кропкавыя эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму:

"У гэтым сэнсе хмары згушчаюцца, і гэта адчуваецца па той нэрвовасьці, зь якой рэагуе на гэта афіцыйны Менск. Гэтыя пагрозы, што мы апазыцыю зробім нявыязной і, можа, нават выдалім некаторых амбасадараў. Гэта сьведчыць пра тое, што пазыцыя Эўразьвязу, якая робіцца ўсё болей жорсткай, напружвае беларускае кіраўніцтва".

Апрача міжнароднага ціску на беларускія ўлады, паводле спадара Класкоўскага, ёсьць ціск і ўнутраны. Рэпрэсіі супраць апазыцыі не знаходзяць падтрымкі ў беларускім грамадзтве, многія выяўляюць грамадзянскую салідарнасьць і падтрымку сем'ям палітвязьняў. І спадар Класкоўскі за апошнія цяжкія месяцы адчуў гэта на сабе.
XS
SM
MD
LG