Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Дземідзенку далі 15 сутак


Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

Намесьніка старшыні "Маладога фронту" Міколу Дземідзенку прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Вэрдыкт вынес у судзе Першамайскага раёну Менску судзьдзя Юры Гарбаток, паведамляе БелаПАН, спасылаючыся на праваабаронцу Насту Лойку.

Паводле яе словаў, суд быў фактычна закрытым і да вечара праваабаронцы і сябры Дземідзенкі ня ведалі яго вынікаў.

"Акрамя таго, мы дагэтуль не ведаем, па якім артыкуле асуджаны Дземідзенка. Гэтай інфармацыі ў судзе нам не далі. Сказалі толькі, што ён прыгавораны да адміністрацыйнага арышту і будзе адбываць пакараньне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна" — сказала Лойка.

Лойка пацьвердзіла інфармацыю, што Дземідзенка аб'явіў галадоўку.

Намесьнік старшыні "Маладога фронту" быў затрыманы 14 траўня ў Менску. Ён і некалькі яго таварышаў зьбіраліся вывесіць на адным з дамоў насупраць Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску бел-чырвона-белы сьцяг. Такім чынам маладыя людзі хацелі нагадаць грамадзянам пра рэфэрэндум аб зьмене нацыянальнай сымболікі, які прайшоў 14 траўня 1995 году. Спроба вывешваньня сьцягу была спынена супрацоўнікамі міліцыі. Дземідзенка быў затрыманы, яго таварышам удалося ўцячы.
XS
SM
MD
LG