Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: Я лічу мужа нацыянальным героем


Пасьля суду
Пасьля суду
У судзе Заводзкага раёну Менску завяршыўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня. Вынесены прысуды сустаршыні аргкамітэту партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" і кіраўніку перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўлу Севярынцу, журналістцы, жонцы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп і кіраўніку перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргею Марцэлеву. Судзьдзя Жана Брысіна прысудзіла: Паўлу Севярынцу — 3 гады "хіміі", Сяргею Марцэлеву — 2 гады з выпрабавальным тэрмінам, Ірыне Халіп — 2 гады з адтэрміноўкай.

Да будынка суду задоўга да абвяшчэньня прысуду прыйшлі каля сотні чалавек. У невялічкую залю супрацоўнікі спэцслужбаў прапусьцілі толькі частку людзей. Журналісты, праваабаронцы, палітыкі і грамадзкія дзеячы чакалі вынікаў у калідоры і на ганку. Абвінавачаных, вызваленых з-пад варты ў залі суду, яны сустракалі кветкамі, воклічамі і воплескамі. Першай да журналістаў выйшла Ірына Халіп:

"Да чаго мы дайшлі, калі радуемся таму, што нас пасадзілі не на 10—15 гадоў, а нарэшце далі мне магчымасьць гуляць з маім дзіцём, пазбавіўшы яго бацькі. Мяне больш турбуе прысуд майму мужу: 5 гадоў. Я цудоўна разумею, што мой муж ня будзе сядзець пяць гадоў, я цудоўна разумею, што яго асудзілі толькі для таго, каб абмяняць на Луіса Карвалана — гэта значыць на жратву і крэдыты. Пытаньне: якую цану
Мой муж ня будзе сядзець пяць гадоў, я цудоўна разумею, што яго асудзілі толькі для таго, каб абмяняць на Луіса Карвалана — гэта значыць на жратву і крэдыты
за яго заломяць. Але ўвесь гэты час я спрабавала зразумець: чаму мяне спачатку трымалі ў СІЗА, а пасьля пад хатнім арыштам? Бо калі меркаваць лягічна — калі большасьці зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, то навошта жанчыну зь дзіцём трымаць пад замком? А пасьля заявы майго мужа, якую ён зрабіў у судзе, што яму пагражалі маім і Данікавым жыцьцём, то я разумею, што мяне проста трымалі закладніцай. І майму мужу казалі, што твая жонка і тваё дзіця ў нашых руках: у замкнёнай кватэры, пад нашым наглядам, яны бяз сувязі са зьнешнім сьветам і яны нічога нікому ня могуць сказаць. Я разумею, што ўвесь гэты час была закладніцай, і я працягваю заставацца закладніцай".

Ірына Халіп таксама заявіла, што будзе абскарджваць свой прысуд, але перад гэтым мае яшчэ больш пільныя клопаты:

"Першае, што я хачу зрабіць, то гэта неадкладна напісаць ліст свайму мужу. Пяць месяцаў я нават ня мела магчымасьці напісаць яму ліст. Калі іншыя палітзьняволеныя, прынамсі, маглі перапісвацца са сваімі жонкамі, то нас з
Зьбіраюся выклікаць прафэсійную брыгаду прыбіральшчыкаў, зрабіць прыборку, хімчыстку, дэзынфэкцыю, дэзактывацыю — усё што заўгодна, каб духу КДБ-шнага не засталося ў маім доме
мужам разьдзялілі, здаецца, навечна. Я ўпэўненая, што і прысуд мне быў прызначаны на сёньня толькі таму, каб я ў суботу ня здолела трапіць на абвяшчэньне прысуду свайму мужу і пабачыць яго хаця б адзін раз. Гэта першае, што я хачу зрабіць. Другое — гэта зьмяніць замкі ў кватэры. Бо за гэтыя пяць месяцаў ключы ад маёй кватэры пераходзілі з рук у рукі, як станіца ў грамадзянскую вайну. Трэцяе, што я зьбіраюся зрабіць, — гэта выклікаць прафэсійную брыгаду прыбіральшчыкаў, зрабіць прыборку, хімчыстку, дэзынфэкцыю, дэзактывацыю — усё што заўгодна, каб духу КДБ-шнага не засталося ў маім доме. Ну ўявіце сабе: тры з паловай месяцы па маёй кватэры цягаліся дзядзькі ў чырвона-зялёных нагавіцах! Хачу, каб духу іх не было. А вось пасьля гэтага я, нарэшце, буду абскарджваць прысуд".

Пра незаконнасьць прысуду казаў, выйшаўшы з залі, і асуджаны на тры гады "хіміі" Павал Севярынец. Адносна мяккае пакараньне ён пракамэнтаваў гэтак:

"Тут цяжка сказаць, у якія карты гулялі, прымаючы гэтае рашэньне. Але думаю, што задача і абавязак тых, хто выйшаў, — дапамагчы тым, хто яшчэ застаецца за кратамі. Таму гэтае пытаньне трэба падымаць на міжнародным узроўні, дапамагаць, хто чым можа, маліцца за іх. Прысуд у кожным разе незаконны, бо асуджаць людзей за акцыю пратэсту — гэта беззаконьне. Дзякуй Богу і дзякуй усім, хто маліўся.
Для мяне найбольш цяжкім было тое, што за пяць месяцаў не дапусьцілі сьвятара, каб можна было паспавядацца і прычасьціцца
Але ёсьць людзі, якім цяпер значна цяжэй: Андрэй Саньнікаў і многія іншыя, асабліва маладыя хлопцы. Мы павінны арганізоўваць ім падтрымку. Для мяне найбольш цяжкім было тое, што за пяць месяцаў не дапусьцілі сьвятара, каб можна было паспавядацца і прычасьціцца. Для мяне катаваньнем якраз і была вось гэтая духоўная праблема, можна так сказаць. А ў фізычным пляне — тым, хто першы раз, то гэта былі, пэўна, зьдзекі хутчэй. Але пра гэта шмат гаварылася ўжо. Што будзе далей? Думаю, што будзем абскарджваць, натуральна, бо ўсё гэта незаконна. А палітычная сытуацыя такая, што магчымае ўсё цяпер: Пуцін, Эўразьвяз, а сытуацыя складаная: людзі сядзяць у турмах, эканоміка развальваецца, незалежнасьць пад пагрозай. Калі не памяняць сыстэму, то можам страціць краіну, а каб памяняць сыстэму, то трэба зьмяніць сябе. Падзеі 19 сьнежня паказалі, што і мы рабілі ня ўсё так, як трэба. Зараз абдымуся са сваякамі, братамі і сёстрамі, а потым пад'еду на некалькі судоў, бо ведаю, што цяпер ідуць суды. І, безумоўна, буду зьвяртацца да сьвятара...".

Самае лёгкае пакараньне з траіх асуджаных — два гады ўмоўнага зьняволеньня — атрымаў Сяргей Марцэлеў. Аднак і такі прысуд несправядлівы, кажа ён:

"Судзіць людзей за тое, што яны выказвалі сваё меркаваньне, што выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю і грамадзянскі абавязак і прыйшлі на дэманстрацыю, — мне падаецца гэта абсурдным. Але ў рамках гэтай прававой сыстэмы і дзейнага Крымінальнага кодэксу я прызнаў, што гэта зьдзяйсьняў — не было сэнсу адмаўляць, што я заклікаў на плошчу і сам туды прыйшоў. Таму ўсё гэтае пытаньне палітычнае: прысуд мог быць і
Судзіць людзей за тое, што яны выказвалі сваё меркаваньне, сваю грамадзянскую пазыцыю, — мне падаецца гэта абсурдным
ўмоўны, і апраўдальны. Але пры гэтай палітычнай каньюнктуры ён такі, які ёсьць. Ці буду я яго абскарджваць? Гэта залежыць ад думкі людзей, зь якімі мяне судзілі, а таксама ад парадаў адвакатаў. Я адносна малады чалавек, таму на здароўе скардзіцца ня буду, хоць турма паляпшэньню здароўя не спрыяе: зубы вывальваюцца. Вочы выцякаюць, але за пяць месяцаў я ўжо прывык. Фізычнага гвалту да мяне не ўжывалі, але ў мяне застаўся маральны абавязак перад тымі людзьмі, якія атрымалі тэрміны рэальнага пазбаўленьня волі альбо знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Я буду змагацца за тое, каб Мікалай Статкевіч, Аляксандар Атрошчанкаў і іншыя, хто ўжо асуджаны, урэшце былі вызваленыя".

Ірына Халіп тым часам падкрэсьліла, што хоць яе і вызвалілі з-пад хатняга арышту, але асуджэньне на два гады турмы з адтэрміноўкай не дае ёй поўнай свабоды:

"Я хачу, каб вы разумелі, што адтэрміноўка выкананьня прысуду — гэта ня
Праз два гады мяне будуць судзіць ізноў: з пракурорам, з усімі справамі, і суд будзе вызначаць — выправілася я ці не
ўмоўна, як у Сяргея Марцэлева. Гэта азначае, што праз два гады мяне будуць судзіць ізноў: з пракурорам, з усімі справамі, і суд будзе вызначаць — выправілася я ці не, стала я на шлях выпраўленьня ці ня стала, можна назваць мяне законапаслухмяным грамадзянінам ці нельга назваць. Але хто ў нашай краіне незалежнага журналіста назаве законапаслухмяным? Натуральна, ніхто. Тым ня менш я хачу сказаць вялікі дзякуй усім сваім калегам, якія ўвесь гэты час дапамагалі маёй сям'і і падтрымлівалі добрым словам. Я хачу сказаць дзякуй сваім бацькам, якім давялося вытрываць гэтулькі, колькі не давядзецца каму яшчэ. Я рада, што мы ўсе трымаліся годна і годна выйшлі з гэтай гісторыі. Я вельмі ганаруся сваім мужам і лічу яго нацыянальным героем. Учора мне пераказалі слова Паўла Дэміша — вялікага сябра нашай сям'і, што Вацлаў Гавал атрымаў чатыры гады і стаў прэзыдэнтам. Так што ў Андрэя Саньнікава выбарчая кампанія працягваецца. А тое, што ён ня будзе сядзець пяць год — я абсалютна ўпэўненая".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG