Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу аб катаваньнях КДБ перададуць у суд


Ірына Багданава з дачкой Натальлі Каляды Данай
Ірына Багданава з дачкой Натальлі Каляды Данай
На пытаньні Радыё Свабода адказала сястра Андрэя Саньнікава, адна з заснавальніц грамадзкай ініцыятывы "Free Belarus Now" доктар Ірына Багданава зь Вялікабрытаніі.

Ганна Соўсь: Сёньня пракурор запатрабаваў асудзіць вашага брата экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адвакаты сьцьвярджаюць, што віна Саньнікава ў арганізацыі масавых непарадкаў не даказаная, і просяць яго апраўдаць. Заўтра абвяшчэньне прысуду. Ці вы верыце ў цуды?

Ірына Багданава: Не, канечне. Усе суды, якія праходзяць, -- гэта фарс. Справы сфабрыкаваныя. Судзьдзя, у кожным судзе, вядзе працэс па заведзеным сцэнары. Ня важна, чаму яны гэта робяць, хай гэта будзе на іх сумленьні. Я з самага пачатку ведала, што Андрэю дадуць вялікі тэрмін. Калі б у нас у краіне была нармальная сыстэма юрыспрудэнцыі, іх бы ўсіх вызвалілі ў залі суду за адсутнасьцю складу злачынства.

Ганна Соўсь: У сваім апошнім слове Андрэй Саньнікаў назваў суд «палітычнай расправай над кандыдатам на прэзыдэнта, які склаў рэальную канкурэнцыю Лукашэнку і выказаў гатоўнасьць узяць на сябе адказнасьць за краіну... Я прайшоў праз катаваньні, прыніжэньні і пагрозы. Мне зноў прыйдзецца прайсьці праз выпрабаваньні», заявіў Саньнікаў. Натуральна, вам як сястры цяжка чуць словы брата пра катаваньні ў турме. Як вы мяркуеце, якія ёсьць магчымасьці вонкавага ўзьдзеяньня на ўлады ў справе вашага брата і іншых вязьняў Плошчы?

Ірына Багданава: Так, мне вельмі цяжка было, хоць я падазравала з самага пачатку, што такое ў КДБ адбываецца, пасьля, на жаль, мае падазрэньні былі пацьверджаныя заявай Алеся Міхалевіча, за што я яму вельмі ўдзячная, таму што пасьля гэтага, са словаў некаторых вязьняў, у нейкай ступені катаваньні спыніліся. Я мінулую ноч ня спала, бо перажывала, што здарыцца з Андрэем пасьля ягонай заявы -- ці ён проста зьнікне, ці яго не крануць. Я спадзяюся, што яго пакінулі ў спакоі. Але далей ніхто ня ведае, што будзе.

Ганна Соўсь: Вы былі адной з ініцыятарак распачаць на Захадзе судовы працэс супраць Лукашэнкі. Адно з абвінавачаньняў – катаваньні за кратамі, пра якія першым заявіў экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, цяпер вось на судзе пераканаўча распавёў ваш брат. На якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка да гэтага працэсу і ці паскораць яе апошнія заявы Саньнікава?

Ірына Багданава: Гэта пачалося, калі першы адвакат Павал Сапелка ўбачыў Андрэя адразу пасьля арышту... Ды й да гэтага Андрэя зьбілі, калі арыштоўвалі, хоць усім зразумела, што ніякага супраціву міліцыі ён пры арышце не рабіў. Гэта проста было зьверскае зьбіцьцё, магчыма нават спроба забіць. І вось, грунтуючыся на гэтым і на тым, што яму было шмат разоў адмоўлена ў мэдычнай дапамозе, я пачала справу. Пасьля ўжо далучыліся паказаньні Міхалевіча і цяпер -- паказаньні самога Андрэя. Так што справа рухаецца. Уся праблема ў тым, што падрыхтоўка такой агромністай колькасьці матэрыялаў займае шмат часу. Але справа рухаецца і, спадзяюся, хутка пойдзе ў суд.

Цалкам размову можна слухаць тут:

Размова з Ірынай Багданавай, 13 траўня 2011 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:39 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG