Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Задача судоў — прадухіліць у будучыні Плошчу»


Чаму беларускія ўлады, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю Захаду, працягваюць выносіць жорсткія прысуды ўдзельнікам Плошчы? Што ўлада гэтымі прысудамі хоча прадэманстраваць грамадзтву, які ўрок павінны засвоіць актывісты апазыцыі? Ці можа Захад не ўступаць у «гандаль палітзьняволенымі» зь беларускім рэжымам?


На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Юры Чавусаў
Паўлюк Быкоўскі
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Навошта беларускія ўлады, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю Захаду, працягваюць выдаваць жорсткія прысуды ўдзельнікам Плошчы? Што ўлада гэтымі прысудамі хоча сказаць, прадэманстраваць грамадзтву? Які ўрок, на яе думку, павінны засвоіць актывісты дэмакратычных партыяў і ўвогуле грамадзяне?

Быкоўскі: Ёсьць цэлы комплекс мэтаў, якія дасягаюцца такім чынам. З аднаго боку, «захаваньне твару». Бо адпусьціць проста так гэтых людзей, якіх ужо назвалі ледзь не тэрарыстамі, для ўлады немагчыма. Зь іншага боку, калі мець стасункі з Эўропай і надалей, то давядзецца нешта саступаць. І тут мы вяртаемся зноў да пытаньня «гандлю палітзьняволенымі» — паляпшэньнем умоваў утрыманьня альбо вызваленьнем. Ну і, напэўна, яшчэ тут прысутнічае такі чыньнік, як барацьба паміж спэцслужбамі за сфэры ўплыву.

Чавусаў: Функцыі гэтага пакараньня — такія ж самыя, як у крымінальных прысудах. Па-першае, «выхаваўчая», каб прадухіліць паводзіны людзей у гэтым кірунку. Па-другое, прадэманстраваць непазьбежнасьць пакараньня, жорсткасьць пакараньня. І ў цэлым — прадухіліць у будучыні падобнае разьвіцьцё падзеяў, Плошчу, вулічную дэмакратыю.
Вялікая колькасьць палітзьняволеных была ўжо прадвызначана на момант, калі быў запушчаны сцэнар масавага разгону.

Безумоўна, гэтыя працэсы палітычныя. Гэтых людзей, палітыкаў, разглядаюць як злачынцаў, якія замахнуліся на дзяржаўную ўладу. У Беларусі няма незалежнага суду, таму суд дзейнічае ў лёгіцы захаваньня існуючага ладу. Прысуды, безумоўна, прапісаныя загадзя, яны вызначаныя палітычнымі паводзінамі падсудных. І гэта ўкладаецца ў тую стратэгію, якая была апраўданая ўладай напярэдадні 19 сьнежня. Вялікая колькасьць палітзьняволеных была ўжо прадвызначана на момант, калі быў запушчаны сцэнар масавага разгону.

Увогуле, трэба канстатаваць, што ў выніку выбараў у Беларусі палітычны рэжым зьмяніўся — на больш жорсткі. З гэтага трэба зыходзіць, аналізуючы бягучыя падзеі.

Цыганкоў: Калі мы кажам пра «гандаль палітзьняволенымі», то варта ўзгадаць славутую ангельскую прымаўку «для танга трэба двое». Ці абавязкова Захаду гуляць па правілах, якія навязвае афіцыйны Менск?

Чавусаў: Так, цяпер самае папулярнае слова — дэвальвацыя. Адбылася дэвальвацыя і таго «капіталу» з палітзьняволеных, які ў Лукашэнкі нібыта быў і якім ён зьбіраўся пачынаць торг з Захадам. Выглядае, што Эўропа ня хоча ісьці на новы этап палітыкі «мы выпускаем аднаго, а вы за гэта даяце нам крэдыт» і гэтак далей. Мне падаецца, у заходніх палітыкаў ёсьць асабістая крыўда на тое, што Менск іх заганяе ў гэтае ганебнае кола.
Эўропа ня хоча ісьці на новы этап палітыкі «мы выпускаем аднаго, а вы за гэта даяце нам крэдыт.

Мне падаецца, Захад скарыстаў яшчэ ня ўсе рычагі, каб з гэтага ганебнага кола вырвацца. Я б на месцы лукашэнкаўскіх аналітыкаў вельмі ўважліва прыслухаўся да словаў пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў. Бо яны ўжо гучаць ня толькі ў заявах дэпутатаў Эўрапарлямэнту, але і ад выканаўчай улады Эўразьвязу. Пры гэтым гаворка ідзе пра санкцыі нават больш радыкальныя, чым тыя, якія выкарысталі ўжо ЗША.

Таму, калі гандаль і пачнецца, то ён будзе ісьці не па правілах Лукашэнкі. Ёсьць умова вызваленьня ўсіх палітвязьняў і іх поўнай рэабілітацыі. На гэта Лукашэнка пакуль не гатовы пайсьці.

На сёньня прысуды абумоўленыя ў першую чаргу ўнутрыпалітычнымі чыньнікамі. Улады спрабуюць канструяваць апазыцыю, будаваць яе такой, якая ім патрэбная. Яна ім патрэбная слабая, расьцярушаная, падзеленая паміж тымі, хто за кратамі, і тымі, на каго павесяць ярлык «канструктыўнай». Такім чынам, жорсткімі прысудамі ўлады хочуць дамагчыся зручнай для сябе канфігурацыі апазыцыйных сілаў у пэрыяд неспрыяльнай эканамічнай сытуацыі і неспрыяльных настрояў у грамадзтве.

Цыганкоў: Як афіцыйны Менск, на вашую думку, мяркуе даваць рады нэгатыўнай рэакцыі Эўропы на гэтыя дзеяньні? Няўжо кіраўніцтва Беларусі не разумее, што новыя прысуды пацягнуць за сабой новыя дзеяньні Эўразьвязу? Або ім гэта цяпер ня так важна? Ці ён проста ня верыць, што Эўропа гатовая пайсьці на афіцыйныя санкцыі?

Быкоўскі: На маю думку, афіцыйны Менск працягвае верыць, што на Захадзе заўсёды знойдзецца партнэр, зь якім можна весьці перамовы. Сярод заходніх палітыкаў ёсьць як тыя, хто перакананы, што з Лукашэнкам весьці размовы нельга, так і тыя, хто лічыць, што можна і трэба весьці перамовы, бо ёсьць мэта — вызваленьне канкрэтных людзей. І паколькі Захад — не маналіт і там ёсьць палітыкі з розным уплывам і рознымі меркаваньнямі, то існуе верагоднасьць заўсёды знайсьці таго, з кім можна ўступіць у перамовы.

Кіраўнікі Беларусі ўсё яшчэ бачаць сябе ў зусім іншай сытуацыі, ня ў той, у якую яны рэальна трапілі пасьля 19 сьнежня.
Іншая рэчы, што, сапраўды, адбываецца дэвальвацыя таго, на якую палічку кладуць афіцыйную Беларусь. Яна ўжо не ўспрымаецца многімі палітыкамі як эўрапейская краіна, дзе ня можа быць палітзьняволеных. Яны ўжо прызвычаіліся, што ў Беларусі існуе менавіта такі неэўрапейскі рэжым.

Таму сам гандаль ужо будзе ісьці па не зразумелых беларускаму боку правілах. Бо самі кіраўнікі Беларусі ўсё яшчэ бачаць сябе ў зусім іншай сытуацыі, ня ў той, у якую яны рэальна трапілі пасьля 19 сьнежня.

Чавусаў: Паўлюк сказаў вельмі важную рэч, ужыў тэрмін, які адрозьніваецца ад таго, які выкарыстоўваўся раней. Так, ужо ніхто ня кажа пра «дыялёг» зь беларускім рэжымам, кажуць пра «перамовы». І, напэўна, гэта адзіны шлях, каб дамагчыся вызваленьня палітвязьняў і нейкіх паляпшэньняў у Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG