Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Нягледзячы на тое, што беларускі рубель за апошні тыдзень абясцэніўся амаль на 30 працэнтаў, валюта ў банках не зьявілася. Каб набыць нават невялікую суму ў далярах ці эўра, людзі вымушаныя стаяць каля абменных пунктаў па некалькі тыдняў.

Каля аднаго з валютных абменьнікаў у будынку чыгуначнага вакзалу стаіць чарга. Яна ня рухаецца. Недалёка ад уваходу ў абменьнік — раскідныя сядзеньні, у якіх два маладзёны, Ігар і Алег. Яны не адмаўляюцца паразмаўляць:

Карэспандэнтка: «Вы тут каля абменьніка чаму — спрабуеце набыць грошы?».

Ігар: «Канечне. Суткамі праводзім тут час — можна сказаць, тут жывём».

Алег: «Сапраўды — крэселка тут паставілі. І харчуемся тут, і сьпім, і мыемся».

Карэспандэнткам: «Якая патрэба вас вымусіла чакаць валюты?».

Ігар: «У мяне прыватны бізнэс — на набыцьцё тавару. Бо калі набываць у некага — то гэта дзікі курс. І так са стратамі працуеш, то зусім будзе нельга».

Алег: «На арэнду патрэбныя — мноства розных патрэбаў і нюансаў. Вось і даводзіцца тут жыць».

Карэспандэнтка: «Як даўно?».

Ігар: «Ой, чацьвёртыя суткі на гэты момант».

Карэспандэнтка: «Што ўдалося набыць?».

Алег: «Пакуль яшчэ нічога».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце — калі гэтая сытуацыя зьменіцца да лепшага?».

Ігар: «Вельмі цяжка сказаць. Мне падаецца, што вельмі шмат часу пройдзе, пакуль сытуацыя ў краіне стабілізуецца».

Алег: «Імпарт перавысіў экспарт на 2,5 мільярда даляраў — адкуль валюце ўзяцца?».

Ігар і Алег кажуць, што некалькі разоў іх спрабавалі прагнаць ад абменьнікаў супрацоўнікі міліцыі, нават забіралі пашпарты. Але распавесьці пра гэта на дыктафон адмаўляюцца і тлумачаць: нам тут яшчэ працаваць. Неўзабаве да хлопцаў падыходзяць яшчэ двое іхніх суседзяў у чарзе — Вячаслаў і Віктар, якія ахвотна далучаюцца да гаворкі:

Вячаслаў: «У абменьніках грошай няма — як усё было, так і засталося. Набываем тое, што людзі здаюць».

Карэспандэнтка: «Ці шмат здаюць?».

Віктар: «Не, няшмат».

Карэспандэнтка: «А вы часта каля абменьнікаў бываеце і спрабуеце набыць?».

Вячаслаў: «Ну, колькі? Вось ужо два тыдні тут дзяжурым, каб набыць сабе патрэбную суму. Жывём ужо ў гэтым падзямельлі два тыдні».

Карэспандэнтка: «А дзе вы сапраўды начуеце, як харчуецеся?».

Віктар: «Зьверху сталоўка ёсьць, тут хот-догі прадаюць. Ад’яжджаем дахаты гадзін на восем, каб паспаць і назад, каб чаргу ня страціць».

Карэспандэнтка: «Дык тут і чарга ёсьць?».

Вячаслаў: «Так — 600 чалавек — да жніўня месяца».

Карэспандэнтка: «А як яна трымаецца — сьпіс нейкі ёсьць?».

Віктар: «Так, прыходзім, адзначаемся, калі хто не адзначаецца — таго выкрэсьліваюць».

Карэспандэнтка: «А хто гэтым займаецца? Нейкія пэўныя людзі ёсьць?».

Вячаслаў: «Першая пяцёрка хлопцаў — вось мы кантралюем, каб ніхто не ўвайшоў без чаргі. Пяць чалавек адкупляліся — адыходзяць — падыходзяць наступныя — вось такая сытуацыя ў нас».

Карэспандэнтка: «І як даўно гэта доўжыцца?».

Віктар: «Ну, колькі? Месяц зь нечым».

Вячаслаў: «І яшчэ доўга будзе, бо валюта ў банках ня зьявіцца — гэта сто адсоткаў. А калі і зьявіцца, то яе адразу ж зьмятуць, бо наш беларускі рубель нічога ня варты».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра тое, чаму так здарылася?».

Віктар: «Няправільная эканамічная палітыка ў краіне».

Вячаслаў: «Прапаў беларускі цуд».

Ігар: «Па сутнасьці, падчас перадвыбарчай кампаніі прэзыдэнт паабяцаў падвысіць заробкі — падвысіў, а гэта было стратна — вось і ўсё».

Вячаслаў: «Ізноў мы прыйшлі да таго, з чаго пачыналі».

Ігар: «Да 1993 году».

На разьвітаньне хлопцы пагадзіліся адказаць на пытаньні, калі я прыйду да іх на гаворку праз тыдзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG