Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заходнім друку сёньня шмат водгукаў на першы прысуд былому кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі.

Суд у Менску асудзіў Андрэя Саньнікава, кандыдата на спрэчных прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні, на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў пасьля выбараў, – нагадвае The Wall Street Journal і прыводзць меркаваньне палітычнага аналітыка Алега Манаева:

"Прысуды апазыцыянэрам можна разглядаць як "тавар" для гандлю з заходнімі краінамі. У бліжэйшыя паўгода адносіны паміж Менскам і Захадам будуць будавацца вакол праблемы палітвязьняў".

Італьянская La Repubblica называе Саньнікава «адным з галоўных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі.

"Папраўчая калёнія замест прэзыдэнцкага палацу," – так назвала свой камэнтар нямецкая Süddeutsche Zeitung. Газэта нагадвае леташнюю сустрэчу кіраўніка ведамства фэдэральнага канцлера Германіі Рональда Пофалы з усімі кандыдатамі – тады поўнымі надзеяў». Тады «Някляеў спытаў яго, што будзе рабіць Пофала, калі пасьля выбараў Лукашэнка загадвае іх зьбіць і арыштаваць. Міністру не заставалася нічога іншага, як паціснуць плячыма, выказаўшы надзею, што такога ня здарыцца. Асьцярога Някляева стала явай, і Пофалу застаецца толькі зрабіць заяву, што пры такіх умовах аб "нармалізацыі адносін" ня можа быць і гаворкі», – гаворыцца ў артыкуле.

«Вынік паказальнага працэсу Саньнікава не дазваляе чакаць нічога добрага па разгляду спраў чатырох іншых кандыдатаў у прэзыдэнты, – мяркуе аўтар артыкулу у газэце Die Tageszeitung, які лічыць, што апрэч эканамічных санкцыяў Эўразьвязу, неабходныя «выразныя словы на адрас Масквы, якая працягвае падтрымліваць суседку за кошт ільготных коштаў на імпартаваныя энэрганосьбіты і крэдытаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG