Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква ўсё ж хоча даць Лукашэнку крэдыт?


Лукашэнка і Мядзьведзеў у Берасьцейскай крэпасьці ў 2008 годзе

Лукашэнка і Мядзьведзеў у Берасьцейскай крэпасьці ў 2008 годзе

Сёньня падчас дакладу прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Расея гатовая даць Беларусі крэдытную падтрымку больш як 6 млрд. даляраў.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» ў прэзыдэнцкай прэсавай службе. Агенцтва цытуе словы кіраўніка дзяржавы: «Я толькі што гаварыў з прэзыдэнтам Расеі... Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расейскай Фэдэрацыяй аб прадстаўленьні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманьне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і нетэрмінова, калі гэта нам непатрэбна, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна $ 3,1 млрд., калі мы, вядома, будзем падпісваць зь імі адпаведнае пагадненьне », - сказаў А. Лукашэнка.

«Усё ўжо практычна зроблена, і Беларусь можа атрымаць гэты крэдыт», — заявілі ў прэзыдэнцкай прэсавай службе.

Акрамя таго А. Лукашэнка адзначыў: «Прыкладна $ 3 млрд. — гэта будучы продаж нашых тавараў. Нас гатовыя пракрэдытаваць. Разам атрымліваецца 6 зь лішнім млрд. даляраў — гэтага дастаткова сёлета ня толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець салідныя золатавалютныя рэзэрвы».

Камэнтар Юрыя Дракахруста:


Зразумела, нельга цалкам выключаць магчымасьці цудадзейнага зьяўленьня такога вялікага выратавальнага крэдыту ад Расеі, дастаткова прыгадаць круты паварот у двухбаковых адносінах, які адбыўся ў сьнежні мінулага году.

Аднак шэраг чыньнікаў і аналёгіяў не дазваляюць адкідаць і вэрсію, паводле якой заява беларускага прэзыдэнта — ня больш чым піяр, спроба супакоіць грамадзкую думку.

Юры Дракахруст
На мінулым тыдні міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Беларусь сёлета атрымае ня 3 мільярды даляраў, пра якія прасіла, а толькі адзін мільярд. Кудрын адзначыў, што Расея можа даць Беларусі і цягам двух наступных гадоў яшчэ па мільярду даляраў. У суме атрымлівацца як раз 3 мільярды, але на працягу 3 гадоў. Магчыма, гэтыя грошы Лукашэнка і меў на ўвазе — гэта і сапраўды тая лічба, якую ён назваў. Але растэрміноўку на 3 гады цяжка назваць тэрміновай дапамогай.

Калі размова ідзе менавіта пра гэтую схему, то гэта добрая міна пры кепскай гульні: Расея адмовіла ў 3 мільярдах сёлета і дае іх на працягу 3 гадоў, якія яшчэ трэба пражыць.

Калі размова ідзе пра нешта іншае, пра тое, што прэзыдэнт Мядзьведзеў раптам дэзавуіраваў міністра фінансаў і прадэманстраваў значна большую шчодрасьць, то тут пытаньняў яшчэ больш.

Расея, зразумела, ня ўзор дэмакратыі, але і не тая краіна, дзе правадыр можа асабіста даваць грошы з царскага пляча. Расеяй кіруе тандэм прэзыдэнта і прэм’ера, адносіны паміж якімі зараз няпростыя. Міністар фінансаў — чалавек прэм’ера Пуціна. Варта прыгадаць, як у свой час у інтэрвію польскаму тэлебачаньню Лукашэнка зьедліва задаваў рытарычнае пытаньне — а хіба ня Пуцін прэзыдэнт Расеі?

Можна спрачацца, наколькі быў дарэчным такі сарказм, але сапраўды з тым, што вядома пра расейскую сыстэму ўлады, не стасуецца сюжэт, паводле якога прэзыдэнт насуперак публічнай заяве ўраду раптам знаходзіць 3 мільярды даляраў для дарагога саюзьніка.

Што да яшчэ трох мільярдаў, прыгаданых Лукашэнкам, то іх прырода яшчэ менш зразумелая. Можна прыгадаць, як у свой час гаварылася, што Кітай дае Беларусі ажно 15 мільярдаў даляраў па прыкладна такой жа таварна-грашовай схеме. На фоне такіх сум нашто, здавалася б, тыя расейскія капейчыны? Але высьветлілася, што, відаць, нехта нешта ня так зразумеў, пра незьлічоныя кітайскія мільярды ніхто ўжо ня ўзгадвае.

Ну, і нарэшце — у паведамленьні расейскага агенцтва РИА-Новости факт размовы прэзыдэнтаў пацьверджаны, але пра крэдытную падтрымку — ані слова. «Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў абмеркаваў па тэлефоне з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пытаньні інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Мытнага саюза ЭўрАзЭС і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстана», — паведамляе прэс-служба Крамля.

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся думкамі па ключавых тэмах двухбаковага парадку дня.

Абмен думкамі — гэта ня цьвёрдае абяцаньне даць 6 мільярдаў даляраў.

Праўда, нельга выключаць, што беларускі бок у асобе прэзыдэнта пайшоў на істотныя саступкі па ўсіх, ці па некаторых, сюжэтах, якія цікавілі расейскі бок — Белтрансгаз, МАЗ, калійныя прадпрыемствы, прыватызацыя, увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі. Тады такая маскоўская ласка выглядае больш верагоднай і абгрунтаванай, па меншай меры тады робіцца больш зразумелым тэлефанаваньне расейскага прэзыдэнта, які апошнім часам рэдка камунікаваў з беларускім калегам.

Пэўна, большая яснасьць зьявіцца празь некалькі дзён, падчас візыту ў Менск расейскага прэм’ера Пуціна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG