Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць Някляеву, Дзьмітрыеву, Фядуту, Вазьняку, Рымашэўскаму, Палажанцы ўмоўныя тэрміны


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

17 траўня Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.

19:35 Паседжаньне скончанае. Працяг заўтра, 18 траўня, а 10 раніцы.

19:00 — 19:20 Выступае адвакат Дзьмітрыева Ірына Мініна. Сярод іншага, кажа — «у калёне прыхільнікаў Някляева на некаторых дзяўчатах былі вушкі зайчыкаў. Мне зь цяжкасьцю ўяўляецца, што яны апраналі іх, каб чыніць проціпраўныя дзеяньні і ваяваць з міліцыяй». Адвакат просіць цалкам апраўдаць свайго падабароннага Андрэя Дзьмітрыева

17:50 Выступае адвакатка Фядуты Сьвятлана Лабоха. Яна просіць разьмежаваць дзеяньні штабу Някляева і біцьцё шкла некаторымі асобамі. Пераходзіць да канкрэтных дзеяньняў свайго падабароннага.

17:15 Выступае адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук. Яна засяроджвае ўвагу на нападзе на ўдзельнікаў акцыі на вуліцы Калектарнай. Да паказаньняў супрацоўнікаў ДАІ трэба ставіцца крытычна — яны зацікаўленыя. Яна не разумее, на якой падставе супрацоўнікі ДАІ перагарадзілі дарогу, на якой падставе хацелі ўчыніць агляд транспарту. Ніякіх пратаколаў не было складзена. Сьведкі-міліцыянты казалі пра людзей у чорным, што гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яны раптоўна напалі, выкарысталі фізычную сілу і спэцсродкі, паклалі людзей на сьнег — на якой падставе? Яны дзейнічалі незаконна. Адвакатка просіць суд апраўдаць свайго падабароннага Вазьняка.

17:00 Пракурор просіць:
Някляеву — 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Дзьмітрыеву — 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Фядуту — 2 гады ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Вазьняку — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады.
Рымашэўскаму — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Палажанцы — 1 год 6 месяцаў умоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год.

16:15 — 16:55
Абвінаваўца Андрэй Кажэўнікаў пачынае судовыя спрэчкі. Кажа, што за парушэньні заканадаўства прадугледжваецца адказнасьць ў прававой дзяржаве. Абвінавачаныя ўчынілі дзеяньні супраць грамадзкага парадку. Роля кожнага канкрэтызаваная ў абвінавачваньнях. Схематычна нагадвае, што каму інкрымінуецца. Ніхто з абвінавачваных фактычна не прызнаў віны. Абвінавачаны Вазьняк яшчэ даваў непраўдзівыя паказаньні наконт сродкаў, кажа пракурор.

Пракурор апісвае тое, што адбылося 19 сьнежня, пералічвае відэазапісы, дакумэнты, доказы сьледзтва. Кажа, што некаторыя абвінавачаныя скандавалі лёзунгі, выкрыквалі асобныя фразы. Распавядае пра выхад калёны на праезную частку, прарыў ланцуга ДАІ, пра выступ экс-кандыдатаў. Сьведчаньні супрацоўнікаў ДАІ, паводле пракурора, цалкам пацьверджаны відэаматэрыяламі. Паводле пракурора, на Калектарнай таксама было непадпарадкаваньне супрацоўнікам ДАІ. Не далі агледзець аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай, была спроба адпіхнуць аўтамабіль ДАІ. Раздаліся выбухі, супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня ў форменным адзеньні спрабавалі спыніць непадпарадкаваньне. Патрабаваньні прадстаўнікоў улады былі праігнараваныя, таму была ўжытая сіла. Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу, — кажа пракурор.

Пракурор: Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу. Кажа пра віну Палажанкі, якую пацьвердзілі яе ж сьведкі: Наста Лойка, Мікола Дземідзенка, а таксама запісы зь яе запісной кніжкі. Яна быццам бы прымала актыўны ўдзел у разьмяшчэньні людзей. Віна іншых таксама цалкам пацьвярджаецца матэрыяламі справы (ідзе доўгі пералік).У Менгарвыканкам не паступалі заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, абвінавачаным было вядома пра недапушчальнасьць правядзеньня акцый на цэнтральных плошчах, кандыдатам былі вынесены папярэджаньні.

Пракурор заяўляе, што ўсе гэтыя фактары прывялі да жорсткага, брутальнага біцьця шкла ў Доме ўраду. Абвінавачаныя разумелі, што вялікая гурма людзей да гэтага прывядзе. Факт змовы Фядуты, Някляева, Дзьмітрыева і Вазьняка пацьвярджаецца шматлікімі дакумэнтамі кампаніі «Гавары праўду». Былі два сцэнары: «Плошча. Перамога» і «Перамены тут і цяпер». Зноў пракурор пераходзіць да дакумэнтаў і канцэпцый кампаніі «Гавары праўду» і кажа, што гэта сьведчыць пра змову чатырох абвінавачаных.

Пракурор пераходзіць да другога артыкула, што інкрымінуецца Вазьняку: пра грошы. Доказам зьяўляецца і тэлефонная размова паміж Вазьняком і Чэкан. Віна ўсіх шасьці абвінавачаных даказаная цалкам, кажа пракурор. Пры прызначэньні пакараньня Някляеву зьмягчальных абставінаў няма, есьць толькі ацягчальныя — змова. Выпраўленьне абвінавачаных магчымае без ізаляцыі ад грамадзтва, — кажа пракурор.





15:50 Абвешчаны перапынак да 15 мінут. Потым — судовыя спрэчкі.

15:45 Адвакатка Сідарэнка
просіць далучыць да справы спасылкі на матэрыялы СМІ пра затрыманьне Някляева, а таксама далучыць зварот расейскага паэта Яўгена Еўтушэнкі. Пракурор пярэчыць далучыць матэрыялы СМІ, а супраць зварота Еўтушэнкі нічога ня мае супраць. Судзьдзя адмаўляе далучыць і матэрыялы СМІ, і зварот Еўтушэнкі. Фядута зачытвае зварот дзеячоў ўсясьветнай культуры (у тым ліку і ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі В.Шымборскай) з просьбай вызваліць Някляева з-пад хатняга арышту. Пракурор супраць — зварот дакумэнтальна не завераны. Судзьдзя прымае рашэньне не далучаць зварот дзеячоў усясьветнай культуры да справы.

15:30 Букштынаў задае пытаньні Някляеву
пра яго спробы патрапіць на Ўсебеларускі народны сход. Някляеў вельмі падрабязна і эмацыйна распавядае. Сабралі 27 тысяч подпісаў за дэлегаваньне Някляева на сход. Там ён хацеў выкласьці сваю перадвыбарчую праграму і спытацца ў людзей, ці горшая яна за праграму Лукашэнкі. Букштынаў пытаецца, колькі дзён Някляеў знаходзіўся пад вартай. Той адказаў, што 40 дзён. І не было ніводнай сустрэчы з адвакатам. Там не задаюцца сьледчаму пытаньні — бессэнсоўна.

15:25
Суд зноў вяртаецца да заслухоўваньня паказаньняў сьведкаў. Сяргей Павал, навучэнец палітэхнічнага каледжа. Ведае Палажанку. Распавядае пра кватэру, дзе начаваў, як там апынуўся. Быў на прывакзальнай плошчы, потым пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Мэта — выказаць «мірны пратэст». Рашэньне прыйсьці на акцыю прыняў сам. Суд пастанавіў завяршыць слухаць сьведкаў.

15:20 Пракурор пытаецца пра сродкі. Вазьняк кажа, што займаўся арганізацыяй дастаўкі грошай для кампаніі «ГП»: яны ішлі на дапамогу ахвярам пажару на «Пінскдрэве», выданьне кніжкі «100 твараў беспрацоўя», на кампанію за перайменаваньне вуліцаў імем Быкава. Пра фінансаваньне плошчы гаворкі не вялося і ніколі гэта не рабілася. Вазьняк гатовы адказваць за тое, што рабіў. Але ня будзе адказваць на пытаньні, што ня маюць дачыненьня да справы. Сьвятлана Лабоха просіць Фядуту патлумачыць розьніцу паміж кампаніямі «ГП» і перадвыбарчай кампаніяй. Фядута падрабязна распавядае. Фядута філязофствуе наконт падабенства і не падобнасьці партрэтаў: нават калі ёсьць падабенства, разыходжаньняў больш.

15:00
Пры складаньні славесных партрэтаў Вазьняком таксама былі парушэньні. Адвакатка Ларыса Атамачук выступае супраць агляду партрэтаў. Судзьдзя настойвае. Паказваюць два партрэты з рукапісным тэкстам, выкананыя па апісаньнях Вазьняка. Вазьняк кажа, што гэтыя доказы здабытыя з парушэньнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Паводле пракурора, партрэты, зробленыя рознымі абвінавачанымі, зьяўляюцца падобнымі. А дамовіцца яны не маглі. Твары зьнешне падобныя, настойвае пракурор.

Пракурор настойвае на агучваньні паказаньняў Вазьняка з матэрыялаў справы з-за наяўнасьці супярэчнасьцяў. Вазьняк працівіцца. Пракурор запытваецца, ці меркавалася фінансаваньне падзеяў на плошчы. Вазьняк кажа, што не. Настойвае, што не займаўся ў кампаніі паліталягічнымі функцыямі, а займайся арганізацыйна-тэхнічнымі справамі.

14:55 Пракурор
зноў чытае пратаколы допытаў Дзьмітрыева пар мяркуемы плян плошчы. Адвакатка акцэнтуе ўвагу на словы «плянавалася», «меркавалася»… Яна ня бачыць істотных супярэчнасьцяў у паказаньнях.

Пракурор пераходзіць да пытаньняў Вазьняку. пытаецца, якое дачыненьне ён мае да дакумэнта. Вазьняк кажа, што далучыўся да кампаніі «ГП» толькі ў лістападзе 2009 году, і ня мог фізычна ўдзельнічаць у распрацоўцы дакумэнта ў жніўні 2009 года. Варыянты разьвіцьця падзеяў абмяркоўваліся ў Літве дзесьці ў лістападзе 2010 года, калі Вазьняк ужо быў сябрам ініцыятыўнай групы Някляева.

14:45 Абвінавачанаму Дзьмітрыеву агалошваліся паказаньні Фядуты, каб ён іх удакладніў альбо дапоўніў. Пракурор чытае фрагмэнты паказаньняў пра лідэрства Някляева на плошчы. Адвакатка Дзьмітрыева Мініна заўважае, што ўсе гэтыя дакумэнты насілі дэкляратыўны характар. Адзінае, што праходзіць праз усе дакумэнты — плошча павінна быць мірнай.

14:35 Дзьмітрыеў
па другому разу абгрунтоўвае, што гэтыя партрэты ня маюць дачыненьня да справы. Адвакаты зачытваюць вытрымкі з заканадаўчых актаў наконт недапушчальнасьці прывядзеньня доказаў, атрыманых з парушэньнямі. Пракурор абараняецца і настойвае.
Судзьдзя кажа, што будуць агледжаныя ўсе матэрыялы справы, у тым ліку і партрэты. На экране нехта Анджэй (малюнак алоўкам), унізе рукапісны тэкст Дзьмітрыева. Судзьдзя просіць Дзьмітрыева пракамэнтаваць, ён адмаўляецца. Адвакатка робіць акцэнт на слова «меркавалася» — гэта ня значыць, што фінансаваньне плошчы было. Тым больш на плошчы не былі ніякіх прыкметаў, што плошча фінансавалася. Судзьдзя настойвае агучыць пісьмовыя дакумэнты ў частцы супярэчнасьцяў. Пракурор чытае.

14:30
Пракурор задае пытаньні наконт славесных партрэтаў, складзеных Дзьмітрыевым. Адвакатка Лабоха выступае супраць — няма крыніц атрыманьня гэтых партрэтаў. Пракурор заяўляе, што крыніцы ёсьць. Іншыя адвакаты таксама падтрымліваюць: дакумэнты складаліся без прысутнасьці абароны. Дзьмітрыеў дае тлумачэньні, што яму ставіцца ў віну арганізацыя дзеяньняў, што парушалі парадак. А партрэты ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня. Пракурор настойвае.

14:20 Адвакатка Сьвятлана Лабоха
заяўляе яшчэ шэраг хадайніцтваў: далучыць да справы дакумэнты кампаніі «Гавары праўду», іншыя дакумэнты.
Някляеў таксама падтрымлівае далучыць да справы заяўленыя хадайніцтвы. Судзьдзя лічыць, што некаторыя акты заканадаўства ёсьць у адкрытым доступе, таму адмаўляе. Пасьведчаньне Фядуты як даверанай асобы Някляева далучае, статут «ГП» адмаўляе далучаць. Дзьмітрыеў адмаўляецца ад дачы паказаньняў у гэтай частцы.

14:05 Пасьля перапынку на абед судзьдзя робіць заўвагу, што абарона крыху ўводзіць у аблуду суд, і далучае да справы пастанову. Адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук выступае з хадайніцтвам вярнуць Вазьняку маёмасьць, якая была ў ягоным дыплямаце пры канфіскацыі 18 траўня 2010 года, у тым ліку і асабістыя сродкі ў памеры 9 тысяч даляраў. Судзьдзя адмаўляе: суд будзе пазьней вырашаць лёс рэчавых доказаў.

13:15
Пасьля кароткага перапынку ўвялі Някляева пад канвоем, які пажартаваў: «Устваць! Суд ідзе!» Абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

12:35 Адвакатка Ларыса Атаманчук кажа пра падзеі 18 траўня 2010 года, калі Някляеў, Вазьняк, Дзьмітрыеў ды іншыя былі затрыманыя як кіраўнікі кампаніі «Гавары праўду!», канфіскаваная тэхніка і сродкі. Але вытворчасьць па гэтай справе была спыненая праз 10 месяцаў. Таму адвакатка просіць далучыць сваё хадайніцтва — не разглядаць гэтыя матэрыялы справы. Някляеў падтрымлівае спыніць накірунак, які ўзяў пракурор.

Адвакат Лабоха пытаецца, што зьяўляецца прадметам дасьледаваньня? Гэта дакумэнт кампаніі «Гавары праўду». Адвакат Букштынаў падтрымлівае: гэта матэрыялы па спыненай крымінальнай справе. Пракурор рэзка настойвае. Судзьдзя просіць не пераходзіць на асобы і абвяшчае перапынак на 10 хвілін.

12:25 Апошняе паседжаньне штабу было 11 альбо 12 сьнежня. Першым выступіў Фядута, які казаў пра Кастрычніцкую плошчу, але там быў каток. Мог быць павышаны траўматызм. Быў прапанаваны варыянт перасоўваньня людзей на плошчу Незалежнасьці (рэзалюцыю меркавалася перадаць прэм’ер-міністру). Плошча максымум меркавалася пратрымацца 3 дні. Фядута прызнае, што разумеў, што акцыя ня будзе санкцыянаваная. Ён ведаў і пра папярэджаньне Някляева Генпракуратурай, разумеў, што могуць быць перашкоды руху транспарту. Фядута сказаў, што пацьвярджае агучаныя паказаньні. Адвакатка просіць прачытаць апошнія тры абзацы пратаколу допыту. Сэнс: акцыя на плошчы была не працягам кампаніі «Гавары праўду», а працягам перадвыбарчай кампаніі. Гэта заўвагі, якія зрабіў Фядута. Фядута тлумачыць, што сумяшчэньня сцэнароў не было.

12:20 Судзьдзя просіць зачытаць толькі тое, што тычыцца плошчы і перадвыбарчай кампаніі. пракурор настойвае яшчэ на фінансаваньні. Пракурор чытае паказаньні Фядуты пра напісаньне дакумэнта разам з Навумавай, Дзьмітрыевым, Слуцкай ды іншымі дакумэнт пісаўся ў адным з пансіянатаў Польшчы. Фігуравала сума ў 16,5 мільёнаў даляраў. Потым сума была скарочаная да 4,5 млн даляраў. Быў пункт і падрыхтоўкі мірнай акцыі пратэсту, разглядаліся два варыянты.

11:50 Фядута кажа, што калі і далей суд будзе настойваць на агучваньні матэрыялаў, атрыманых пры такіх абставінах, ён просіць зьмяніць яму меру ўтрыманьня альбо пакінуць залю. На экране паказваюць намаляваныя алоўкам партрэты, падпісаныя імёнамі амэрыканскіх актораў. Фядута тлумачыць пра нікі, якімі падпісваліся яго сябры. Фядута паўтарае, што просіць дазволіць яму пакінуць залю з-за непавагі да суду. Ён адмаўляецца ад дачы паказаньняў. Пракурор просіць агучыць пратакол допыту ад 30 траўня, дзе гаворка ідзе пра фінансаваньне. Адвакатка Сьвятлана Лабоха супраць. Наста Палажанка кажа, што яна не разумее, якое гэта мае дачыненьне да агульнага працэсу, пры чым тут кампанія «Гавары праўду»? Палажанка просіць суд узважыць, навошта разглядаць гэта. Судзьдзя абвяшчае перапынак на 10 хвілін

11:45 Фядута тлумачыць, пры якіх абставінах складзеныя гэтыя партрэты. Ён кажа пра так званыя «нефармальныя гутаркі», якія праводзіліся зь ім. Асобы, якія праводзілі іх, прыносілі раздрукоўкі самых суровых артыкулаў, казалі, што судовае паседжаньне будзе закрытым, роля Фядуты вядомая, па гэтых артыкулах пойдуць і іншыя паплечнікі. З адвакатам раіцца не давалі. Часу на роздуму далі 15 хвілін. Таму Фядута прыбегнуў да аднаго з варыянтаў: ён мог казаць няпраўду. Далей Фядута кажа, што быў узламаны скайп..Фядута кажа, што хвалюецца. Без адваката і паведамленьня, што зь ім праводзяцца сьледчыя дзеяньні, Фядуту было прапанавана скласьці славесныя партрэты. На стале ляжалі артыкулы Крымінальнага кодэксу: здрада радзіме, шпіянаж, самая мяккая — масавыя беспарадкі.

11:40 Фядута зноў просіць удакладніць, зь якога носьбіта і калі быў зьняты гэты дакумэнт. Ён кажа, што ўсе чарнавікі дакумэнтаў трапілі ў праваахоўныя органы пасьля канфіскацыі аргтэхнікі 18 траўня. І яны ня могуць выкарыстоўвацца як доказы віны. Інакш адказнасьць за тое, што адразу ж не пачаліся сьледчыя дзеяньні, калі там было нешта незаконнае, палягае на праваахоўных органах. Пракурор хоча зачытаць суб’ектыўныя славесныя партрэты, складзеныя Фядутам на чатырох калегаў. Адвакатка Сьвятлана Лабоха пярэчыць: яны ня маюць адносінаў да справы.

11:35 Адвакатка Сьвятлана Лабоха кажа, што гэта праект дакумэнту. Там няма гаворкі пра сцэнар канкрэтных дзеяньняў, што могуць прывесьці да парушэньня парадку. Яна кажа, што дадзеная інфармацыя здабытая з парушэньнем заканадаўства, калі яе падабаронны быў пазбаўлены права на абарону. Някляеў кажа, што 99 працэнтаў усяго рабілася кампаніяй «Гавары праўду», а не пад перадвыбарчую кампанію. Справа ў дачыненьні кампаніі «Гавары праўду!» зачыненая. Чаму пракурор зноў вяртаецца да гэтых дакумэнтаў?

11:30 Пракурор чытае паказаньні Фядуты. Пачынаў праект ён, але потым яго кіраўніком стаў Дзьмітрыеў. Распавядае, якім чынам плянавалася шэсьце. Фядута тлумачыць, што тычыцца фінансаваньняў — не зьяўляецца прадметам дасьледаваньня. Кажа, што паказаньні яго падчас сьледзтва ня могуць быць доказамі. Няхай сьледзтва пакажа здымкі хоць дрэннай якасьці, як ён перавозіў сродкі ці мытную дэклярацыі пра перасоўваньне грошай. Пракурор зачытвае іншы пратакол допыту Фядуты. Паводле пракурора, Фядута там тлумачыць, якія разьдзелы канцэпцыі кім падрыхтаваныя.

11:20 Судзьдзя пытаецца, якім чыслом датаваныя пратаколы. Пракурор называе 14 студзеня. Судзьдзя прымае рашэньне зачытаць пратакол допыту. Пракурор зачытвае: «Адным з аўтараў дакумэнта зьяўляюцца я… Таксама Навумава, Дзьмітрыеў, дадзеныя лябараторыі „Новак“ выкарыстоўваюцца»

11:05 Пракурор задае пытаньне, ці мае Фядута адносіны да стварэньня канцэпцыі, што ёсьць у матэрыялах справы. Адвакаты Сідарэнка і Лабоха просяць удакладніць, як называецца дакумэнт. Пракурор цікавіцца зноў, ці меў абвінавачаны Фядута дачыненьне да распрацоўкі гэтага дакумэнта, дзе ёсьць узгадкі плошчы. Фядута цікавіцца, адкуль узяты гэты дакумэнт. Ён меў ужо размову са сьледчым, і той паабяцаў вярнуцца да пытаньня потым. Фядута тлумачыць, што ў дакумэнтах такога кшталту мяркуецца некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў.

Настойвае, каб яму патлумачылі, зь якога носьбіту зьняты гэты дакумэнт, ці ёсьць там яго подпіс. Судзьдзя удакладняе, што дакумэнт створаны ў 2009 годзе. Фядута зноў настойвае, што ня ведае, адкуль зьняты гэты дакумэнт. Някляеў удакладняе, што дакумэнты такога кшталту (канцэпцыі далейшага разьвіцьця краіны) звычайна распрацоўваюцца не адным чалавекам. І ёсьць пытаньне яшчэ адно: ці быў ён прыняты? Пракурор пытаецца, ці мае Фядута дачыненьні да разьлікаў, у якую суму абыдзецца плошча. Фядута адказаў, што не, разьлікі ён ня ўмее рабіць.

10:50 Пракурор лічыць, што падзеі на Калектарнай дастаткова вывучаны. Адвакат Букштынаў просіць далучыць дыск з запісамі на Калектарнай да справы, бо гэта іншы погляд, робіць здымкі іншы апэратар. Фядута падтрымлівае, абгрунтоўвае, чаму. Судзьдзя адмаўляе далучыць да справы і паглядзець дыск, зьняты БелаПАНам.

10:40 У залі суду каля трох дзясяткаў маладых людзей — студэнты альбо БРСМаўцы. Уважліва слухаюць дэбаты кандыдатаў. Кандыдаты выступаюць з 30-сэкундным апошнім зваротам. Саньнікаў заклікае на плошчу. Раманчук кажа, што сустрэнемся 19-га ў цэнтры горада.

Рымашэшскі заклікае 19-га а 20 гадзіне сустрэцца наноў. Статкевіч кажа, што «19 сьнежня — дзень вялікай прыборкі… Вярні тое, што скраў»

Абмяркоўваюць, ці варта глядзець фільм БТ «Жалезам па шклу». Пракурор супраць. Някляеў таксама кажа, што ня хоча глядзець. Адвакатка Тамара Сідарэнка просіць паглядзець фільм БелаПАН, дзе дакладна зьняты інцыдэнт на вуліцы Калектарнай.

10:20 Новы відэаролік — плошча Незалежнасьці. Адзін чалавек б’е шкло. Некалькі чалавек падняліся на прыступкі. Шкло б’е хлопец у акулярах дошкай. Бачна, што дзьверы знутры застаўлены шафамі. Мужчына сярэдніх гадоў у дублёнцы і кепцы б’е рукамі ў пальчатках. Лёзунгі чутны «Жыве Беларусь!», «Свабоду!» Някляеў кажа, што калі паказваюць пяць хвілін аднаго чалавека, які б’е, гэта не масавыя беспарадкі. Яго даўно ўжо можна было «павязаць».

10:10 На відэа чуваць, як з гукаўзмацняльнай машыны прадстаўнікі праваахоўных органаў папярэджваюць пра несанкцыянаваны характар акцыі. Выступае Віталь Рымашэўскі. Патрабуе дэмакратычных выбараў без Лукашэнкі. У кадры выступае Калякін. Прамаўляе Статкевіч. Адвакатка Тамара Сідарэнка робіць заўвагу, што на кадрах не пазначаны час.

10:05 Пачалося паседжаньне. Сёньня ў судовым паседжаньні — працяг вывучэньня відэаматэрыялаў справы. Дэманструюць ролік пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 сьнежня. Кандыдаты выступаюць каля Палаца прафсаюзаў. Натоўп выходзіць на праезную частку. У кадры — Ірына Халіп перамаўляецца з прадстаўнікамі ДАІ.
Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў, Ірына Мініна.

Суды за Плошчу
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай.

Першы дзень
Другі дзень
Трэці дзень
Чацьвёрты дзень
Пяты дзень
Шосты дзень
Сёмы дзень
Восьмы дзень
Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.
Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG