Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Суды з абвінаваўчым ухілам"


Прысутныя ў судзе падчас перапынку ў працэсе

Прысутныя ў судзе падчас перапынку ў працэсе

У судзе Заводзкага раёну Менску працягваўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня.

Тут судзяць сустаршыню аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева. Судовы вырак будзе абвешчаны ў панядзелак 16 траўня а 10.00.

Першая палова дня ў судовым працэсе была прысьвечана прагляду відэаматэрыялаў і допыту сьведкаў. З боку абвінавачаньня сьведчылі двое супрацоўнікаў ДАІ і сябра партыі БХД Багдановіч. Якія сьцьвярджалі, што зьвінавачаныя Ірына Халіп і Павал Севярынец заклікалі ісьці на плошчу Незалежнасьці і ішлі паперадзе калёны. Аднак у судзе яны не зьявіліся і, не зважаючы на пратэсты абароны, іх сьведчаньні былі ўлічаныя. Затое судзьдзя Жана Брысіна адмовіла ў магчымасьці даць паказаньні сьведкам з боку абароны – каля дзесяці чалавек. Адна зь іх – актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава:

"Усё было падстроена: нас шмат, каму адмовілі ў магчымасьці сьведчыць, бо мы былі ў залі суду падчас папярэдніх слуханьняў. Але пра тое, што сьведкам нельга быць у залі, нас папярэдзілі толькі сёньня".

Судзьдзя таксама адхіліла хадайніцтва адвакаткі Ірыны Халіп запрасіць іншых сьведак для сваёй падабароннай ці падаць дадатковыя матэрыялы. Гэткім чынам суд перайшоў да спрэчак. На абвінавачваньне пракурора адвакаты падалі факты, якія сьведчылі пра іх недаказанасьць. Пракурор тым часам папрасіў асудзіць Ірыну Халіп і Сяргея Марцалева на два гады турмы з адтэрміноўкай на два гады, а Паўла Севярынца — на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у месцы адбываньня пакараньня. Гаворыць бацька Ірыны Ўладзімер Халіп:

Бацькі Ірыны Халіп -- Уладзімер Халіп і Люцына Бяльзацкая

"Адвакаты ўшчэнт разьбілі так званыя абвінавачаньні. І ня важна якія будуць вынесеныя прысуды – усё зразумела, што гэтай уладзе вынесены самы суровы прысуд – гэтай улады не павінна быць".

Праваабаронца і палітык Людміла Гразнова, якая прыйшла ў суд пасьля працэсу над мужам Ірыны Халіп Андрэем Саньнікавым, сказала:

"Суды праходзяць паводле адной схемы – з загадзя абвінаваўчым ухілам – засудзіць беларусаў па поўнай праграме. Судзьдзі дзейнічаюць паводле загаду зьверху і асаблівай розьніцы паміж гэтымі судамі няма".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG