Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Партызанскі раённы суд Менску скончыў сьледзтва па справе супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя аб’явіла перапынак да 13 траўня і сказала бакам падрыхтавацца да спрэчак. Сёньня ў судзе Андрэй Саньнікаў зрабіў заяву пра катаваньні ў СІЗА КДБ.

Андрэй Саньнікаў зрабіў заяву, што яго паказаньні, здабытыя на допытах ня поўнасьцю адпавядаюць рэчаіснасьці. Гэта зьвязана з тым, што адносна яго ўжываліся катаваньні ў СІЗА КДБ, псыхалягічны і фізычны ціск. Да прыкладу ён распавёў, што адразу яго з пашкоджанай нагой зьмясьцілі ў камэру, дзе не было месца, і ён спаў пад нарамі. Былі расьцяжкі і штодзённы асабісты дагляд, калі яго выводзілі з камэры з усімі рэчамі, уключаючы матрац:

«Гоняць па даволі крутой лесьвіцы ўніз. Зь першых дзён у СІЗА КДБ зьявіліся людзі ў масках, якія былі добра падрыхтаваны для абыходжаньня з намі, палітвязьнямі. Якія дэманстравалі агрэсію і грубасьць адносна вязьняў. Пасьля працэдуры асабістага дагляду цябе гоняць уніз, пры гэтым калоцяць дубінкамі па ўсім, што знаходзіцца побач, па сьценах і лесьвіцы, каб усё дрыжэла. Вядуць у склеп, у вялікае памяшканьне, распранаюць дагала, ставяць ля сьценкі на расьцяжку. У халодным памяшканьні могуць пратрымаць даволі доўгі час. Потым прымушаюць прысядаць. Я штораз зьвяртаў увагу, што ў мяне траўмаваная нага. Гэта ня дзейнічала. Потым дазваляюць апрануцца. Уся працэдура праходзіць у прысутнасьці ня менш як трох чалавек у масках, якія грукаюць па сьценах і крычаць нечалавечым голасам».

Людзі ў масках дазвалялі сабе штуршкі ў сьпіну дубінкамі. Саньнікаў распавядае, што ў ізалятары яго ўвесь час вадзілі ў кайданках, нават на невялікія адлегласьці. Адказваючы на пытаньне судзьдзі, Саньнікаў сказаў, што пісаў пра гэта начальніку СІЗА КДБ, але атрымаў за гэта — маўляў, начальніку СІЗА пісаць небясьпечна. Ён сказаў, што ўсё гэта можна было вытрымаць, але калі яму прад’яўлялі абвінавачаньне, ён даведаўся, што побач у камэры знаходзіцца яго жонка Ірына Халіп і што яго сына хочуць выкрасьці праз органы апекі. Ён распавёў, што ў яго адбылася прымусовая гутарка са старшынёй КДБ Зайцавым, які пагражаў жыцьцю і здароўю жонкі і сына:

«Калі я адмаўляўся пацьвярджаць хлусьню, якая мне прапаноўвалася, калі адмаўляўся пісаць нейкія прашэньні, Зайцаў мне заявіў літаральна так, што тады да вашай жонкі і сына будуць прымененыя больш жорсткія меры.
Зайцаў мне заявіў літаральна так, што тады да вашай жонкі і сына будуць прымененыя больш жорсткія меры.
Я, канечне, сумеўся ад такога, бо чалавек, які знаходзіцца на такой пасадзе і лічыць сябе афіцэрам, ня можа гучаць як крымінальны аўтарытэт. Я ўспрыняў гэта вельмі сур’ёзна».

Саньнікаў сказаў, што потым зь ім пачаў працаваць опэрўпаўнаважаны Фяцісаў. Перад першым допытам было сказана, як і якія тэмы ён павінен асьвятліць. Опэрўпаўнаважаны прыйшоў у кабінэт сьледчага, каб пераканацца, што будуць «патрэбныя паказаньні». Ён сказаў, што ў яго было дрэннае самаадчуваньне на ўсіх допытах. Падчас усіх допытаў было адмоўлена ў праве на абарону, цэлы месяц не было магчымасьці дасылаць лісты сваякам, ён быў адключаны ад мэдыяў. Затое, сказаў Саньнікаў, вязьням паказвалі антысэміцкі фільм «Расея з нажом у сьпіне».

Адвакат Андрэй Варвашэвіч сказаў, што заява Саньнікава пра катаваньні наўрад ці будзе мець вялікае значэньне для справы:

«Саньнікаў не плянаваў казаць пра гэта, гэта не ў яго характары. Яму давялося пра гэта заявіць у адказ на тое, што была спроба агучыць яго паказаньні на папярэднім сьледзтве. І патлумачыць, чаму тыя паказаньні не зусім супадаюць з тым, што ён кажа цяпер. Гэта было яго тлумачэньне, то бок гэта была ня скарга, а неабходная рэакцыя на пытаньні».

Падчас судовага працэсу Андрэй Саньнікаў зноў скардзіўся на кепскае здароўе, заклікаў суд да гуманнасьці і прасіў рабіць перапынкі. Аднак суд адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

Сёньня ж уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International накіруе лісты да ўрадаў краін, міжнародным арганізацыям і праваабаронцам з заклікам зьвярнуць увагу на катаваньні, якім падвяргаецца Андрэй Саннікаў. Пра гэта сайту charter97.org паведаміла сястра палітыка Ірына Багданава. Сёньня на сустрэчы з кіраўніцтвам арганізацыі ў лёнданскім офісе гаворка ішла аб адсутнасьці мэдычнай дапамогі падчас судовага працэсу, аднак зробленая Андрэем Саньнікавым заява аб катаваньнях у СІЗА КДБ і пагрозах на адрас жонкі і сына выклікала шок. У Amnesty International запэўнілі, што прыкладуць усе сілы, каб інфармацыя аб катаваньнях неадкладна дайшла да сусьветнай грамадзкасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG