Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Цягнуўся гэты маразм нядоўга, але страху на людзей нагнаў"


Генсек КПСС Юры Андропаў

Генсек КПСС Юры Андропаў

Чыноўнікі "вэртыкалі" ў рэгіёнах пачалі выконваць патрабаваньні Лукашэнкі аб узмацненьні дысцыпліны. Кіраўнік краіны нядаўна запатрабаваў выкарыстоўваць дзеля гэтага практыку андропаўскіх часоў. Ужо на сёньня ў рэгіёнах вядомыя факты, калі ладзяцца аблавы на так званых "прагульшчыкаў і дармаедаў", вяртаецца пісьмовы ўлік знаходжаньня людзей на працоўных месцах, а таксама кантроль за ідэалягічнай і кадравай працай.

Пра падрабязнасьці інфармуюць карэспандэнты "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


У школах — "андропаўшчына" і пошук "тэрарыстаў"

У Віцебску штодня чакаюць "андропаўскіх" праверак. Нават выкладчыкаў школ і ВНУ, якія працуюць па раскладзе, а ня ўвесь працоўны дзень, змушаюць знаходзіцца на працы з ранку да вечара.

З гэтае нагоды ўвялі кантрольныя сшыткі, распавядае спадарыня Вольга, настаўніца адной зь віцебскіх школ:

"Гаварылі ж па тэлевізары, што ўсё будзе, як пры Андропаве. У нас завуч адзначае, хто ў колькі прыходзіць, хто ў колькі сыходзіць, калі сыходзіць і вяртаецца — таксама".

Пра тое самае гаворыць і настаўніца іншай школы, спадарыня Людміла:

"Сёньня мой бацька размаўляў са сваім калегам, які ў ВНУ працуе, дык там загадана зьяўляцца да пэўнай гадзіны. У нас таксама нешта падобнае ўвялі: прыходзіш — пазначаеш час і расьпісваесься, сыходзіш — ставіш час ды расьпісваесься. Да ўсяго ў нас новы начальнік райаддзелу адукацыі, ён асабіста аб’яжджае ўсе школы, дык усе школы працуюць — ня тое слова! А наша школа — непрыстасаваная, там дужа халодна бывае".

На нязручнасьці для настаўнікаў у Віцебску ўвагі не зьвяртаюць. У школах зь нядаўняга часу іншы клопат. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў успомніць, як у андропаўскія часы мацавалі працоўную дысцыпліну, абгрунтаваўшы гэта высновамі зь нядаўняга тэракту ў менскім мэтро. Таму сьледам за сярэдняй школай № 35, дзе вучыліся двое абвінавачаных у тэракце віцебскіх хлопцаў, усе школы толькі што перажылі праверку выхаваўчай працы і захаванасьці вучэбнай зброі.

Абвінавацілі… за пачак сшыткаў пяцігадовай даўніны

Цяпер у школе ўсё як у войску, кажа настаўніца спадарыня Вольга:

"Да нас таксама прыходзіла праверка… Цяпер як у войску: на кожнай шафе павінен быць сьпіс таго, што там захоўваецца".

А часам да настаўнікаў, якіх праверкі ўжо замучылі, патрабаваньні ўвогуле абсурдныя, кажа спадарыня Людміла:

"Аказваецца, у 35-й школе падчас праверкі знайшлі пачак сшыткаў пяцігадовай даўніны. І аказваецца, гэта таксама "крымінал"! Нам так і казалі: "Уяўляеце, там знайшлі сшыткі пяцігадовай даўніны! Глядзіце, каб у вашых шафах леташніх сшыткаў не было!". Так што "андропаўшчына" — гэта ўжо асобным радком!".

Але актывіст грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Мікалай Петрушэнка перакананы, што для кагосьці новая "андропаўшчына" была б дужа карыснай:

Пра пакараных чыноўнікаў яшчэ ня чулі

"8 траўня я быў у аграгарадку Смаляны, там мусіў чыноўнік з аблвыканкаму прымаць грамадзянаў па асабістых пытаньнях. І што: аб’ява вісіць, а чыноўніка — няма!

Патрэбная "андропаўшчына" дэпутатам, каб яны своечасова выслухоўвалі нашых грамадзян, і патрэбная такім чыноўнікам аблвыканкаму, якія езьдзяць за камандзіровачныя, трацяць грошы дзяржаўнага бюджэту, але не выконваюць сваіх абавязкаў".

Пра пакараных чыноўнікаў на Віцебшчыне яшчэ ня чулі. Начальства палохае праверкамі пераважна шараговых працаўнікоў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Усіх зачынілі ў краме і перапісалі"

У Рэчыцы міліцыя правярала ў краме "Юбілейны" пакупнікоў — хто яны і чаму прыйшлі закупляцца ў працоўны час?

Пад гэтую працэдуру трапіла прадпрымальніца, якая й паведаміла пра гэта мясцоваму прадстаўніку грамадзкага руху "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Алегу Шабетніку:

"Зачыніла краму міліцыя на выхадзе, і ўсіх, хто там знаходзіўся, перапісвалі, пыталіся, працуюць ці не. Па тэлевізары Лукашэнка сказаў: папулярная ці не такая мера, але будзем даведвацца, дзе й хто мусіць знаходзіцца.

Калі ў калектыве ня ведаюць, дзе іхні працаўнік, то гэта праблема калектыву, а не праблема міліцыі. Міліцыя павінна займацца пошукам бандытаў, злачынцаў — вось гэта іхняя праца, а не выяўляць людзей, якія знаходзяцца на працы альбо не".

Падобная мэтады ўзмацненьня працоўнай дысцыпліны ўводзіліся ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя падчас кіраваньня генсека КПСС Андропава.

Прыгадвае былая супрацоўніца абласной арганізацыі спадарыня Марыя:

"Я добра памятаю андропаўскія часы. Пры ўваходзе ў нашу абласную арганізацыю паставілі стол, пасадзілі за яго супрацоўніцу Галіну, далі ёй бухгальтарскую кнігу, і мы ўсе ў ёй ставілі подпісы — хто калі прыйшоў, хто калі пайшоў. Усё гэта выклікала дзікі рогат і зьдзек. Цягнуўся гэты маразм нядоўга, але страху на людзей у першыя дні нагнаў".

"І наведваньне прыбіральні — таксама пад улік"

Зараз кантролем выкананьня Дырэктывы № 1 пра дысцыпліну заняліся розныя дзяржаўныя структуры. Абласны камітэт дзяржкантролю праверыў нядаўна ажно 94 рэгіянальныя ўстановы сацыяльнай сфэры наконт захаваньня працоўнай дысцыпліны. У васьмі арганізацыях кантралёры выявілі, што на працоўных месцах адсутнічалі 11 працаўнікоў, а чацьвёра — спазьніліся на працу.

Да прыкладу, у Веткаўскім гарадзкім доме культуры на момант праверкі адсутнічалі загадчыца аддзелу, мастак-афармляльнік, інжынэр па гуку й двое кіраўнікоў гурткоў.

У жыльлёва-камунальным прадпрыемстве "Веткаўскае" кантралёры не далічыліся рабочай-прыбіральшчыцы, а ў КЖРЭУП "Навабеліцкае" — майстра ўчастку.

Траіх спэцыялістаў па рамонце й шыцьці адзеньня не было падчас праверкі ў Жлобінскім камбінаце бытавога абслугоўваньня.

"Андропаўскія" парадкі прыгадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету са Жлобіна Марат Афанасьеў, які працаваў у свой час кіраўніком бюро на мэталургічным заводзе:

"Дайшло да абсурду. Начальнік мне калісьці загадваў: ты павінен запісваць усё, што ты робіш на заводзе — куды пайшоў, куды адлучыўся. Я пытаюся: "Дык мне й наведваньне прыбіральні запісваць?". Ён адказвае: "Так, і наведваньне прыбіральні запісваць, бо мы павінны кантраляваць увесь твой працоўны час".

"Але ж птушкі ў клетцы не сьпяваюць…"

Спадар Афанасьеў кажа, што неўзабаве "кантрольныя" журналы кудысьці зьніклі, бо запаўненьне і праверка іх адбіралі нямала часу. Ніякага станоўчага эканамічнага эфэкту яны не далі. І зараз не дадуць:

"Якая эканоміка?! Якая тут эканоміка, калі ўжо сёньня бачна, што ўсё сыплецца? Улады прыдумляюць спосабы, каб чалавека закабаліць канчаткова. Ён, правіцель, сказаў жа, што ўвесь час павінен быць прысьвечаны працы, а астатні час — на кухні займайцеся дэмакратыяй. Але ж птушкі ў клетцы не сьпяваюць".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Запалохваюць, каб людзі баяліся дамагацца сваіх правоў"

У Горадні адбыліся першыя праверкі грамадзянаў, якія ў рабочы час былі не на працы, — як у 80-я гады, калі Савецкім Саюзам кіраваў былы чэкіст Юры Андропаў.

Тыя, хто памятае савецкія часы, паставіліся да навіны крытычна. Адзін з рабочых распавядае мне, што за часамі Андропава падобныя праверкі ладзілі ня толькі ў крамах, але і ў кінатэатрах, нават у лазьнях, але ў выніку гэта нічога не дало.

Спадар: "Яны імкнуцца чыніць ціск з усіх бакоў на людзей, але што гэтыя праверкі дадуць? Нармальны чалавек можа заўсёды пісьменна адказаць на іх пытаньні, і што… На эканоміку гэта не паўзьдзейнічае, бо ўсё стаіць, толкам нічога не працуе. Дык каго яны ловяць?..".

Кіраўнік Незалежнага прафсаюзу ААТ "Гродна-Азот" Сяргей Антусевіч таксама лічыць, што гэтыя праверкі скіраваныя перш за ўсё на запалохваньне людзей у сытуацыі, калі краіна перажывае цяжкія эканамічныя праблемы. Маўляў, людзей хочуць запалохаць, каб і ў такі час яны баяліся дамагацца сваіх правоў.

Ён перакананы, што такімі мэтадамі змагацца бессэнсоўна. На яго думку, і кантрактная сыстэма, і рознага кшталту дырэктывы аб навядзеньні дысцыпліны і г.д. ня ўзьдзейнічаюць наўпрост на эканоміку.

Антусевіч: "Калі ўжо пусьцілі ў ход Адміністрацыю прэзыдэнта і Дзяржкантроль, якія будуць займацца праверкай наяўнасьці людзей на рабочых месцах і г.д., гэта азначае, што ўсё можа ператварыцца ў фарс, можа дайсьці да стварэньня нейкіх рабочых атрадаў…".

"Стымуляваньне працы — гэта задача эканомікі, а не міліцыі"

Жыхар раённага гарадка Вялікая Бераставіца Віктар кажа мне, што вяртаньне да "андропаўшчыны" нагадвае яму гісторыю развалу Савецкага Саюзу, калі замест таго каб наўпрост рабіць эканамічныя захады, савецкія ўлады працягвалі адстойваць мёртвыя ідэалы камунізму.

Спадар: "Стымуляваньне працы — гэта задача эканомікі, а не сілавых органаў. Калі ўжо сілавыя органы ўмешваюцца ў стымуляваньне працы, то гэта азначае, што эканоміка не працуе зусім, гэта гнілая эканоміка. Такое немагчыма, патрэбныя эканамічныя рычагі, патрэбна, каб чалавек меў выбар".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Узмацняецца прыгоннае права"

На Магілёўшчыне з праявамі "андропаўскіх" мэтадаў умацаваньня дысцыпліны першымі сутыкнуліся будаўнікі й працаўнікі вялікіх прадпрыемстваў.

На будоўлях рэгіёну штогод фіксуюцца дзясяткі фактаў парушэньня працоўнай і тэхналягічнай дысцыпліны. Будаўнікі нярэдка гінуць. Працаўнікі ня супраць паляпшэньня ўмоваў працы й наагул дысцыпліны на аб’ектах, аднак што да "андропаўскіх" мэтадаў барацьбы за гэта, дык тут яны выказваюцца рэзка і эмацыйна.

"Будуць прыбіраць з працы людзей, якія недаспадобы ўладзе"

"Ні адпрасіцца, ні адысьці нікуды, ні заявы не напісаць. Усё, ты павінен быць на працоўным месцы. Скарачаецца праграма будаўнічая на сорак працэнтаў, таму людзей лягчэй будзе выганяць з працы. Зразумела, што на гэтай падставе будуць прыбіраць людзей, якія недаспадобы ўладзе. Людзі, аднак, што рабілі, тое й будуць рабіць. Як пілі, так і будуць піць, як кралі й прагульвалі — так і будзе ўсё", — зазначае будаўнік з Магілёва Аляксей.

Работнікі бабруйскай "Белшыны" таксама абураюцца. Некаторыя зь іх заяўляюць, што фразу "ўмацаваньне дысцыпліны" ўжо ня могуць чуць. Гаворыць працаўнік гэтага прадпрыемства Міхаіл:

"Ну, на адну хвіліну чалавек адышоў — тлумачальную пішы. І пакараньне. Мала таго, што кантракты. Чалавек за гадзіну, паўтары прыходзіць на працу раней, а потым ніхто слухаць ня хоча, каб адпусьцілі на паўгадзіны раней на тралейбус. Каб потым усе туды не сядалі, як у бочку нібыта, асабліва пасьля другой зьмены".

"Гэта выкліча незадаволенасьць працоўных"

Сытуацыю з чарговым новаўвядзеньнем улады па ўмацаваньні працоўнай дысцыпліны сябры незалежных прафсаюзаў успрымаюць як працяг дзейнасьці па закабаленьні працоўных. Гаворыць кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў:

"У нас жа ўжо ёсьць прыгоннае права. Гэта кантракты. А гэта будзе ўзмацненьне прыгоннага права. Калі работніку й трэба будзе сысьці ў працоўны час, нават калі працы няма, будзе сядзець ад званка да званка на працы. Зразумела, што гэта выкліча незадаволенасьць працоўных. Яны ўжо і так ушчэмленыя ўва ўсім, гэтыя рабацягі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG