Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пагарачылася наконт "мераў у адказ"


Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Казаць сёньня аб увядзеньні Беларусьсю мер у адказ супраць ЭЗ ня толькі заўчасна, але і не канструктыўна», –­ так пракамэнтаваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных інфармацыю, распаўсюджаную 12 траўня агенцтвам «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Паведамлялася, у прыватнасьці, што ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам у адносінах да Беларусі эканамічных санкцыяў беларускія ўлады ў адказ могуць прапанаваць паслам шэрагу дзяржаваў ЭЗ пакінуць межы краіны, а таксама забараніць выезд за мяжу 200 прадстаўнікоў апазыцыі.

«Асноўная пазыцыя беларускага боку заключаецца ў тым, што Беларусь і ЭЗ маюць магчымасьць вярнуцца да нармальнага дыялёгу, заснаванага на прынцыпах добрасуседзтва і ўзаемнай павагі», -­ заявіў Савіных. МЗС Беларусі, падкрэсьліў ён, зыходзіць перш за ўсё з такой магчымасьці і такой пэрспэктывы.

Учора Андрэй Савіных назваў падыходы Эўрапарлямэнту непрымальнымі і супярэчнымі прынцыпам добрасуседзтва:

«У выпадку прыняцьця такіх мер беларускі бок будзе вымушаны зрабіць крокі ў адказ», — заявіў Савіных. Паводле яго, яны будуць «уяўляць сабой адэкватныя меры ў адказ, накіраваныя пераважна на пэрсаналіі і структуры, якія зьяўляюцца актыўнымі генэратарамі антыбеларускіх дзеяньняў».

12 траўня Эўрапарлямэнт заклікаў Эўракамісію, Раду ЭЗ і краіны-партнэры Эўразьвязу "пашырыць абмежавальныя меры ў дачыненьні да беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесьці кропкавыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве», у сувязі з крымінальным перасьледам фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня, а таксама ціскам на незалежныя СМІ.

Днём раней, 11 траўня, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што адзіным магчымым адказам Эўразьвязу на дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца ўвядзеньне жорсткіх санкцый у дачыненьні да яго і прадстаўнікоў яго рэжыму.

У пасольстве Вугоршчыны, якая старшынюе ў ЭЗ, інфармацыю, распаўсюджаную агенцтвам «Інтэрфакс-Захад», камэнтаваць адмовіліся, - паведамляе сайт Naviny.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG