Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падпале Дома правасудзьдзя падазраюць актывістаў?


Дом правасудзьдзя ў Менску
Дом правасудзьдзя ў Менску
Менская гарадзкая міліцыя пачала крымінальную справу па факце хуліганства ля Дома правасудзьдзя, дзе вынесьлі прысуд экс-кандыдату ў прэзыдэнты Андрэю Саньнікаву і судзяць экс-кандыдата Міколу Статкевіча ды іншых удзельнікаў Плошчы.

Паводле інфармацыі, якая разьмешчана на сайце ГУУС Менгарвыканаму, у ноч на 15 траўня ў 4:40 ад вартаўніка Дома правасудзьдзя паступіў сыгнал, што ў будынку на першым паверсе спрацавала пажарная сыгналізацыя. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі да Дома правасудзьдзя, знайшлі з тарца будынка бутэльку ёмістасьцю 0,7 літра з кнотам і гаручай вадкасьцю, а таксама фрагмэнты трох пабітых бутэлек. Мяркуецца, што бутэлька была напоўнена сумесьсю бэнзіну і алею, так званым "кактэйлем Молатава". Агнём пашкоджаныя дзьверы службовага ўваходу, на сьцяне ёсьць сьляды копаці. Пачатая крымінальная справа за хуліганства (частка 2 артыкула 339).

Кіраўнік прэс-службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ўжо дапытаныя шасьцёра, але іхніх імёнаў не назваў:

"Пакуль канкрэтна абвінавачаньне не прад'яўленае. Трэба дачакацца заканчэньня расьсьледаваньня ці хаця б папярэдніх вынікаў. Пакуль мы можам казаць толькі пра апытаных дзеля атрыманьня значнай інфармацыі для сьледзтва. Іх апытаньне было не як затрыманых, а як асобаў, якія ўяўляюць пэўную цікавасьць ці могуць неяк ведаць нейкія падрабязнасьці. Яны былі затрыманыя, дапытаныя, апытаныя і адпушчаныя".

Ластоўскі не выключае, што ўжо хутка міліцыя завершыць расьсьледаваньне інцыдэнту. Аднак хто канкрэтна датычны да гэтага інцыдэнту, спадар Ластоўскі не паведаміў.

Тым часам у міліцыю пачалі выклікаць грамадзкіх актывістаў. Паводле каардынатара праваабарончай службы "Эўрапейскай Беларусі" Веранікі Лазоўскай, у Маскоўскім РУУС цяпер знаходзяцца Аляксандар Кудлаеў і яго сын Ігар. Раніцай у іх дома быў праведзены ператрус. Аляксандар пасьпеў паведаміць, што яго затрыманьне зьвязанае з падпалам Дома правасудзьдзя. Цяпер яго тэлефон недаступны. Таксама затрымалі і адпусьцілі непаўналетняга актывіста Ўладзя Беразоўскага. У яго таксама правялі ператрус.

"Я думаю, што ў гэтым Доме правасудзьдзя судзілі Саньнікава, таму міліцыянты і вырашылі пайсьці па актывістах "Эўрапейскай Беларусі", — сказала Вераніка Лазоўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG