Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны скандал: шэфа МВФ абвінавачваюць у сэксуальным дамаганьні


Дамінік Строс-Кан
Дамінік Строс-Кан
Судзьдзя Мэліса Джэксан у Нью-Ёрку адмовіла ў просьбе вызваліць пад грашовы заклад Дамініка Строса-Кана, кіраўніка Міжнароднага валютнага фонду.

Строс-Кан, які зьяўляецца грамадзянінам Францыі, быў затрыманы двума днямі раней на борце самалёту, які зьбіраўся адляцець зь нью-ёрскага лётнішча імя Дж. Ф. Кэнэдзі ў Парыж.

Амэрыканскія пракуроры абвінавачваюць 61-гадовага шэфа МВФ у сэксуальным дамаганьні ў адносінах да пакаёўкі ў гатэлі «Sofitel» у Нью-Ёрку, дзе Строс-Кан пражываў на мінулым тыдні.

«Абвінавачаны сілаю затрымаў працаўніцу гатэлю ў сваім пакоі. Ён сэксуальна дамагаўся яе і паспрабаваў згвалтаваць,» -- так нью-ёрскі пракурор Джон МакКонэл прадставіў сутнасьць абвінавачаньня судзьдзі Джэксан, якая разглядала просьбу аб вызваленьні Строса-Кана пад грашовую паруку.

МакКонэл дадаў, што, ня здолеўшы згвалтаваць пакаёўку, Строс-Кан прымусіў яе да аральнага сэксу.

Пракуроры таксама даводзілі, што асабістае багацьце спадара Строса-Кана і адсутнасьць дамовы аб экстрадыцыі паміж ЗША і Францыяй зьяўляюцца дадатковымі аргумэнтамі, з-за якіх кіраўніка МВФ нельга выпусьціць пад грашовы заклад. Судзьдзя Джэксан пагадзілася з аргумэнтамі пракурораў.

Некаторыя СМІ паведамляюць, што ахвярай меркаванага сэксуальнага дамаганьня Строса-Кана стала 32-гадовая імігрантка з Афрыкі, якая працавала ў гатэлі «Sofitel» ужо тры гады. Пра тое, кім насамрэч быў чалавек, які сэксуальна яе дамагаўся, яна нібыта дазналася з тэлевізійных паведамленьняў аб яго арышце.

Пасьля арышту Строс-Кан быў прайшоў працэдуру апазнаньня меркаванай ахвярай нападу, судова-мэдычнае абсьледаваньне і, што зьяўляецца нечым накшталт паліцэйскага рытуалу ў адносінах да высокапастаўленых абвінавачаных у Нью-Ёрку, паказаны ў наручніках журналістам і фатографам.

У Францыі здымкі Строса-Кана ў наручніках выклікалі шок.

Па-першае, Строс-Кан да гэтага інцыдэнту ў Нью-Ёрку лічыўся кандыдатам ад Сацыялістычнай партыі і супернікам Нікаля Сарказі на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году ў Францыі.

Па-другое, пасьля затрыманьня Строса-Кана ў Нью-Ёрку ў Францыі ўсплыла на паверхню меркаваная спроба гвалту, якую шэф МВФ нібыта ўчыніў у 2002 годзе ў адносінах да журналісткі Трыстаны Банон падчас інтэрвію. Спадарыня Банон намерваецца падаць на Строса-Кана ў суд за гэтую спробу (дзевяць гадоў таму Банон ад узбуджэньня справы нібыта адмовіў яе юрыст).

Па-трэцяе, на-паверхню выйшаў таксама раман Строса-Кана з замужняй працаўніцай МВФ у 2008 годзе. Раман, паводле прэсавых паведамленьняў, адбываўся са згоды жанчыны, але цяпер гэтая жанчына сьцьвярджае, што з увагі на службовае падпарадкаваньне, яна не магла не пагадзіцца на сувязь са Стросам-Канам, паколькі баялася за сваю прафэсійную кар’еру.

Хоць Строс-Кан знаходзіцца пакуль у статусе абвінавачанага, францускія журналісты выдатна ўсьведамляюць, якія наступствы гэты інцыдэнт будзе мець для далейшага лёсу кіраўніка МВФ як публічнай асобы.

«Віну спадара Строса-Кана ўжо прызналі. І жорстка яго пакаралі, без усялякай літасьці,» -- напісала сёньняшняе выданьне Le Monde.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG