Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыніць паляваньне на вядзьмарак у Беларусі


Літоўскі сойм
Літоўскі сойм
Пад такой назвай у літоўскім парлямэнце сёньня прайшлі адкрытыя слуханьні па сытуацыі ў Беларусі. Размова ішла пра рэпрэсіі супраць іншадумцаў пасьля 19 сьнежня. У дыскусіі ўзялі ўдзел літоўскія парлямэнтары, беларускія палітычныя апазыцыйныя лідэры, праваабаронцы, экспэрты і грамадзкія актывісты.

Слуханьні адкрыў міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які адзначыў, што “Беларусь — найбольш складаная суседка Эўрапейскага Зьвязу".

Аўдронюс Ажубаліс
"Літва брала актыўны ўдзел у фармаваньні міжнароднай пазыцыі адносна Беларусі пасьля падзеяў у сьнежні. Мы пасьлядоўна выступалі і выступаем за два розных раўнацэнных накірункі палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Першы — дзеяньні, скіраваныя непасрэдна на асобаў, адказных за фальсыфікацыю выбараў, за выкарыстаньне сілы супраць грамадзянскай супольнасьці. Другі — стаўленьне да людзей Беларусі, да звычайных грамадзянаў”, — сказаў Аўдронюс Ажубаліс.

Палітыка ў дачыненьні ўладаў і народу — розная


Так, Літва імкнецца спрыяць таму, каб беларусам было лягчэй наведваць краіны Эўразьвязу, — адзначыў міністар, — але, з другога боку, паводле гэтак званай палітыкі “стрыманасьці” выключаюцца “ўсе кантакты з высокім кіраўніцтвам Беларусі і не дапускаецца удзел ні ў якіх мерапрыемствах, якія могуць выкарыстоўвацца беларускімі ўладамі ў прапагандысцкіх мэтах”.

Зь беларускага боку на слуханьнях у сойме выступілі старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, лідэр БХД Дзяніс Садоўскі, старшыня БАЖ Жанна Літвіна, кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, адзін зь лідэраў АГП Міхаіл Чыгір, палітоляг Валер Карбалевіч.

У часе слуханьняў беларускія апазыцыйныя лідэры і праваабаронцы распавядалі пра сытуацыю ў Беларусі, у сойме адкрылася фотавыстава аб падзеях 19 сьнежня.

С.Шушкевіч: літоўскія бізнэсоўцы яшчэ не дарасьлі да ўзроўню нямецкіх

Адначасова сёньня ў літоўскім курорце Друскенікі пачаўся беларуска-літоўскі эканамічны форум. Станіслаў Шушкевіч, запрошаны на слуханьні ў Сойме, адзначыў:

“Я гэта ацэньваю так: літоўскія бізнэсоўцы яшчэ не дарасьлі да таго ўзроўню, які маюць нямецкія прадпрымальнікі, якія сказалі, што будуць выконваць статус годнасьці і ня мець справаў з тымі, у каго рукі ў крыві, з тымі, ў каго запэцкане сумленьне на зьдзеках над людзьмі. Бізнэсоўцы і пэўныя палітыкі Літвы да гэтага яшчэ не дарасьлі. Таму і праводзіцца гэты эканамічны форум. Палітычны аспэкт, які асьвятляецца сёньня ў парлямэнце, больш важны, таму што, калі б так паводзіла Літва сябе ў дачыненьні да Савецкага Саюзу, то Літва б ніколі не была вольнай”.

Яснасьць пазыцыі

У сваім выступе ў часе адкрытых слуханьняў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што ніякіх кантактаў з рэжымам не павінна быць з боку Захаду, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні. Але тое, што адначасова зь сёньняшнімі парлямэнцкімі слуханьнямі ў Друскеніках пачаўся беларуска-літоўскі эканамічны форум, палітык ня лічыць “праявай непасьлядоўнасьці ці спробай весьці падвойную гульню”.

Важна разьдзяляць кантакты ўрадавыя і супрацоўніцтва бізнэсовых структураў, асабліва малых і сярэдніх, адзначыў Аляксей Янукевіч:

“Мы заўсёды заклікалі да таго, каб супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, на ўзроўні бізнэсовых кантактаў працягвалася. Бо стратэгічна абмежаваньне кантактаў бізнэсоўцаў, асабліва на ўзроўні малога і сярэдняга бізнэсу, ня зробіць ніякай шкоды рэжыму, а разам з тым будзе спрыяць ізаляцыі Беларусі ад эўрапейскай супольнасьці, што было б вельмі кепска. Хаця мы і чулі раней даволі супярэчлівыя заявы з боку цяперашняга прэзыдэнта Літвы, я думаю, што пасланьні, якія ідуць ад літоўскага ўраду цягам апошніх месяцаў, сьведчаць пра яснасьць пазыцыі Літвы”.

М.Адаменас: наступ на дэмакратыю ў Беларусі небясьпечны для Літвы

Напярэдадні слуханьняў у сойме адбылася прэсавая канфэрэнцыя беларускіх удзельнікаў і літоўскага парлямэнтара Мантаса Адаменаса, які адзначыў, што “цяперашняя культура палітычнага жыцьця ў Беларусі можа быць небясьпечнай і для дэмакратыі ў Літве”, дзе, паводле дэпутата, не зусім добра усьведамляюць, што адбываецца ў Беларусі.

Мантас Адаменас
“Ранейшы падыход да Беларусі, высілкі дзеля падтрымкі ідэалаў свабоды і дэмакратыі не былі плённымі і не рабіліся належным чынам захады дзеля бясьпекі тых людзей, якія несьлі ідэалы дэмакратыі ў Беларусі”, — сказаў Мантас Адаменас.

“Сытуацыя ў Беларусі ніяк не палепшылася, наадварот, яна стабілізуецца ў сэнсе пагаршэньня. І не малая частка віны за гэта — на заходніх краінах, якія цярпелі і мірыліся з рэжымам у сувязі з прагматычнымі чыньнікамі альбо папросту і таму, што спрабавалі пазьбягаць дадатковых палітычных праблем”, — заявіў дэпутат.

Міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс тым часам запэўніў:

“Падтрымка беларускай дэмакратычнай супольнасьці застанецца маральным імпэратывам палітыкі Літвы. Літва як адкрытая і дэмакратычная дзяржава гатовая і надалей падтрымліваць беларускія грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на стварэньне дэмакратычнай супольнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG