Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сплянавалі суды так, каб Ірына Халіп ня ўбачылася з мужам


Вырак былому кандыдату ў прэзыдэнты Андрэю Саньнікаву абвешчаны сёньня, а прысуд ягонай жонцы Ірыне Халіп будзе агалошаны раніцай у панядзелак. Супастаўляючы названыя даты, наведнікі інтэрнэт-сайтаў адзначаюць: калі б з прысудам Ірыне Халіп не цягнулі да панядзелка (наперадзе — выходны дзень), то ўжо сёньня пасьля пяцімесячнага расстаньня яна магла б пабачыць мужа. Ці сапраўды гэта тактыка ўладаў — не дапусьціць, каб яны ўбачыліся?

Вінцук Вячорка
Сябра аргкамітэту дзеля стварэньня «Беларускага руху» Вінцук Вячорка бачыць у датах агалошваньня прысудаў Андрэю Саньнікаву і Ірыне Халіп загадзя вызначаную стратэгію псыхалягічнага ціску на падсудных:

«Я абсалютна перакананы, што велізарны штат сілавых структураў, уключаючы так званых аналітыкаў, робіць сваю справу. І ўсе гэтыя працэсы, прысуды, даты працэсаў, даты вынясеньня прысудаў папярэдне вынесеныя ў каляндар. І, магчыма, нават зацьверджаныя на найвышэйшым у нашай краіне роўні.

Зразумела, што выкарыстоўваюцца старыя як сьвет прыёмы псыхалягічнага ціску на падсудных— падаўленьне іхнай волі, удары па найбольш балючым у кожнага чалавека. Гэта значыць — ціск на блізкіх, пагроза лёсам блізкіх, немагчымасьць убачыць блізкіх на свае вочы, каб пераканацца, што яны жывыя і адносна здаровыя».

Алена Скрыган
Намесьніца старшыні партыі «Справядлівы сьвет», дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Алена Скрыган упэўненая:

«Выпадковага нічога тут няма. І быць ня можа выпадковага. Бо людзі на найвышэйшым роўні нашай дзяржавы зацікаўленыя ў гэтых працэсах. І я думаю, што кожнае слова, якое гучыць на гэтых працэсах, уважліва чытаецца і вывучаецца. І такі час агалошваньня прысуду Андрэю Саньнікаву і яго жонцы вызначаны спэцыяльна. Каб яны не пабачыліся, каб абцяжарыць іх лёс, іх далейшае жыцьцё».

Анатоль Лябедзька
Абодва падыходы — тактыка ўладаў і выпадковае супадзеньне — маюць права на жыцьцё, лічыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Але я ўсё ж такі схіляюся да таго, што сыстэма ў нас засталася савецкая. У нас калі ўжо кладуць пад каток асфальтавы, то грунтоўна і з усімі нюансамі. Таму ўлады такім разьвядзеньнем датаў хацелі пазьбегнуць эмацыйных рэчаў.

Чаму на суды не пускаюць дэпутатаў з эўрапейскіх парлямэнтаў? Імкнуцца не пускаць і замежных журналістаў. Натуральна, што ўсё павернутае на тое, каб судовыя працэсы праходзілі ў найбольш закрытым і сьціплым выглядзе. Я думаю, што тут няма ўсё ж выпадковасьці. Нехта ўлічвае такія нюансы і робіць усё, каб гэта прайшло больш будзённа, без прыцягненьня ўвагі, бяз большага інфармацыйнага развароту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG