Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У той дзень, калі ў Беларусі адбываўся ленінскі суботнік, сотня валянтэраў зь Менску і Наваградку сабраліся ў мястэчку Любча, каб добраўпарадкоўваць тэрыторыю радзівілаўскага замка, помніка архітэктуры 16-га стагодзьдзя. Я быў у Любчы гадоў дзесяць назад. І, без перабольшваньня, быў уражаны тымі зьменамі, якія адбыліся за гэты час. Пахарашэў стары парк, прыбраны ад сьмецьця і хмызьняку.


Замак, яшчэ нядаўна закінутая руіна, набывае годны выгляд. Цалкам адноўленая кутняя вежа і частка сьцяны.



І ўсё гэта дзякуючы валянтэрам. У большасьці сваёй студэнтам-архітэктарам. Такім, як асьпірант архітэктурнага факультэту БНТУ Зьміцер Савельеў. Якога я на хвіліну адцягнуў ад працы.




— У першую чаргу адноўленая кутняя вежа замка. Адна з чатырох вежаў. Таксама адноўлены мур паміж брамнай і кутняй вежай. Таксама зроблена шмат іншай працы на тэрыторыі замчышча. Хто прыяжджае ў замак, ведаючы, якім ён быў дзесяць гадоў таму, той яго проста не пазнае. Тэрыторыя добраўпарадкаваная. Можна аглядаць ляндшафт Нёмна, Налібоцкай пушчы. Можна бачыць гэты цудоўны парк канца 19-га стагодзьдзя. Гэта зусім іншае ўспрыняцьце Любчанскага замка.


У Любчы мяне чакала вялікая ўдача. Я пазнаёміўся з Аленай Новік, у дзявоцтве Грыцкевіч. Былой выхаванкай знакамітай Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Нягледзячы на вялікую розьніцу ва ўзросьце — спадарыні Алене за 80 — у нас знайшліся агульныя знаёмыя. А некаторыя прозьвішчы яе сяброў — проста з падручнікаў па найноўшай гісторыі Беларусі. Як па-маладому загараюцца яе вочы, калі старая ўспамінае часы свайго юнацтва і студэнцтва! Якое прыпала на вайну.




— Нашыя Орса, Скрабец, ім трэба нізка пакланіцца. Таму што ня трэба было стыпэндыі плаціць два гады. Барысаглебскі мяне фізыцы вучыў. Пасьля Тур вучыў хіміі. Нам сказалі, што ён загінуў. А я на базары іду ў Наваградку. А ён глядзіць, падыходзіць, падае руку. «Ну што? І вы думаеце, што мяне забілі? Не. Я застаўся жывы». Але ўсё роўна калашмацілі. Пасадзілі некаторых. Была Сланеўская, мацнейшы матэматык.


Вы памятаеце ўсіх настаўнікаў!


— Помню. Пэдагогі, яны глядзелі, ім шкада было нас. Аберагалі. Я настаўнікаў помню. Пасьля быў вельмі беларус такі, Анішчык. Яго псэўданім Чэмер. Я яго чытала, вельмі цікава. Яго Кіт вучыў. Кіта ж вы чулі? А я з Кітавай сястрой восем гадоў правучылася. Барыс Кіт! Мы ж з маці яго дружылі. Яго сястра Іра ўжо памерла, другі год пайшоў. І што вы думаеце? Я ні разу ў яе не спытала — «Дзе твой брат, Барыс?». Настолькі мы баяліся.


Што дало вам навучаньне ў той Наваградзкай сэмінарыі?


— Патрыятызм. Засталіся ўсе за Беларусь. Вы не ўяўляеце, настолькі былі… Мы на немцаў глядзелі. Ведаеце, што Рагуля сказаў? «Як адзін ня прыяцель, так другі ня брат». І такое гаварылі. А каб данесьлі, дык і Рагулю б расстралялі. Настолькі патрыятызму было. Гэты дырэктар быў, Скрабец Пётар Ануфрыевіч. Яны ж беларусы былі. Пры Польшчы змагаліся. Сядзелі ў турмах пры Польшчы. А пры Саветах ізноў пасадзілі. Не разумею я гэтае жыцьцё, як перабяру ў мазгах, ніяк не разумею.


Вы ведаеце, што Барыс Кіт жывы?


— Ведаю. У мяне ж кніжкі ёсьць. Мне ўжо падарылі. «Космас беларуса», «Грамадзянін сьвету». Я ўсё прачытала пра яго. Я ганаруся. Вы паглядзіце — усюды нашыя.


Што б вы перадалі Барысу Кіту?


— Дай Бог яму здароўя. Я вельмі радая, што ён так праславіў нас.


Саюз Беларускай моладзі — што гэта была за арганізацыя?


— Проста напісалі заявы. Ніхто там нічога. Тут кожны ратаваў галаву. Ну, песьні сьпявалі. Мы ж не крычалі «Гайль Гітлер!». «Жыве Беларусь!» І руку падымалі. А пасьля далі нам форму. А тады ж з адзеньнем дрэнна. Сукенкі зрэбныя. У нас жа ў 39-м усё зьнікла. Нідзе нічога няма. Хоць плач«.


Вось што такое роля школы і настаўнікаў у справе выхаваньня нацыянальнай сьвядомасьці. Плён, які пасьля ня вытруціць ніякімі савецкімі законамі. Шкада, што сёньняшняя моладзь да беларушчыны прыходзіць ня дзякуючы, а насуперак школе. Як мой чарговы суразмоўца, Андрэй Радкоў, студэнт гістфаку БДУ.




— Проста сэрца баліць за ўсё гэта. За замкі, і ня толькі за замкі. За пустыя палеткі, за закінутыя хаты. Нельга, каб гэта ўсё стаяла і парахнела. Кожная нацыя павінна адчуваць сувязь са сваімі каранямі. Гэта ўсё вельмі важна. Для будучага пакаленьня. Я тут, бо ўпэўнены, што мой унёсак будзе важны для нашай агульнай справы.


Любчанскім замкам, адной з радзівілаўскіх рэзыдэнцый, у міжваенны пэрыяд валодалі немцы Пейкеры. Пра апошнюю ўладальніцу маёнтка мне распавяла карэнная любчанка Валянціна Буйвал, былая настаўніца біялёгіі.




— Гэта быў Пейкерыхі маёнтак. І лес яе быў. І жыла яна ў замку. Мой тата там рабіў і мама. Тата як стане расказваць пра яе, якая яна была панюся. Напрыклад, яна едзе і жнеі жнуць. Жнуць і бягуць руку ёй цалаваць. А мама зь сяброўкай не ідуць. Дык яна будзе казаць: «А што гэта за дзьве нявежды стаяць там?».


— Гэта такая была ганарлівая?


— Уся ж зямля яе тут была! Ня вельмі сымпатычныя паводзіны. Затым, яна не плаціла падаткаў, і палякі анулявалі.


— Яе пазбавілі маёнтка?


— Яе пазбавілі маёнтка. Яна пераехала ў Вільню. І памерла.


Спадарыня Валянціна жыве на вуліцы, дзе да вайны жылі стагодзьдзямі габрэі.




Калісьці былая настаўніца выдатна гаварыла на ідыш. Але забылася мову, бо даўно ўжо гаварыць няма з кім.


— Я, напрыклад, хадзіла ў гета. Мама падоіць карову. Дасьць хлеба, малака. Я хадзіла ў гета і сядзела зь імі. Навучылі мяне вязаць. Яны ж былі рамесныя людзі. Мама ім казала: «Чаго вы седзіцё? Празь лёд ідзіце проста ў лес». — «Нам гэта Бог даў, і гэта мы прымем». Іх ня немцы стралялі. Іх літоўцы стралялі. За нашымі могілкамі цыганоў пастралялі і іх пастралялі.


Любчанскаму замку, безумоўна, пашанцавала. Калі параўнаць яго з замкам у Гальшанах ці з палацам у Паланечцы. Пашанцавала найперш зь неабыякавым чалавекам Іванам Пячынскім. Карэнным любчанцам, былым афіцэрам, сапраўдным палкоўнікам, які пасьля звальненьня ў запас знайшоў сэнс жыцьця ў аднаўленьні фартэцыі. Стварыў фонд, захапіў сваёй ідэяй мясцовае начальства. І справа рушыцца.




— Тут павінны быць максымальна адрэстаўраваныя дзьве вежы. Пазначыць сьцяну, якая паміж вежамі была. Зрабіць тут гасьцявы домік, які быў. А тут зрабіць палац. І выкарыстаць памяшканьні пад музэйную частку. Мы хацелі б, каб усё, што можна, было адрэстаўравана.


«Ня трэба двух, каб пачаць». Пячынскі — жывое ўвасабленьне гэтай караткевіцкай прымаўкі. І я не сумняюся, што праз колькі гадоў мы пабачым тут і музэй, і гасьцявы дом. Бо лепшага месца на Нёмне, каб сустрэцца кампаніяй аднадумцаў, знайсьці цяжка.


Падарожжы Свабоды
XS
SM
MD
LG