Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вазьняк: Відэаматэрыялы пацьвярджаюць вэрсію абароны, а ня вэрсію абвінавачваньня


Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк
Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі. У панядзелак пачаўся прагляд відэаматэрыялаў справы і быў дапытаны ў якасьці сьведкі Павал Севярынец.

У залі суду з раніцы быў усталяваны вялізны манітор. Спачатку прагледзелі відэаролікі з сустрэчаў Някляева з выбарцамі і яго выступ па беларускім тэлебачаньні. А потым пачаліся тэхнічныя праблемы. Дэманстравалі відэа з плошчы. На экране — стоп-кадар, дзе буйным плянам Наста Палажанка, а галасы за кадрам гучаць мужчынскія. Някляеў абурыўся.

Адвакат Тамара Сідарэнка падтрымлівае заўвагу Някляева: доказамі гэтыя кадры ня могуць зьяўляцца. Судзьдзя вымушана абвяшчаць перапынкі для наладкі апаратуры. Аляксандар Фядута ў перапынках эмоцый ня стрымліваў:

«Грошы, каб падслухоўваць, падглядваць за ўсёй краінай, у іх ёсьць. А тое, каб іх суды ў іх уласных мэтах маглі ўсім гэтым скарыстацца, у іх апаратуры няма…»

Паказалі і відэазапіс інцыдэнту на вуліцы Калектарнай. Было выразна бачна, што людзі ў чорным былі без апазнавальных знакаў і надпісаў на вопратцы. Буйным плянам паказалі разьбіты твар Някляева. Сяргей Вазьняк пасьля гэтага прагляду выказаў такое меркаваньне:
Усе доказы, здабытыя апэратыўна-сьледчай групай, нашу вэрсію пацьвярджаюць, а ня вэрсію абвінавачваньня.

«Відэаматэрыялы пацьвярджаюць вэрсію абароны, а ня вэрсію абвінавачваньня, што клікалі на мірную акцыю, што ўсіх гэтых правакатараў трэба ізаляваць… То бок, усе доказы, здабытыя апэратыўна-сьледчай групай, нашу вэрсію пацьвярджаюць, а ня вэрсію абвінавачваньня».

Карэспандэнтка: «Паказалі нават здымкі, зробленыя «Нашай Нівай»…

«Так, дзе бачна, што гэтыя два міліцыянэры, афіцэры ДАІ, ілжэсьведчылі, казалі, што былі надпісы „Міліцыя“ на сьпінах людзей у чорным, а ніякіх надпісаў не было, мы гэта бачылі. То бок, іх трэба прыцягнуць па 401-м артыкуле за дачу заведама лжывых паказаньняў. Яны былі папярэджаныя аб крымінальнай адказнасьці».

Пры канцы дня ў судзе заслухалі ў якасьці сьведкі Паўла Севярынца, якога толькі раніцай вызвалілі з залі суду.

У аўторак будзе працягнуты прагляд відэаматэрыялаў, а таксама, паводле вэрсіі адвакатаў, могуць пачацца судовыя спрэчкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG