Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст паскардзіўся. Для міліцыянтаў правялі моўныя заняткі


Уладзімер Лапцэвіч па выхадзе з турмы.
Уладзімер Лапцэвіч па выхадзе з турмы.
«Усе супрацоўнікі ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ведаюць беларускую мову на ўзроўні атрыманай імі сярэдняй адукацыі», гэтак заяўлена карэспандэнту інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзімеру Лапцэвічу ў адказе на яго скаргу з ізалятара часовага ўтрыманьня. Журналіст скардзіўся на тое, што супрацоўнікі ізалятару падчас яго зьняволеньня не адказвалі яму па-беларуску, чым парушалі закон «Аб мовах». Адказ падпісаны часовым выканаўцам абавязкаў начальніка ізалятара Паўлавым.

У адказе таксама заяўлена, што навучальныя праграмы для сярэдне-спэцыяльных і бальшыні вышэйшых устаноў Беларусі не прадугледжваюць паглыбленага вывучэньня беларускай і расейскай моваў. Уладзімер Лапцэвіч допісам Алега Паўлава не задаволены. Лічыць яго адпіскай:

«Адказ не адпавядае па сутнасьці таму, на што я скардзіўся. Я не прасіў нікога казаць мне пра паглыбленасьць вывучэньня моваў. Для мяне было галоўным, каб супрацоўнікі ізалятара да мяне зьвярталіся па беларуску, а марфалягічнага разбору сказаў я ж нікога зь міліцыянтаў не прасіў рабіць. У законе „Аб мовах“ запісана, што дзяржаўныя службоўцы мусяць ведаць і беларускую, і расейскую мову ў межах, якія дазваляюць ім выконваць іх службовыя абавязкі».

Уладзімера Лапцэвіча адказам паінфармавалі, што 29 сакавіка 2011 году для супрацоўнікаў ізалятару былі праведзеныя заняткі па тэме: «Вывучэньне беларускай мовы як умова павышэньня ўзроўню прафэсійнай і прававой культуры». Тым ня менш журналіст усё адно зьбіраецца ў судовым парадку абскарджваць адказ начальніка ізалятара.

Уладзімера Лапцэвіча затрымалі 25 сакавіка на пешаходнай вуліцы Ленінскай Магілёва. Ён зьбіраўся асьвятляць акцыю мясцовай апазыцыі, прымеркаванай да Дня волі. Судзьдзя Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу: за лаянку і няўвагу да заўвагаў міліцыянтаў, а таксама за непадпарадкаваньне ім. Журналіста асудзілі на сем сутак арышту. Трое зь іх ён адбыў да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG