Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Бабруйскі суд працягне разгляд крымінальнай справы, распачатай па факце падпалу будынка мясцовага аддзяленьня КДБ у ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У зьдзяйсьненьні “асабліва злоснага хуліганства” абвінавачваюцца Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамолатаў. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Першае судовае паседжаньне адбылося 5 траўня. Акрамя сваякоў абвінавачаных, на ім прысутнічала кардынатарка камітэту ў стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Таісія Кабанчук. Яна кажа, што хлопцаў вінавацяць у тым, што яны нанесьлі будынку КДБ вялікую шкоду. Яе памер ужо больш за 1 мільярд рублёў. З такім абвінавачваньнем, зазначае Кабанчук, яны не згаджаюцца:

“Яны не адмаўляюць таго, што зрабілі. Хлопцы наадварот казалі, што мы рабілі ўсё так, каб меней шкоды нанесьці. Будынак КДБ знаходзіцца побач з пажарнай часткай. Шпурлялі бутэльку на ганкі, каб яна не патрапіла ў акно, каб нічога не загарэлася. Казалі, што выбралі выхадныя дні. Тая бутэлька ўпала, і вадкасьць на зямлі згарэла. Толькі бярозка крыху падгарэла, а так будынку нічога. І дзьверы троху падкурылі”.

Як кажа маці Яўгена Васьковіча, Рушаньня Іванаўна, першапачаткова памер шкоды, якая была нанесеная будынку КДБ, вызначаўся меншай сумай:
“85 тысячамі рублёў. Гэтыя грошы мы і заплацілі”.

Карэспандэнт: “Адкуль тады зьявіліся мільярдная шкода?”

“Гэтага я ня ведаю, адкуль. Гэта яны вырашылі, што раптам нібы ўсё згарэла. Дык столькі яны налічылі”.

Карэспандэнт: “То бок, разглядаецца шкода ад зьнішчэньня ўсяго будынка? У гэтым выпадку былі шкоды мільярдныя?”

“Так, менавіта так. Я ж аплаціла 85 тысяч. Ну, відаць і тыя хлопцы столькі ж аплацілі”.

Жыхара Бабруйску Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве -- на наступны дзень пасьля ягонага ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова хлопец завочна вучыцца на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту. У Магілёў ён прыехаў здаваць сэсію. Ён працуе ў недзяржаўнай газэце "Бабруйскі кур’ер". Прыхільнік стваранай партыі "Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя". Удзельнік Плошчы. Адседзеў 12 сутак на Акрэсьціна.

Паводле маці Васьковіча, на першым судовым паседжаньні ён трымаўся бадзёра. Зь лістоў хлопца сябрам на волі вядома, што ён не шкадуе аб учыненым. Заяўляе, што сваім учынкам хацеў паказаць, што трываць сёньняшні палітычны рэжым у Беларусі няма сілы.

Пра яшчэ двух фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка сам з Горадні. У Бабруйску ён вучыцца. Не хавае сваёй прыхільнасьці да анархісцкага руху. Павал Сырамалотаў -- з Бабруйску. Сябрам ніводных моладзевых рухаў і груповак сябе ня лічыць.

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску быў зраблены напад на будынак КДБ. Адразу быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Сяргей Сьлюсар, у яго дома быў праведзены ператрус, аднак потым ён быў вызвалены, паколькі сьледзтва ня выявіла яго датычнасьці да нападу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG