Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Шосты дзень

абноўлена

13 траўня Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

17.45
Перапынак у судзе да 10 гадзін 14 траўня.


17.38 Наступны сьведка — Юры Клімовіч з Гомеля. Кіраўнік гомельскага выбарчага штабу. Кажа, што да незаконных і проціпраўных дзеяньняў Рымашэўскі не заклікаў.

Яго затрымалі прэвэнтыўна 18 сьнежня і па надуманых абвінавачаньнях пасадзілі на 10 сутак. Прэвэнтыўна затрымалі рэгіянальных прадстаўнікоў і іншых штабоў.

17.22 Сьведка Аляксандар Кавальчук, таксама давераная асоба Рымашэўскага. Распавядае пра парушэньні на выбарах. Кажа, што 19-га павінна была быць мірная акцыя. Але на такія акцыі прыходзяць розныя людзі, і маглі быць розныя інцыдэнты. Кандыдаты казалі пра недапушчэньне такіх дзеяньняў. Распавядае пра перашкоды — яму пракалолі шыны, машыну правяралі, ці ня ў вышуку яна.

17.06 Сьведка Валерыя Чарнаморцава ведае Рымашэўскага больш за 10 гадоў, была даверанай асобай Рымашэўскага. Была назіральнікам на выбарчым участку. Распавядае пра тое, што было каля Палаца прафсаюзаў. Грымела папсовая музыка. Кандыдатаў не было чуваць. Пачаўся рух на плошчы, але людзі ня ведалі, куды ісьці. Быццам бы нехта чуў Статкевіча. У яе было пачуцьцё, што з ДАІ была дамова, што можна было выйсці на праезную частку, бо ў кірунку адміністрацыі прэзыдэнта быў кардон, а ў кірунку Дома ўраду не было. У людзей не было агрэсіі, наадварот, узьнёслы настрой. Віталя Рымашэўскага пачула толькі, калі ён прамаўляў каля помніка «ідалу», каб не паддаваліся на правакацыі, паводзілі сябе спакойна, каб міліцыя не ўчыняла гвалту ў дачыненьні да грамадзян.

17.01 Сьведка Ірына Логвін — таксама давераная асоба Рымашэўскага. Кажа, што на плошчы меркаваўся мірны мітынг, ні пра якія антысацыяльныя дзеяньні гаворкі ніколі не вялося. Ніякіх заклікаў куды-небудзь рушыць яна ня чула, Рымашэўскі толькі заклікаў захоўваць парадак.

16.46 Сьведчыць Яўген Анішчанка, давераная асоба Рымашэўскага. Распавядае, што на плошчу яго прывялі перакананьні, што выбары прайшлі са шматлікімі парушэньнямі. На Кастрычніцкай быў побач з Рымашэўскім. Падчас выступу кандыдатаў не было чуваць нічога. На плошчы была такая колькасьць людзей, што фізычна яны не маглі там зьмясьціцца, таму натоўп выліўся на праезную частку.

16.06 — 16.35 Наступны сьведка — Генадзь Бураўкін. Быў даверанай асобай Някляева. Гэта ягоны дабраахвотны выбар. Някляеў — выдатны паэт эўрапейскага ўзроўню, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, якую атрымаў у найноўшы час. Песьні гучаць па ўсёй краіне. Быў кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў, кіраўніком ПЭН-цэнтру. Гэты чалавек можа прэтэндаваць на самую высокую пасаду ў гэтай краіне. І маральную, і палітычную пазыцыю Някляева падтрымлівае.

Асаблівых дэталяў пляну «Плошча» ня ведае, на плошчы ня быў. Але гэта мірная акцыя, якая павінна даць магчымасьць людзям выказацца пасьля выбараў. У Бураўкіна ёсьць падставы лічыць, што выбары былі недэмакратычнымі. Судзьдзя спыняе Бураўкіна, які хацеў распавесьці пра свой міжнародны досьвед, калі працаваў прадстаўніком Беларусі ў ААН. Бураўкін кажа пра адказнасьць Някляева, пра тое, што так перавароты ня робяцца.

Бураўкін чуў пра заклікі прыходзіць на плошчу па тэлебачаньні. Але ніколі ня чуў, каб заклікалі прыходзіць узброенымі. Меркавалася мірная акцыя. Тлумачыць розьніцу паміж палітычнай прэзыдэнцкай кампаніяй і грамадзкай, маральнай кампаніяй «Гавары праўду!»

16.25 Някляеў зьвяртаецца да Бураўкіна. Пытаецца, ці было ў іх доўгім жыцьці нешта такое, каб ён мог прычыніць камусьці зло наўмысна? Бураўкін вельмі эмацыйна адказвае: «Не!» І кажа, што калі ўбачыў зьбітага Някляева, ня мог спаць. Для яго адназначна — зьбілі Някляева «чорныя людзі», не таму што яны ў чорным, а таму, што яны чорныя. Судзьдзя спыняе Бураўкіна.

15.40 Сьведка Тацяна Процька.

Пажартавала, што ведае Някляева з 1917 году. Судзьдзя жарт ацаніла і нават заўсьміхалася. Кажа, што Някляеў павінен быць духоўным лідэрам нацыі. Распавядае пра кампанію «Гавары праўду», як яна спрабавала дапамагчы выправіць хібы ў камунальных службах, вырашыць сацыяльныя праблемы. Сама яна адказвала за працу грамадзкіх прыёмных. Кажа пра ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі памяці Ларысы Геніюш у Празе. Хацелі зрабіць бібліятэчку пра правы людзей. Выдалі 4 кніжкі. Была кампанія па ўвекавечваньні памяці Васіля Быкава.

Кампанія «Гавары праўду!» працавала легальна. Хацела «абудзіць» грамадзтва, як кажа прэзыдэнт, «дагрукацца да людзей». Кампанія ставіла толькі сацыяльныя задачы. Распавядае, як спрабавала пераканаць Ярмошыну, каб працэс выбарчы зрабіць дэмакратычным. Пералічвае сутнасьць парушэньняў: пачынаючы ад фармаваньня выбарчых камісій, доступу да СМІ, заканчваючы падлікам галасоў.

Тацяна Процька кажа, што Някляеў — гонар нацыі. А мы яго судзім.

15.31 Наступны сьведка Ўладзімер Колас. Увечары 19-га прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу. Людзей было шмат, нічога не чуваць. Арганізацыі мітынгу не было, людзі ня ведалі, што рабіць. Пастаяўшы так, павітаўшыся са знаёмымі ён вырашыў пайсьці дадому. Каля «Цэнтральнай» кнігарні пачулі гук, ззаду ішоў вялікі натоўп. Шэсьце было мірнае, цалкам цывілізаванае. Потым ён стаяў каля Чырвонага касьцёлу. Праз паўгадзіны сышоў дадому. Прывяло на плошчу тое, што ад выбараў заўсёды чакае пераменаў. А тут зноў расчараваньне. Шмат разумных, інтэлігентных людзей выйшла, каб паказаць сваю пазыцыю. Ён лічыў, што павінны быць адзіны кандыдат. Наперадзе калёны лідэраў, кандыдатаў не было.

15.08 Наступны сьведка Карпаў. Распавядае пра інцыдэнт на вуліцы Калектарнай. Там было чалавек 50. Людзі былі бяззбройныя, радасныя, мірна настроеныя.

Краем вока бачыў у мікрааўтобусе стойкі, саму апаратуру ня бачыў. Людзі ішлі па ходніках. З боку вуліцы Караля выскачылі «арганізмы» ў чорным, паклалі ўсіх у сьнег. Лаяліся страшна нецэнзурна. Ён прыкрыў жонку сабой. Хтосьці спрабаваў узьняць галаву, атрымаў моцны ўдар.

Быў клон на адзін твар — людзі ў чорным. Яму падалося, што ў сьнег паклалі ўсіх. «Было патрабаваньне ў мацернай форме «Усім легчы тварам у сьнег!»

За год да выбараў ён ведаў, што будзе на плошчы.

14.41 Наступны сьведка Тацяна Караткевіч, сябра ініцыятыўнай групы Някляева.

Распавядае, як спрабавала запісаць Някляева на сустрэчы зь міністрам Куляшовым, старшынём КДБ Зайцавым і мэрам Ладуцькам. Безвынікова. Адзінае, што прапаноўвалі — прыём ў намесьніка старшыні Менгарвыканкаму. Хацелі садзеяньня ў забесьпячэньні бясьпекі.

Распавядае пра кампанію «Гавары праўду». Зьвярталіся да высокіх чыноўнікаў 8 альбо 9 сьнежня.

Распавядае пра інцыдэнт на вуліцы Калектарнай. Апынулася заціснутай паміж дзьвюма машынамі — мікрааўтобусам з гукавой апаратурай і машынай ДАІ. Людзі ў чорным кінулі яе на зямлю, пагражалі, нецэнзурна лаяліся. Чула, як двое ў чорным размаўлялі паміж сабой пра Някляева: «Ты яго забіў». Другі кажа: «Ня можа быць». Пашчупаў пульс і даў яшчэ раз у жывот. Людзі былі аднолькава апранутыя ў чорнае. Бачыла, як паклалі журналістаў тварам у сьнег.

У людзей у руках былі сьцяжкі, ніякіх палак, стрыжняў не было. Мэта была — суправаджаць гукаўзмацняльную апаратуру, каб людзі маглі пачуць.

14.31 Наступны сьведка Мікалай Коўш, кандыдат пэдагагічных навук. Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі «Гавары праўду» у Берасьці. Мэта кампаніі — у яе назове. Тлумачыць розьніцу паміж прэзыдэнцкай кампаніяй Някляева і кампаніяй «Гавары праўду», там былі розныя людзі.

Прыводзіць факты фальсыфікацыі на выбарах, спасылаецца на старшыню Берасьцейскага аблвыканкаму Сумара, які распавёў, што падчас выбараў было так шмат людзей за Лукашэнку, што давялося зьнізіць колькасьць на 16 тысяч. Прыводзіць іншыя факты.

Кажа, што падстава не надуманая. Парушэньні падчас кампаніі сталі прычынай, па якой людзі выйшлі на плошчу. Фальсыфікацыі набылі масавы характар. Эмацыйна распавядае пра падлік галасоў, памер самага вялікага стосу «цягнуў» ня больш як на 50 працэнтаў.

14.20 Сьведка Мікола Дземідзенка. Ведае Палажанку і Рымашэўскага. Быў на Кастрычніцкай 19 сьнежня. Прыйшоў туды з Прывакзальнай плошчы. Быў на прыступках Палацу прафсаюзаў. Выступалі людзі, але музыка заглушала. Людзі былі настроены мірна. Палажанку бачыў, але часам яны губляліся. Адвакатка пытаецца, ці вяла за сабой Палажанка людзей. Дземідзенка кажа, што не.

14.02 Пасьля перапынку слухаюць сьведку кіроўцу аўтобуса маршрута № 100 Казлоўскага.

Кажа, што праспэкт быў перакрыты ДАІ. Інспэктар сказаў, каб кіроўца разьвярнуўся і паехаў у адваротны бок. На Кастрычніцкай былі людзі.

13.06 Абвешчаны перапынак да 14.00

13.04 Наступная сьведка Кацярына Карпава. Яе муж — сябар Дзьмітрыева, той запрасіў Карпава 19 сьнежня ў офіс на Нямізе. Распавядае пра інцыдэнт на вуліцы Калектарнай. Калі прайшлі мэтраў 50 у калёне, бачыла ўспышкі, чула выбухі. Яе паклалі груба на зямлю з лаянкай. Зусім побач праляцела шумавая граната. У яе былі апёкі твару, нагі, пашкоджана сумка (прадэманстравала сумку ў судзе), куртка наагул прыйшла ў непрыдатнасьць. Кажа пра грубы гвалт з боку людзей у чорным.

12.34 Наступны сьведка — Рыгор Кастусёў.

Распавядае пра сваю скаргу пра парушэньні падчас выбарчай кампаніі. Прыводзіць канкрэтныя прыклады прымусовага датэрміновага галасаваньня навучэнцаў і студэнтаў пад наглядам выкладчыкаў — усяго 260 старонак. Гэта канкрэтныя дакумэнты, факты, лісты. Інфармацыяй пра парушэньні дзяліўся зь іншымі кандыдатамі. Пракурор пытаецца пра шэсьце 19 сьнежня. У шэсьці ён удзельнічаў. Чуў лёзунгі «Жыве Беларусь!». Сам перасоўваўся па ходніку.

Яшчэ на самых першых сустрэчах з выбарцамі зразумеў, што выбары будуць сфальсыфікаваныя. У размовах і сустрэчах па выпрацоўцы агульнай канцэпцыі Плошчы ня ўдзельнічаў. Кажа, што загадзя агульнай канцэпцыі не было. Пра зьбіцьцё Някляева даведаўся на Кастрычніцкай плошчы. Абураны быў, што зьбіцьцё адбылося яшчэ падчас галасаваньня, хаця ў гэты час кандыдат павінен быць абаронены законам.

За час перадвыбарчай кампаніі зь Някляевым ён агульныя пляны не абмяркоўваў.


12.21 Наступны сьведка — Уладзімер Ганчарык.

Быў на Кастрычніцкай плошчы, прайшоў у калёне да Менгарвыканкаму. У людзей быў узьняты настрой, уздым, як раней на першамайскіх дэманстрацыях. Выступаў ня чуў. Гучна грымела музыка. Людзей было шмат. Куды ідуць, ён разумеў, а навошта і што далей — ня ведаў.

Сам ён ішоў па ходніку. Гэта была мірная дэманстрацыя. Супраціву і беспарадкаў не было. Заклікаў разысьціся ён ня чуў. Пра зьбіцьцё Някляева яму паведамілі па тэлефоне, калі ён ішоў праз парк Горкага на плошчу.

Судзьдзя здымае ўсе пытаньні пра мінулыя плошчы і пра ўдзел Ганчарыка ў выбарах 2001 году.


11.58 Выступае сьведка Алег Шабетнік.

Распавядае пра кампанію «Гавары праўду», кажа, што займалася яна сацыяльнымі праблемамі, дапамагалі людзям, у тым ліку і чарнобыльцам. Быў даверанай асобай Някляева. Распавядае, якія перашкоды чынілі Някляеву, калі ён езьдзіў па рэгіёнах: спынялі машыны, шукалі ў іх наркотыкі.

Адвакат пытаецца пра падзеі 19 сьнежня. Шабетнік кажа, што мелі намер сьвяткаваць перамогу альбо выхад Някляева ў другі тур выбараў. На вуліцы Калектарнай бачыў машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай. Калёна расьцягнулася мэтраў на 10. Машына ДАІ стаяла поперак. Чуў выбухі. Яго паклалі тварам на зямлю. Людзі ў чорным білі людзей, разьбілі шкло ў мікрааўтобусе. Білі жорстка. Апаратуру перагрузілі ў свой аўтобус. На зямлі ляжалі зьбітыя жанчыны. Журналістаў таксама паклалі тварамі ў сьнег. Зьбіцьця Някляева ня бачыў. Бачыў толькі, як несьлі непрытомнага Някляева. Сам ён пайшоў на плошчу. Людзі на плошчы ўжо ведалі, што зьбілі Някляева, яны былі шакаваныя.

Далей распавядае пра сустрэчы Вазьняка ў Жлобіне, Мазыры, Сьветлагорску, іншых гарадах. Вазьняк запрашаў людзей сьвяткаваць перамогу 19-га на плошчы.

Сьведка кажа, што перадвыбарчая кампанія і «Гавары праўду» былі рознымі, пад рознымі сьцягамі. «Гавары праўду» адрозьнівалася сваёй сацыяльнай скіраванасьцю.

Людзі, што напалі на калёну, былі ў чорным без апазнавальных знакаў, хутчэй за ўсё, гэта было нейкае спэцпадразьдзяленьне. Было адчуваньне, што ў пальчатках былі кастэты, бо ўдары былі моцныя.

11.49 Аляксандар Фядута папрасіў абвясьціць перапынак на 5 хвілін.

11.23 Сьведка Ніна Пахлопка распавядае, што была намесьніцай старшыні «Руху наперад», выдавалі прадукцыю асьветніцкага характару. Ніякага згадваньня пра выбары ў прадукцыі не было.

Пахлопка распавядае пра грамадзкае аб’яднаньне «Клопат», якое здымала памяшканьне на вуліцы Няміга, 42. Распавядае пра падзеі вечара 19 сьнежня. Кажа, што калёна пачала фармавацца каля 19 гадзін, чалавек 70 — 80. Два мікрааўтобусы знаходзіліся на вуліцы Калектарнай. Ёй падалося, што пачалі страляць, былі нейкія выбухі. Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў выбеглі з двух аўтобусаў зь непрыстойнай лаянкай, выцягнулі і зьбілі кіроўцу мікрааўтобуса, была кроў. Пацягнулі гукаўзмацняльную апаратуру, дзейнічалі людзі ў чорным вельмі хутка, кідалі людзей тварамі ў сьнег. Яна бачыла ляжачых зьбітых людзей.

Людзі ў чорным былі трэніраваныя, адмыслова навучаныя, дзейнічалі вельмі прафэсійна, у іх былі дубінкі. Някляева занесьлі ў офіс, аказалі дапамогу, выклікалі хуткую. Яна падвярнула нагу, і таму сышла дамоў. На ператрус яе не запрасілі — быў парушаны закон, бо яна кіраўнік офісу. Офіс апячаталі.

11.20 Пасьля выступу Сімбірова двое прысутных у судзе пачалі апладзіраваць. Судзьдзя выдаліла іх з залі.

10.52 Выступае сьведка Ігар Сімбіроў.

Ведае ўсіх абвінавачаных, кажа, што ўсе яны — асобы выбітныя. Адвакат распытвае, што такое кампанія «Гавары праўду!» і чым яна займалася. Сімбіроў вельмі эмацыйна кажа пра сацыяльную скіраванасьць кампаніі, пра праўду, якая так неабходная людзям. Ён яшчэ з 2001 году ведаў, што «мы прыйдзем на плошчу з кветкамі і шампанскім».

Распавядае, што ён рабіў 19 сьнежня. Быў у штабе на Нямізе, 42. Бачыў там Дзьмітрыева, Фядуту, пазьней падышоў Някляеў. Ён сам сядзеў за кампутарам. Увечары зьбіраліся ісьці віншаваць Някляева на плошчу. У некаторых былі кветкі. У народа быў сьвяточны настрой. Адчувалі, што могуць быць правакацыі. Яго задача была — атачыць аўтобус і абараняць яго. Вуліца была перакапаная, ісьці можна было толькі па ходніках.

Ён бачыў, як літаральна ўразаецца ў калёну машына ДАІ. Натуральна, народ кінуўся туды. Калі ён павярнуўся, убачыў выбух. народ разгубіўся. Ніякага супраціву не было. перад ім амапавец у чорным разьбіў шкло аўтобуса, кінуў Сімбірова на зямлю і наступіў ботам. Ён пачуў крык: «Апаратуры ў аўтобусе няма!» Сімбіроў кажа, што, адназначна, гэта былі сілавыя структуры. Было шмат людзей з камэрамі, журналістаў. Калі гэтыя «пачвары» зьніклі, людзі пачалі крычаць, што Някляеў беспрытомны. Зьбіўшы людзей, яны зьніклі.

Перад аўтобусаў ляжаў зьмяты, зьбіты Някляеў, яшчэ чалавек 5 зьбітых ён бачыў. Засталося чалавек 40, якія вырашылі ісьці на плошчу. Ён меў намер таксама ісьці і распавядаць, што адбылося зь Някляевым. На плошчы Кастрычніцкай ён быў. Не зусім зразумеў, як людзі апынуліся на праезнай частцы. Заклікаў ісьці на плошчу ён ня чуў. Лаянку чуў толькі ад людзей у чорным.

10.40 Выступае сьведка Сяргей Анікееў. Зьбіраў подпісы за Някляева.
Кіроўца «Фальксвагена» сіне-зялёнага колеру. 18 сьнежня забраў адзін намёт, які раней стаяў каля ГУМу. 19 сьнежня стаяў каля офісу, езьдзіў у краму па ежу для тых, хто быў у офісе. Адвакат Букштынаў распытвае яго пра падзеі на вуліцы Калектарнай. Там стаяў яшчэ адзін мікрааўтобус белага колеру. Калёна зрушылася, і ён зайшоў у офіс папіць гарбаты. Чуў выбухі. Потым прыбеглі параненыя людзі. Някляева прынесьлі на рухах, ён быў моцна зьбіты. Людзі распавядалі, што на іх напалі людзі ў чорным. Някляеву выклікалі хуткую дапамогу. Яшчэ ў чалавек 10 — 15 былі пашкоджаньні. Някляеў быў некаторы час у непрытомным стане. Мэдыкі яго павезьлі ў шпіталь. Сьведка потым хацеў паехаць дадому, але яго спыніла машына ДАІ. Людзі ў чорным не прадставіліся, сілай выцягнулі яго з аўтамабіля. Забралі намёт, 10 настольных лямпаў. Вярнулі тэхпашпарт і пасьведчаньне? Дагэтуль нічога не вярнулі.

Намёт потым ён бачыў па Беларускаму тэлебачаньню. Але ён ляжаў у іншым мікрааўтобусе зялёнага колеру, але не ў яго аўто. Там яшчэ была каністра сіняга колеру, гукаўзмацняльная апаратура, кажа Анікееў, кіроўца зялёнага аўто.


10.21 Адвакатка Палажанкі заяўляе хадайніцтва запрасіць кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія закрыліся раней з-за масавага шэсьця і недаатрымалі прыбытак. Пракурор зноў супраць. Судзьдзя адмаўляе на дадзенай стадыі ў задавальненьні хадайніцтва, але да гэтага пытаньня абяцае вярнуцца.

10.17 Судзьдзя прымае хадайніцтвы заслухаць сьведкаў абароны. Пракурор супраць. Някляеў пратэстуе: маўляў. абвінаваўца пастаянна пераходзіць на асобы. Судзьдзя сказала, што сьведкі будуць заслуханыя.

10.16 Пра факты перадачы грошай сьведка адмаўляецца гаварыць. Людзям, якія ставілі подпісы, грошай яна не давала. Рымашэўскі робіць заяву, што лісты, завераныя гэтай зборшчыцай, у ЦВК не здаваліся. Такога прозьвішча ў яго ініцыятыўнай групе няма.



10.06 Ранішняе паседжаньне пачынаецца са слуханьняў сьведкаў. Сьведка Марыя Садова распавядае пра тое, як ёй спадар Барысаў прапаноўваў зьбіраць за яго подпісы. Таксама ёй прапаноўвалі зьбіраць подпісы за Рымашэўскага і Някляева. Багуслаў Унгур абяцаў прыстойную аплату — 1 даляр і болей за подпіс. Подпісы зьбірала. За подпісы Рымашэўскага аплату атрымала. Распавядае, як хадзіла па кватэрах, зьбірала подпісы, падпісныя лісты перадавала Барысаву.

10.00 Працэс аднавіўся. У залі Часова павераны ў справах ЭЗ у Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль, паэт Леанід Дранько-Майсюк і філёзаф Валянцін Акудовіч.

Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.


Суды за Плошчу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Чацьвёрты дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзень пяты

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG