Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкі суд не задаволіў скаргу актывіста на чыноўніка


Яўген Парчынскі

Яўген Парчынскі

Яўген Парчынскі хацеў абскардзіць забарону на правядзеньне акцыі да Дня Волі, падпісаную намесьнікам старшыні наваполацкага гарвыканкаму Вячаславам Дурновым. Але суд пастанавіў, што чыноўнік мае рацыю.

Паводле Яўгена Парчынскага, аднаго з ініцыятараў стварэньня грамадзкага аб’яднаньня "Вольны рэгіён", акцыю да Дня Волі забаранілі праз тое, што там меркавалася выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі, пакаранымі за ўдзел у менскіх падзеях 19 сьнежня:

"Мне прыйшоў адказ за подпісам намесьніка старшыні наваполацкага гарвыканкаму Вячаслава Дурнова, дзе было напісана, што менская акцыя 19 сьнежня была "антыканстытуцыйнай". І таму выказваць салідарнасьць з затрыманымі і пакаранымі яе ўдзельнікамі нам забаронена. Такі адказ я атрымліваю ўжо трэці раз: тое самае чыноўнікі гарвыканкаму пісалі, калі я прасіў дазволу на звычайныя акцыі салідарнасьці. Але апошні выпадак асаблівы: 25 сакавіка мы ў першую чаргу зьбіраліся віншаваць землякоў з Днём Волі, а выказваньне салідарнасьці з палітзьняволенымі было дадатковай нашай мэтай".

Яўген Парчынскі зьвярнуўся ў суд, бо тлумачэньне наконт "антыканстытуцыйнасьці" менскіх падзеяў яго не задавальняе: па-першае, афіцыйнага азначэньня характару менскай акцыі ў сакавіку яшчэ не было — яе ўдзельнікаў судзілі і прызналі вінаватымі ўжо пазьней. Па-другое, такой падставы для адмовы няма ў заканадаўстве аб масавых акцыях. Па-трэцяе, намесьнік старшыні наваполацкага гарвыканкаму Вячаслаў Дурноў чамусьці напісаў, што абскарджваць ягонае рашэньне трэба не ў судзе , а ў аблвыканкаме, які ня мае такое кампэтэнцыі.

Таму актывіст меркаваў ня толькі абскардзіць саму забарону, але і прасіў суд даць належную юрыдычную ацэнку незаконным парадам чыноўніка.

Але судзьдзя Алена Верташонак пастанавіла, што адмова старшыні гарвыканкаму мела пад сабой усе падставы, а пытаньне наконт абскарджаньня ў аблвыканкаме проста праігнаравала.

Вячаслаў Дурноў на суд не зьявіўся, і ягоныя інтарэсы прадстаўляў кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Аляксандар Бабкоў.

З судовай залі быў выдалены полацкі актывіст Віктар Калесьнік. Спачатку судзьдзя Алена Верташонак не дазволіла яму быць грамадзкім прадстаўніком Яўгена Парчынскага, а потым загадала выйсьці, абвінаваціўшы ў непавазе да суду.

Віктар Калесьнік кажа, што быў уражаны тым, на якой падставе чыноўнікі наваполацкага гарвыканкаму вызначылі, што пасьлявыбарчая акцыя ў Менску была "антыканстытуцыйнай":

"Яны спасылаліся на ацэнку акцыі ў СМІ, а дакладней, у "Советской Белоруссии": маўляў, раз там напісана "антыканстытуцыйная", значыць, так і было. Без суду і сьледзтва!".
XS
SM
MD
LG