Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея разглядае магчымасьць набыцьця кантрольнага пакета акцый Белтрансгазу пры аказаньні фінансавай дапамогі Беларусі, паведаміла сёньня "Інтэрфаксу" крыніца ва ўладных структурах РФ.

Камэнтуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Масква прадставіць Менску крэдытную падтрымку на суму 6 млрд даляраў, крыніца падкрэсьліла: "Гаворка ідзе аб магчымасьці прадстаўленьня крэдыту да $ 1 млрд з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС і набыцьця кантрольнага пакету Белтрансгазу Газпрамам".

Раней віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў РФ Аляксей Кудрын заяўляў, што Расея не плянуе прадстаўляць Беларусі крэдыту з уласных сродкаў. "Мы разглядаем толькі крэдыт ЭўрАзЭС", - сказаў А. Кудрын.

Ён таксама паведаміў, што ў 2011 годзе з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС Беларусі можа быць прадстаўлены крэдыт на $ 1 млрд, і на такую ж суму - у 2012 і 2013 гг.

У пачатку красавіка Беларусь заявіла аб магчымасьці продажу часткі 50-працэнтнай дзярждолі ў ААТ "Белтрансгаз".

"Газпром" на працягу 2007-2010 гг. выкупіў 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" за $ 2,5 млрд. Зьдзелка адбылася, зыходзячы з праведзенай у канцы 2006 году банкам ABN Amro ацэнкі рынкавага кошту актываў "Белстрансгаза" у суме $ 5 млрд.

Камэнтар Юрыя Дракахруста:

На пазамінулым тыдні расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў агучыў жаданьне Расеі атрымаць поўны кантроль над Белтрансгазам як адно з пажаданьняў пры выдзяленьні крэдыту.

Ён дарэчы тады сказаў, што зьдзелка наўрад ці адбудзецца бліжэйшым часам. Але ня выключана, што абставіны прысьпешылі яе заключэньне. Ці грошы, пра якія сёньня з радасьцю заявіў Лукашэнка, таксама зьявяцца няхутка.

Тут варта прывесьці некалькі арытмэтычных разьлікаў.

За палову Белтрансгазу Газпром заплаціў раней 2.5 мільярда даляраў. Зараз Кудрын паабяцаў сёлета мільярд з антыкрызіснага фонду. Магчыма Газпром гатовы купіць значную частку, амаль увесь пакет долі ў Белтрансгазе беларускай дзяржавы, гледзячы па заяве Лукашэнкі размова ідзе пра 2.1 млрд даляраў.

Тады Газпром будзе мець 92% акцый Белтрансгазу – 50% набытыя раней і 42% цяпер.

Што да трох мільярдаў, якія паводле Лукашэнкі Расея дасьць Беларусі пад будучыя пастаўкі беларускіх тавараў, то гэтая схема выглядае крыху па вадзе пісанай. Прыгадваецца падобная схема, паводле якой Кітай нібыта даваў Беларусі 15 мільярдаў даляраў. У свой час вакол гэтага ў афіцыйных мэдыях было шмат шуму, цяпер ніхто пра той крэдыт і не прыгадвае.

Магчыма, гэтак жа і з трыма дадатковымі мільярдамі, пра якія паведаміў сёньня Лукашэнка. Калі толькі не прынятае рашэньне пайсьці Расеі насустрач яшчэ ў нечым.

Падчас прыгаданага выступу на пазамінулым тыдні расейскі пасол назваў яшчэ некалькі пажаданьняў апроч Белтрансгазу – МАЗ, калійны камбінат, нарэшце, пераход на расейскі рубель. Гледзячы па ўсім, за саступку ў кожным з гэтых накірункаў Расея гатовая плаціць. Але выглядае, што цяпер яна гатовая плаціць толькі за гэта.

Падчас сёньняшняй сустрэчы з прэзыдэнтам прэм'ер Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ўрад мае намер зьвярнуцца па крэдытную дапамогу да МВФ.
Гэта, дарэчы, параіў Беларусі на мінулым тыдні і расейскі міністар фінансаў Кудрын, патлумачыўшы, што расейскай дапамогі можа і не хапіць.

Але наколькі верагодна, на ваш погляд, што Беларусь нешта атрымае ад Фонду?

Па шчырасьці ня надта. Па-першае, Расея для сваёй дапамогі выстаўляла макраэканамічныя ўмовы, прыкладна такія самыя, як і МВФ, і Беларусь адмовілася іх выконваць. Як сказаў Лукашэнка, нам падкідаюць рэформы, якія ёсьць рэформы разбурэньня, якія нам непатрэбныя. Калі была гатоўнасьць ісьці на рэформы, можна было пайсьці на іх пры перамовах аб расейскім крэдыце, а не расплачвацца дзяржаўнай уласнасьцю.

А другое – тое, што на канчатковае рашэньне аб выдзяленьні крэдыту МВФ робяць пэўны ўплыў прадстаўнікі акцыянэраў фонду, у тым ліку ЗША і дзяржавы Эўразьвязу. Пры цяперашнім узроўні адносінаў паміж імі і афіцыйным Менскам, калі размова ідзе пра заходнія эканамічныя санкцыі, цяжка сабе ўявіць, што яны падтрымаюць выдзяленьне Беларусі крэдыту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG