Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «Паказаньні сьведак напісаныя пад капірку»


У Ленінскім судзе Менску працягваецца працэс над кандыдатамі ў прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам, Дзьмітрыем Вусам і яшчэ пяцьцю ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня.

16 траўня суд заслухаў паказаньні сямі сьведак з боку абвінавачаньня. Спадар Васіленя з Бабруйску, які працуе ў мясцовай школе-інтэрнаце для сірот, распавёў пра сустрэчы Статкевіча і Вуса з выбарцамі ў Бабруйскім палацы моладзі 18 сьнежня. Паводле сьведкі, Статкевіч заклікаў прыйсьці на плошчу 19 сьнежня, каб дамагацца справядлівых выбараў, а Вус абмежаваўся выкладаньнем сваёй праграмы па рэфармаваньні выбарчай сыстэмы.

Пасьля допыту Васілені высьветлілася, што астатнія сьведкі ў суд не зьявіліся. Спаслаліся да далёкі шлях з Бабруйску і Магілёва. Суд пагадзіўся выслухаць іх пісьмовыя паказаньні. У тым ліку гэта былі паказаньні чатырох супрацоўніц СШ № 23 з Магілёва: намесьніка дырэктара школы Семачкінай, настаўніцы інфарматыкі Бакуль, сакратара Карпекінай і тэхнічнай супрацоўніцы Сінчанка. Паводле назіральнікаў, іх паказаньні былі вельмі падобныя, нават напісаныя як пад капірку: «Склалася ўражаньне, што Статкевіч рабіў акцэнт не на праграме. А на закліку да плошчы», — прагучала аднолькава ва ўсіх паказаньнях.

Вось яшчэ некалькі аднолькавых фразаў, якія ужылі розныя сьведкі: «Я чалавек вайсковы, адмыслова абучаны», «трэба націснуць на ўладу», «на пытаньне маё не адказаў, а заклікаў на плошчу», «мы ведаем, што не пераможам, але сябе трэба паказаць», — гэтыя фразы з выступу Статкевіча цытавалі ўсе сьведкі з 23-й магілёўскай школы.

Аказваецца, задавалі Статкевічу на сходзе і гэтак званыя правакацыйныя пытаньні. Яго пыталіся, чаму разьвёўся з жонкай, чаму дзіўна вымаўляе літару «р» і нават на чыёй адказнасьці будуць чалавечыя ахвяры, калі нехта расстраляе людзей на мітынгу з аўтамата. На такія пытаньні Статкевіч адказваў тым, што будзе асабіста кантраляваць сытуацыю, але верыць ў мірны характар акцыі.

«Натоўп створыцца, не хвалюйцеся, я ўсё разрулю. Сёньня я на ўсіх сайтах сказаў, што бяру адказнасьць. Галоўнае, каб гэты чалавек, які вельмі баіцца, глупстваў не нарабіў. Але ў яго грошай ужо няма. Усе беларусы гэта разумеюць. І мы вырашым гэтую праблему, атрымаем сапраўдныя выбары, а празь іх вырашыцца і ўсё астатняе. Дзякуй. (аплядысмэнты)».

Мікалай Статкевіч не адмаўляў, што заклікаў на плошчу і заяўляў, што выбары былі зымітаваныя, таму трэба «націснуць на ўладу» вялікай колькасьцю пратэстуючых. На сустрэчах, мяркуючы па відэа са справы, экс-кандыдат падрабязна тлумачыў выбарцам мэханізм фальсыфікацый.

Пасьля Мікалая Статкевіча дзяліўся сваімі назіраньнямі і выбарчым досьведам Дзьмітрый Вус. У тым ліку ён прыводзіў у прыклад свайго супрацоўніка, які працуючы дырэктарам школы, атрымліваў загады падрабляць вынікі галасаваньня, а калі адмовіўся — зь ім спынілі кантракт. Абодва кандыдаты называлі кантрактую сыстэму падмуркам для таго, каб прымусіць адных людзей фальшаваць выбары, іншых — маўчаць пра тое, што яны бачаць і не пратэставаць.



У канцы дня судзьдзя Грачова адхіліла два хадайніцтвы абаронцаў Статкевіча і Вуса. Тыя дамагаліся выклікаць у суд у якасьці сьведкі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і запрасіць у тэлефоннай кампаніі дадзеныя, якія тычацца месцазнаходжаньня Вуса падчас тэлефоннай размовы са Статкевічам. Гэтая размова фігуруе ў справе. Дарэчы, такім чынам зноў выявілася, што пракуратура Беларусі яшчэ да выбараў дала дазвол на трывалае праслухоўваньне тэлефонных размоў абодвух кандыдатаў на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG