Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ: "Саджаць палітыкаў трэба, але ня тых, якіх цяпер судзяць"


Турма ў Горадні
Турма ў Горадні
Сярод тэмаў, якія мы абмяркуем сёньня:

"Каго варта і каго ня варта саджаць у турмы?"
Апытаньне на вуліцах Гомеля.

Усясьветна вядомы навуковец Барыс Кіт даслаў паштоўкі "хартыйцам" — палітвязьням Андрэю Саньнікаву, Зьмітру Бандарэнку і Алесю Атрошчанкаву.

"Вельмі цешыць , што над зонай пастаянна кружаць чайкі".
Алесь Атрошчанкаў пра свае ўражаньні ў Віцебскай калёніі.

"Хай Сыбір, але толькі не страшэнная турма на Беразіне". З гісторыі бабруйскага астрога.

Як захаваць здароўе тым, з каго зьдзекуюцца ўлады. Парады доктара Ірыны Багданавай.


"Ці варта саджаць за палітыку?"


Апытаньне на вуліцах Гомеля было зробленае ў суботу, калі ў Менску, у судзе Партызанскага раёну, выносіўся прысуд экс-кандыдату на прэзыдэнта, палітвязьню Андрэя Саньнікаву і некаторым іншым фігурантам па справе 19 сьнежня. Гамельчукі выказалі свае меркаваньні на тэму — каго варта і каго ня варта саджаць у турмы.


Спадарыня: "У турмы, відаць, трэба — злачынцаў усякіх, забойцаў. За палітыку я б саджаць ня стала. Няхай дыскутуюць адкрыта, няхай людзі выказваюцца, як хочуць. Контраргумэнты няхай прыводзяць. Натуральна, калі яны пераходзяць межы, нейкія ваенныя дзеяньні ўчыняюць, тады ўжо іншая размова".


Спадар: "За забойства, за крадзяжы. За палітыку, я лічу, ня трэба. Павінна быць апазыцыя, бо ў нас свабодная краіна. І павінны працаваць ня толькі дзяржаўныя органы. Трэба, каб быў выбар у народа, каб альтэрнатыва была".

Спадарыня: "Вядома, ня трэба саджаць палітыкаў у турму. Калі дзяржава лічыць сябе дэмакратычнай, то павінен быць плюралізм думак, павінна быць апазыцыя. Гэта абсурд, калі былыя кандыдаты ў прэзыдэнты трапляюць за краты".

Спадар:
"Палітыкаў? Ну, калі яны ўчынілі што-кольвечы дрэннае, то трэба. Злачынства якое".

Мы бачым парушэньні заканадаўства, Канстытуцыі.
Спадар:
"Мне падаецца, што трэба. Але ня тых палітыкаў, якіх зараз судзяць, а тых, якія знаходзяцца пры ўладзе. Мы бачым парушэньні заканадаўства, Канстытуцыі. Зьнікаюць людзі, журналісты, а таксама апазыцыйныя палітыкі. Таму, мне падаецца, іх трэба прыцягваць да адказнасьці".

Спадар: "Абавязкова! За няправільныя рашэньні супраць народу".

Спадар: "У турме павінны сядзець злачынцы! Калі палітыкі — злачынцы, яны павінны сядзець. Калі яны не злачынцы, а сумленныя людзі, то яны павінны займацца палітыкай".

Спадар: "Палітыка — гэта выражэньне нейкіх поглядаў, асабістых, палітычных, як ты іх ні называй. Сядзець у турме за гэта недапушчальна".

Спадар: "Гледзячы за якое злачынства. За палітыку, па-мойму, не".

Спадар: "У вольнай, дэмакратычнай краіне выказваньне сваіх думак — гэта нармальная зьява. Якая тут можа быць турма для палітыкаў?! Палітыкаў у турму саджаць нельга, калі яны не ўчыняюць крымінальных злачынстваў. А калі палітык, які знаходзіцца пры ўладзе і па загадзе якога людзей расстрэльваюць, то, канечне, такі палітык мусіць сядзець у турме".

Як стала вядома пасьля запісу гэтага апытаньня на гомельскіх вуліцах, суд Партызанскага раёну Менску вынес наступны вырак удзельнікам мірнай акцыі 19 сьнежня:

Андрэй Саньнікаў атрымаў 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,

Алег Гнедчык — 3,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,

Ільля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў і Ўладзімер Яроменак — па 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Зваротная сувязь


"Барыс Кіт для мяне амаль боства" — зь ліста Алеся Атрошчанкава

Нагадаю: нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Хачу падзякаваць усім, хто ўжо напісаў ці патэлефанаваў да нас. А таксама сваякам зьняволеных, якія перадаюць у рэдакцыю лісты сваіх блізкіх.

Сёньня наша падзяка Дар’і Корсак, якая дазволіла праграме "Свабода ў турмах"працытаваць некаторыя фрагмэнты зь лістоў яе мужа, прэсавага сакратара кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Алеся Атрошчанкава зь Віцебскай калёніі. Пры канцы сакавіка за ўдзел у падзеях 19 сьнежня Алесь быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Алесь Атрошчанкаў у час судовага працэсу. Сакавік 2011.
Ня так даўно, недзе пасьля Вялікадня, 30-гадовы палітзьняволены Атрошчанкаў атрымаў паштоўку зь Нямеччыны. Яе аўтар — 100-гадовы беларускі асьветнік і ўсясьветна вядомы навуковец, канструктар амэрыканскай ракетнай тэхнікі, які ня раз бываў і палітвязьнем — Барыс Кіт. Паштоўкі са словамі павагі і падтрымкі Барыс Кіт даслаў і іншым "хартыйцам", фігурантам справы 19 сьнежня — палітвязьням Андрэю Саньнікаву і Зьмітру Бандарэнку.

"Барыс Кіт для мяне амаль боства. Я нават дрыжу ад яго імя", піша Алесь Атрошчанкаў у сваім лісьце да жонкі Дашы.

Паводле палітвязьня, падтрымка такога выбітнага беларуса вельмі важная і для яго, і для яго сяброў. Дарэчы, лістоў да Алеся ў Віцебскую калёнію прыходзіць шмат.

"Трэба пісаць кучу адказаў", адзначае Алесь Атрошчанкаў.

А цяпер некаторыя іншыя ўрыўкі зь яго ліставаньня з жонкай Дашай.

"Прывітаньне, мілая Дашка!

Твой ліст № 68 мяне вельмі ўзрадаваў, але надалей будзь, калі ласка, больш акуратная ў выразах… Увогуле ў мяне тут усё добра. Я гэта кажу не каб цябе суцешыць, а таму, што так і ёсьць на самой справе. Паціху абжываюся. Трохі бегаў па стадыёне, гуляў у валейбол. Зараз буду ганяць і ў футбол. Акрамя таго, трохі пацягваю штангу. А то ў СІЗА зачах і адчуваю сябе сапраўдным смаўжом. Так што буду гэта выпраўляць. Буду гартаваць дух і паляпшаць агульнафізычную падрыхтоўку".

А вось допіс пра атрад, у які разьмеркавалі палітвязьня:

Хапае тут і годных, разумных людзей
"Пакуль ты ад мяне доўга не атрымлівала лістоў, напэўна, грашыла на цэнзараў і пошту. Гэта ня так. Я доўгі час увогуле не пісаў лістоў — напэўна, больш за тыдзень. Думаю, гэта зьвязана з тым, што вялікая частка душэўных сіл сыходзіла на адаптацыю ў атрадзе. Ня тое каб ад мяне штосьці патрабавалася ці былі нейкія цяжкасьці. Але, сама разумееш, гэта зона. Тут ты ўва ўсіх пад увагай, шмат хто прыглядаецца, у кагосьці свае заскокі, у кагосьці маральны ўзровень не дацягвае да маці Тэрэзы. Нічога страшнага, аднак патрэбны час, каб прызвычаіцца. Але ты не хвалюйся: хапае тут і годных, разумных людзей, многія вельмі мне дапамаглі зь першапачатковым уладкаваньнем і адаптацыяй".

Пра працу на зоне:

"…Прэса піша ўсялякія глупствы. Ніякія чаравікі я не рамантую. Мяне залічылі на швейную майстэрню і далі шыць усякія штукі. Як мне здаецца, я ня стаў пакуль для іх самым каштоўным працаўніком. Так што можаш не хвалявацца, мае рукі па-ранейшаму растуць не з таго месца, і ня думаю, што ёсьць нейкая сіла ў сьвеце, здольная гэта зьмяніць".

Пра птушак:

Вельмі цешыць, што над зонай пастаянна кружаць чайкі
"Вельмі цешыць, што над зонай пастаянна кружаць чайкі. Пэўна, гэта душы вызваленых зэкаў. Чайкі часта спускаюцца і тусяць тут. Карміць іх ля сталовай нельга. Хачу высьветліць, ці можна карміць іх у іншых месцах. Як бы там ні было, але тое, што чайкі садзяцца ў нашай зоне, ня можа ня радаваць. Чайкі — прыгожыя птушкі. Яшчэ тут ёсьць вераб'і, але няшмат. Да таго ж каля нашага корпуса няма зямлі, а яны больш любяць тусіць там, дзе можна ўдосталь паваляцца ў пыле і паплюхацца ў лужынах, то бок далей ад нашага сумнага корпуса.

Яшчэ бачыў тут сьнегіроў. Праўда, нядоўга, пакуль сьнег не сышоў. Мяне гэта таксама парадавала. Да гэтага я гэтых птушак бачыў разоў пяць, хоць, можа, і менш. Але, як мне падаецца, сьнягір — тупаватая птушка. На Віцебшчыне зімой холад сабачы, а яны сюды зімаваць прылятаюць. А куды яны на лета лётаюць — дык і падумаць страшна. Іншая справа — буслы. Узімку ляцяць туды, дзе цёпла, улетку — туды, дзе ня горача і дзе імі захапляюцца і абагаўляюць іх. Вось гэта я разумею. А зімаваць у Беларусі, каб потым летам ляцець на нейкія Салаўкі... цьфу! Хоць, напэўна, у птушак свае меркаваньні. Інакш бы яны ўсё жылі ў Ніцы або на Кіпры і наагул нікуды ня лёталі. (...)"

"Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць"


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў. Зараз мы пагаворым пра адну з самых старых турмаў на Магілёўшчыне — у Бабруйску.

Сёньня ў будынку з двухсотгадовай гісторыяй месьціцца сьледчы ізалятар № 5. Муры гэтай цьвердзі памятаюць і вайсковыя шыхты, і стогны палітвязьняў. Імі пачалі "засяляць" фартэцыю, не пасьпеўшы яе дабудаваць. Шмат гадоў таму пра нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў Бабруйскай турме згадваў расейскі літаратар Аляксандар Герцэн: "Хай Сыбір, хай што хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне". Працягвае Андрэй Белагубаў.

Бабруйская крэпасьць
Бастыёны крэпасьці — за пятнаццаць хвілінаў ад гарадзкога Дома сувязі. Яны раскіданыя па вялізным абшары. Занядбаныя. Разбураюцца ад часу, прыроды і людзей. На бальшыні ахоўныя шыльды: "Гісторыка-культурная каштоўнасьць". Пасярод крэпасьці — лядовы палац. Сваёй формай ён нагадвае лятаючую талерку і сярод занядбаных старых будынін глядзіцца неяк нават з выклікам.

Крэпасьць пачалі ўзводзіць 10 жніўня 1810 году на загад расейскага самадзержца Аляксандра І. Кіраваў будоўляй інжынэр, генэрал-лейтэнант, немец паводле паходжаньня, выхадзец з герцагства Гэсэн-Дармштат, граф Карл Апэрман.

Бабруйская крэпасьць
"Ва ўмовах чаканай войны з напалеонаўскай Францыяй Аляксандар І і ваеннае міністэрства Расійскай імпэрыі выбралі Бабруйск для пабудовы адной з крэпасьцяў у лініі абароны на захадзе. Будавалі бабруйскую крэпасьць мясцовыя прыгонныя сяляне. Гісторыкі адзначаюць, што багата іх тут і палегла ад непасільнай працы. Будоўля цалкам зьнішчыла Бабруйск часоў Вялікага Княства Літоўскага. Новыя гаспадары пакінулі толькі муры езуіцкага касьцёла, які перабудавалі пад цэйхгаўз. Зруйнавалі й гарадзкія драўляныя праваслаўныя цэрквы. Зьнішчылі й бабруйскае замчышча", — кажа дасьледнік бабруйскай даўніны Аляксандар Чыгір.

Узводзілі крапасныя муры грунтоўна. Мэтровыя сьцены, якія дагэтуль супрацьстаяць занядбаньню, нібыта ўрасьлі ў зямлю. Агледзець і памацаць двухсотгадовую старасьветчыну няцяжка. Яна не ахоўваецца. Хоць шыльды перасьцерагаюць, каб не набліжацца да камяніцаў — могуць быць абвалы.

У адным з ацалелых бастыёнаў — вежы Апэрмана — месьціцца сьледчы ізалятар № 5. Чатыры месяцы яго старыя сьцены бачыў палітвязень, маладафронтавец Арцём Дубскі. Ён быў уражаны выглядам камяніцы:

Бабруйская крэпасьць
"Вельмі старая забудова. Вельмі шыкоўны знутры, бо там захавалася ўсё так, як, відаць, было. То бок дзьвесьце год цэгле, і новая цэгла, якой спрабуюць заштукоўваць дзюркі і адтуліны, яна не вытрымлівае кліматычнага ўзьдзеяньня і разбураецца. Знутры ён у вельмі добрым стане. Звонку, на жаль, зь невядомых мне прычын, мо якія мясцовыя людзі ці яшчэ нехта псуюць яго, і выглядае ён ня вельмі"

Першымі палітвязьнямі Бабруйскай крэпасьці былі дзекабрысты.

За дзьвесьце гадоў да адседкі Арцёма Дубскага расейскі імпэратар Аляксандар І 4 чэрвеня 1811 году сваім указам загадаў лічыць Бабруйскую крэпасьць першакляснай.

У вайну 1812 году крэпасьць вытрымала чатырохмесячную аблогу напалеонаўскіх вайсковых аддзелаў.

Бабруйская крэпасьць
Па сканчэньні вайны ў крэпасьці разьмясьцілася 9 пяхотная дывізія расейскага войска. Група мясцовых вайскоўцаў распрацавала плян арышту імпэратара, які меўся наведаць крэпасьць у 1823 годзе. Меркавалася па зьняволеньні Аляксандра І рушыць на Санкт-Пецярбург, трымаючы імпэратара закладнікам. У гісторыі гэты плян вядомы як "Бабруйскі". Ён быў адхілены кіраўніцтвам паўстаньня. Па здушэньні ў Санкт-Пецярбургу ў сьнежні 1825 году выступу вайскоўцаў-рэвалюцыянэраў Бабруйская крэпасьць становіцца палітычнай турмой. У ёй няволяцца некаторыя зь дзекабрыстаў. Гаворыць Аляксандар Чыгір:

"Колькі дзекабрыстаў адбывалі пакараньне ў Бабруйскай крэпасьці, сказаць пэўна наўрад ці хто зможа. Гістарычныя крыніцы падаюць блытаныя зьвесткі. За ўдзел у паўстаньні дзекабрысты адбывалі тут катаргу. Іх пазбаўлялі чыноў і дваранства. І давалі катаргу. Усьлед за дзекабрыстамі нявольнікамі крэпасьці па волі Мікалая І ў 1849 годзе становяцца гэтак званыя петрашэўцы — прыхільнікі ідэяў францускіх сацыял-рэфарматараў. Наступнымі былі народнікі".

А. Герцэн: "Хай Сыбір, хай што хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне"
Дайшлі зьвесткі, што зьняволеных у турме секлі розгамі, прычым павольна, каб вязьні лепш усьведамлялі сваю віну. Кармілі арыштантаў вельмі кепска — раніцай хлеб ды соль, днём сьціплы абед, а ўвечары ізноў хлеб ды соль. У сьвята маглі выдаць па тры кавалкі цукру.

Нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў Бабруйскай турме згадваў расейскі літаратар Аляксандар Гэрцэн:

"Хай Сыбір, хай што хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне".

Знайсьці сярод ацалелых крапасных умацаваньняў вязьніцы, у якіх утрымлівалі расейскіх рэвалюцыянэраў 19 стагодзьдзя, не ўдалося. Такіх пазнакаў на мурах няма. Урэшце, кожная з будынінаў магла быць вязьніцай. Невялікія вокны-байніцы, на большых захаваліся нават краты, змрочныя сутарэньні.

Ці ведаюць бабруйцы пра нявольніцкую гісторыю крэпасьці? Сёе-тое ведаем, кажуць, але няшмат:

Спадар: "Ведаю, што былі тут дзекабрысты ў турме".

Спадар: "Ведаю, што сядзелі дзекабрысты. Што будавалася за імпэратрыцай Кацярынай".

Спадарыня:
"Ну, што там сядзелі яны доўга. Казалі, што Бабруйская крэпасьць — горш, чым ссылка ў Сыбір".

Спадарыня:
"Была нейкая такая камэра ў выглядзе яйка. І там было дужа страшна знаходзіцца чалавеку".

У 1919 годзе Бабруйск займаюць польскія войскі Пілсудскага. Крэпасьць палякі пераўтвараюць у канцлягер для палонных Чырвонай арміі. Вось некаторыя з успамінаў, якія захаваліся ў мэмарандуме ваенных і цывільных палонных бабруйскай крэпасьці.

"Умовы ўтрыманьня былі жахлівыя. Мяне дапытвалі два разы на дзень. Кожны раз зьбівалі рулямі й нагайкамі. Біў сьледчы Эйсмонт, дапамагалі яму жандары. Зьдзекі доўжыліся 14 дзён", згадвае вязень канцлягера Хаймовіч.

Яшчэ адзін вязень крэпасьці Гілер Вальсон дакладае: "У турме мяне распраналі да гала і білі па голым целе нагайкамі".

Вязень Георгій Кныш дадае: "Прывезьлі ў жандармэрыю, зьдзекаваліся. Білі бізунамі па 40 удараў. Білі рулямі вінтовак. Шомпаламі білі па пятах".

Да Другой усясьветнай вайны ў крэпасьці месьціліся савецкія вайсковыя фармаваньні.

У 1941 годзе тут зноў канцлягер — для савецкіх ваеннапалонных і цывільных асобаў. За час яго існаваньня фашысты зьнішчылі каля 80 тысяч чалавек. Такія лічбы падаюць савецкія гістарычныя крыніцы. У гісторыі бабруйскі канцлягер вядомы пад нумарам 131.

"Гэты пэрыяд гісторыі крэпасьці мала дасьледаваны. У гістарычных афіцыйных зьвестках пра тое мала інфармацыі. Але трэба адзначыць, што Бабруйская крэпасьць стаіць на касьцях людзей, якія тут адбывалі пакараньне й загінулі", падсумоўвае Алесь Чыгір.

Пасьля Другой усясьветнай вайны ў крэпасьці месьціліся часткі Савецкай арміі. Бабруйск робіцца месцам дысьлякацыі штабу Беларускай вайсковай акругі. На адным з будынкаў захавалася шыльда з надпісам: "Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Гаўпвахта (перабудаваная зь езуіцкага касьцёла 1742 году)". Нежылы будынак дагэтуль абнесены плотам з калючым дротам. Разбураецца.

У 1961 годзе Савет міністраў СССР пастанавіў выкрасьліць Бабруйскую крэпасьць са сьпісу помнікаў архітэктуры, бо яе будынкі ў вайну зазналі вялікія разбурэньні.

Цяпер ад крэпасьці засталося 49 аб’ектаў, якія патрабуюць рэстаўрацыі.

Па заканчэньні Другой усясьветнай вайны частку цытадэлі — вежу Апэрмана — абнесьлі высокім плотам і арганізавалі вязьніцу. Ад 1960-х гадоў тут месьціцца згаданы ўжо сьледчы ізалятар № 5. Пра яго ў наступнай праграме "Свабода ў турмах".

Зь беларускай турэмнай лірыкі


Сяргей Хмара

Недзе жалезам дзьверы заляскалi,
Сэрца жалезам зьбяжалася ў ком.

Шыбы у вокнах раптоўна завойкалi,
Глуха зьвярыны палiўся ў ноч стогн.
Чуеш! — бяз плачу! — трэба быць стойкаю!
Ў сэрца хоць ўбiты асьцён.

Неба начой было яснае… яснае!
Белае, белае — як малако!
Недзе жалеза затворамi ляснула.
Сумна зайржаў ў хляве конь.

Аўтар гэтага верша — палітвязень, паэт і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, актывіст Таварыства беларускіх школ Сяргей Хмара (сапраўднае прозьвішча Сіняк).

Гісторыю творчасьці і зьняволеньняў Сяргея Хмары вывучаў Сяргей Астраўцоў.

Гэты чалавек сядзеў у польскіх турмах, у савецкай, а потым яшчэ і пры немцах. Памёр у эміграцыі ў Канадзе ў 1992 годзе і застаўся даволі загадкавай асобай.

Пра сваё зьняволеньне пры польскіх уладах у 1930-я ў канцлягеры Картуз-Бярозы Сяргей Хмара пісаў:

Білі, катавалі, зьдзекаваліся.
"Білі, катавалі, зьдзекаваліся. Сядзеў сем дзён у страшным падземным карцэры, разабраны да сподняга бяльля й босы на ледзяным цэмэнце. Сядзеў і па іншых карцэрах. Пісаў, але, лепш сказаць, укладаў у галаве вершы аб Бярозе. Сталіся песьнямі "Баляда аб Амарантах", "Ах, Бяроза, ты, Бяроза!". Потым ледзь не памёр ад злоснае ангіны. Ляжаў пад вартай. Вывезены ў кобрынскі шпіталь".

Ніхто сёньня ў Беларусі ня ведае біяграфію Сяргея Хмары так, як пісьменьнік са Слоніма Сяргей Чыгрын, які выпусьціў кніжку з творамі Хмары.

Чыгрын: "Адседзеў каля адзінаццаці гадоў у турмах, у сваёй аўтабіяграфіі — такі зборнічак "Мы", які выйшаў у 1949 годзе — ён пісаў, што "маімі школамі былі Лукішкі, турмы ў Слоніме, Горадні, Пінску, Берасьці, канцэнтрацыйны лягер Картуз-Бяроза". А пры Саветах яго пасадзілі ў 1940 годзе. Ён быў рэпрэсаваны за нацыяналізм. Ён праседзеў, пакуль пачалася вайна".

Сяргей Хмара ледзь ня стаў тым, каго мы сёньня ў Беларусі называем "палітжаўнерамі". Польскія ўлады вырашылі забраць яго на службу ў Войска польскае, не зважаючы, што яго неаднойчы арыштоўвалі з палітычных матываў. Выблытацца Сяргею Хмару ўдалося толькі праз тое, што раней на допыце ў дэфэнзыве яму нанесьлі калецтва. Сам паэт пазьней так напісаў пра вайсковую мэдычную камісію:

"Нягледзячы на пратэсты, жандары прымусілі мяне распрануцца, а вайсковы лекар абвясьціў мяне годным. І тут жа пабаровы афіцэр прыдзяліў мяне недзе ў Быгдашч да палка. Усё было прыгатавана загадзя. Тады я падаў, што маю балячае вуха й на яго ня чую (вынік біцьця ў дэфэнзыве ў 1925 годзе). Віцэ-стараста, знэрваваны, крычаў, што я манкірую, а доктар пераслаў мяне да камандаваньня корпусу ў Берасьці дзеля агледзін у лекара-спэцыялісты".

Сяргей Хмара пісаў, што дзякуючы гэтаму ён ня трапіў у жаўнеры, а вярнуўся дамоў:

"Мяне пад арыштам дастаўлена ў берасьцейскую турму, а адтуль у крэпасьць, і здадзена войску. Жандары даставілі да вайсковага лекара, які й сьцьвердзіў перабітую перапонку ў вусе. Ды на аснове гэтага я быў прызнаны нягодным да вайсковае службы й праз тыдзень вярнуўся дахаты".

Больш падрабязна пра жыцьцё Сяргея Хмары вы даведаецеся з нашых наступных праграмаў.

"Турма і здароўе"


Парады доктара І.Багданавай

Выпускніца Менскага мэдычнага інстытуту доктар мэдыцыны Ірына Багданава апошнія гады жыве ў Ангельшчыне ў графстве Бэркшыр і працуе ў тамтэйшым цэнтры альтэрнатыўнай мэдыцыны. Як сястру Андрэя Саньнікава і залоўку Ірыны Халіп, адну з заснавальніц грамадзкай ініцыятывы "Free Belarus Now" у падтрымку беларускіх палітзьняволеных, дый як доктара яе ня можа не хваляваць той псыхалягічны і фізычны стан, да якога беларускія ўлады даводзіць большасьць фігурантаў па справе 19 сьнежня. Як паводзіць сябе тым, з каго зьдзекуюцца ўлады?

Прапаную вам урывак нашай размовы, якая вялася тады, калі Андрэй Саньнікаў, Ірына Халіп і іншыя палітвязьні толькі чакалі судовых працэсаў.

сястра Андрэя Саньнікава, доктар Ірына Багданава з дачкой Натальлі Каляды Данай
Багданава:
“Калі чалавек у гармоніі з самім сабой, ён можа вытрымаць усё што заўгодна, якія б ні былі цяжкія выпрабаваньні. Галоўнае — у пэўны момант прыняць сытуацыю і рабіць усё, што магчыма, для падтрыманьня свайго ўнутранага сьвету. Безумоўна, мэдытацыя, безумоўна, усялякія пошукі самавыяўленьня. Не замыкацца ў сабе. Калі гаварыць пра майго брата, то кепска тое, што ён эмацыйна вельмі стрыманы чалавек. Гэта добрая рыса для палітыка, дыплямата. Але ў канкрэтных умовах гэта вельмі кепска з гледзішча здароўя, нават пры ўмове, што ў чалавека няма схільнасьцяў да пэўных хваробаў. Тут ёсьць прычыны для клопату.

Фізычная актыўнасьць — галоўны спосаб абараніцца ад дэпрэсіі. У гэтым сэнсе я вельмі занепакоеная Ірай (Халіп). Пры хатнім арышце яна ня можа выйсьці з чатырох сьценаў. Яна пазбаўленая прагулак. У турме хоць гадзіна для гэтага дазволеная. Паводле альтэрнатыўнай мэдыцыны, тое, што чалавеку не дазваляюць падыйсьці да акна, тое, што не дазваляюць прагулак, тое, што чалавек пазбаўлены магчымасьці рухацца, — усё гэта вельмі кепска. Такое цяжка ўявіць сабе, але Ірыне і Някляеву гэта забаронена. Адно гэта можа ўвесьці ў дэпрэсію.

Мая надзея для Ірыны і Ўладзімера Пракопавіча ў тым, што яны людзі творчыя і што яны будуць пісаць. Іх гэта выцягне. Для іх абаіх гэта вельмі важна. Вольга Някляева гаварыла, што Ўладзімер Пракопавіч піша. Ірына мама гаварыла: піша. Што піша, як? Як дзёньнік? Іра — востры публіцыст. Для яе трэба, каб гэта ўсё адразу выходзіла. Доўгія праекты кшталту кніг — яны лепшыя ў тым сэнсе, што над імі можна працаваць год-два. Таму я хвалююся за Іру".

— Даводзілася чуць, што сваякі, родныя зьняволеных маюць розныя эмацыйныя праблемы, дэпрэсіі і перажываюць за лёс сваіх дзяцей, мужоў, братоў, сясьцёр, унукаў яшчэ болей, чым яны самі. Што можна параіць ім?

Трэба проста расправіць плечы і паглядзець угару — на неба, сонца, вершаліны дрэваў.
Багданава
: “Бедныя родныя... Ёсьць вельмі добры і лёгкі спосаб барацьбы з дэпрэсіяй, пра які мы проста забываемся. Калі чалавек прыгнечаны, ён пачынае гнуцца, апускаць плечы. Трэба проста расправіць плечы і паглядзець угару — на неба, сонца, вершаліны дрэваў. Адразу паляпшаецца настрой, шмат што мяняецца ў самаадчуваньні. Усе мае пацыенты з эмацыйнымі праблемамі гэта робяць. Вядома, кожны чалавек патрабуе індывідуальнага падыходу, але ёсьць агульныя рэкамэндацыі: трэба імкнуцца рухацца, кантактаваць зь іншымі, не замыкацца. Бо падзеленая бяда — паўбяды, а падзеленая радасьць — падвоеная радасьць. Яшчэ вельмі важны момант — не губляць веры, захоўваць пачуцьцё годнасьці. Гэта ўсё таксама дапамагае.

Гэта была Ірына Багданава. Як прадстаўніца ўсходняй мэдыцыны яна разглядае здароўе чалавека як адзінства псыхічнага і цялеснага.

Камэнтуючы "Свабодзе" апошняе слова Андрэя Саньнікава падчас судовага працэсу адносна фізычных катаваньняў і псыхалягічнага тэрору, ужытых да яго ў СІЗА КДБ, доктар Багданава адзначыла, што вельмі занепакоеная магчымымі наступствамі гэтай заявы для брата:

"Я ведаю, што ён моцны духам, каб толькі вытрымала яго фізычнае здароўе. Таму мне трэба працягваць змагацца, каб вызваліць яго як мага хутчэй", падкрэсьліла сястра палітыка”.

Ірына Багданава таксама паведаміла, што справа зь міжнародным судовым працэсам супраць Лукашэнкі, адной з ініцыятарак якога яна была, паступова рухаецца і што міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" заклікала ўрады зьвярнуць увагу на катаваньні і пагрозы, ужытыя да беларускага палітвязьня, кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG