Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зорка хакею Шцястны хоча адабраць шайбу ў Лукашэнкі


Slovakia - Peter Stastny, former ice-hockey star, deputy of Europarliament, undated

Slovakia - Peter Stastny, former ice-hockey star, deputy of Europarliament, undated

Хакеіст і палітык Пэтэр Шцястны актыўна падтрымлівае ініцыятыву “адабраць” у Лукашэнкі права правядзеньня Чэмпіянату сьвету-2014. Славак Шцястны доўгі час гуляў за канадзкія клюбы, яго імя ўнесенае ў Залю хакейнай славы Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі, на канец ХХ стагодзьдзя ён другі найбольш рэзультатыўны гулец NHL пасьля Ўэйна Грэцкага. Пасьля заканчэньня сваёй хакейнай кар’еры Шцястны заняўся палітыкай, цяпер ён - дэпутат Эўрапарлямэнту ад Славаччыны.

З Пэтрам Шцястным гутарыла Алена Ціхановіч.

Шцястны: Нагадаю, што спачатку была рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, потым была рэзалюцыя сэнатараў і кангрэсмэнаў ЗША, а потым, нарэшце, адкрыты ліст спадара Бузэка, прэзыдэнта Эўрапарлямэнту, які падпісалі таксама эўрапейскія палітыкі, якія маюць дачыненьне да Беларусі - старшыня камітэту правоў чалавека, старшыня камітэту міжнародных спраў, старшыня камітэту па сувязях ЭЗ і Беларусі. Мяне папрасілі таксама падпісаць гэты допіс як уганараванага ў залі славы Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі. Мы - прадстаўнікі 108 мільёнаў грамадзянаў Эўразьвязу, найбольш разьвітых дэмакратыяў. Тое, што былі прынятыя гэтыя рэзалюцыі, азначае, што адбываецца нешта вельмі сур'ёзнае "на парозе" Эўрапейскага зьвязу.

Ціхановіч: Такім чынам, тры афіцыйныя звароты. Ці быў адказ і калі вы на яго спадзеяцеся?

Шцястны: Ужо ў гэтую пятніцу ў Браціславе адбудзецца кангрэс Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі. Ён, як правіла, адбываецца падчас фіналу чэмпіянатаў сьвету. Я наш допіс асабіста перадаў спадару Рэнэ Фазэлю (старшыні МХФ) у панядзелак у Браціславе, меў зь ім сустрэчу. Ён абяцаў, што будзе рэагаваць, што адпіша. Але мне гэтага недастаткова. Я б хацеў, каб ён зрабіў больш, каб прапанаваў дэлегатам кангрэсу абмеркаваць гэты допіс, хай яны вырашаць. Я думаю, вельмі важна якраз дакладна інфармаваць усіх дэлегатаў.

Ціхановіч: А вам не прапанавалі там выступіць?

Шцястны: Не, на жаль. Дэлегаты кангрэсу - гэта прэзыдэнты фэдэрацыяў хакею краін-удзельніц. Там няма гульцоў, хакеістаў.

Ціхановіч: Ці абяцаў вам спадар Фазэль, што паставіць Вашу прапанову на галасаваньне?

Шцястны: Не, якраз гэта не было ясна, няпэўна. Але паабяцаў, што адкажа. Першая рэакцыя яго, як пісалі славацкія мэдыі, была такая, што з гэтага (пераносу) нічога не выйдзе.

Ціхановіч: Як вядома, статутам Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі прадугледжана, што арганізацыя прытрымліваецца строгага палітычнага, расавага і рэлігійнага нэўтралітэту. На што тады Вы спадзяваліся, як бы адказалі на аргумэнт, што спорт ня мае нічога агульнага з палітыкай, што ён нэўтральны?

Шцястны: Так, гэта была тэма маіх размоваў з кіраўніцтвам МХФ, што спорт збліжае людзей і меў бы быць сапраўды нэўтральным. Ніхто нічога ня меў супраць таго, што Беларусь атрымала права правядзеньня чэмпіянату. Але тое, што адбылося пасьля выбараў у сьнежні 2010 году, перайшло ўсе межы талеранцыі, і пасьля гэтага было б справядліва гэты чэмпіянат "адабраць" і гэта было б нэўтральнай пазыцыяй. Бо інакш - правядзеньне чэмпіянату дапамагала б прапагандзе антыдэмакратычнага рэжыму. Мы мяркуем, што правядзеньне такіх падзеяў як чэмпіянат сьвету або алімпійскія гульні - гэта вялікі гонар, прывілей, узнагарода. А мы б мусілі ўзнагароджваць краіны, якія паважаюць правы чалавека, свабоду, а не наадварот.

Ціхановіч: Адкуль у Вас цікавасьць да Беларусі, як добра Вы знаёмы зь беларускай сытуацыяй?

Шцястны: Я сачу праз мэдыі за інсцэнізаванымі працэсамі, якія мы зазналі ў 50-я гады, якія працягваліся ў Чэхаславачыне ў 60-я, 70-я, 80-я... Гэта сумна. 600 чалавек брутальна зьбілі, затрымалі, дапытваюць, судзяць, некаторым зь іх пагражае і некалькі гадоў зьняволеньня толькі за тое, што свабодна праявілі свае жаданьні, за тое, што ў іншых краінах цалкам нармальна, будзённа. Я ўпэўнены, што людзі, якія даведаюцца пра рэаліі ў Беларусi, пра тое, колькі брутальнасьці там адбылося і адбываецца супраць нявінных грамадзянаў, ня мелі б быць абыякавыя да гэтага. Я думаю, каб на Лукашэнку націснулі хаця б магчымасьцю забраць у яго чэмпіянат, гэта б дапамагло пазытыўным рэформам.

Ціхановіч: Ці рэагуюць неяк у кулюарах Эўрапарлямэнту на апошнія характарыстыкі Аляксандра Лукашэнкі, якія ён дае высокім эўрапейскім палітыкам, у прыватнасьці яго параўнаньне Жузэ Мануэла Барозу з казлом?

Шцястны: Ну я пра гэта ня чуў. Але мушу прызнацца, што спадар Лукашэнка тут, у Эўрапейскім парлямэнце ня мае ніякіх заўзятараў, а многія калегі якраз выказваюць падтрымку маёй ініцыятыве. Хаця яна і не зусім мая...

Ціхановіч: Ці даводзілася Вам граць у хакей з палітыкамі, і як Вы ставіцеся да захапленьня палітыкаў спортам?

Шцястны: Ня граў з палітыкамі, але , здаралася, зь нейкімі багатымі людзьмі. Ведаю, што цяпер гэта стала модным, пачуў ад сваіх знаёмых, што ўжо і Ўладзімір Пуцін пачынае трэніравацца, бярэ ўрокі ў аднаго з маіх былых калегаў. Ведаю, што граюць былы амэрыкаснкі прэзыдэнцкі кандыдат Джон Керы або канадзкі прэм'ер Стывен Гарпэр, і гэта мяне як хакеіста цешыць, бо расьце папулярнасьць хакею.

Ціхановіч: Што Вы можаце сказаць наконт фэномэну беларускага хакею, ці прабіўся ён у сусьветную эліту?

Шцястны: Скажу праўду, мне вельмі, вельмі падабаецца Грабоўскі. Або адзначу братоў Касьціцыных, што гралі ў Манрэалі. Часам дастаткова мець дзьве-тры зоркі, а вакол іх добрую каманду і яны здолеюць прабіцца! Беларусы раней мелі ўдачу, я вельмі добра памятаю, як перамаглі швэдаў. Я рады, калі хакей разьвіваецца, не хачу хакею пашкодзіць, але хачу ўсё ж або той чэмпіянат (зь Менску) перасунуць, або прымусіць Лукашэнку да рэформаў. Яго рэформам у бок дэмакратыі ўсе мы будзем заўзець.

Ціхановіч: А калі ўсё ж чэмпіянат пераносіць з Менску, то куды?

Шцястны: Гэта ўсё роўна, кангрэс можа вырашыць, абвясьціць конкурс, і я вам гарантую, што там бы было 5, 10 прапановаў. Таму што гэта ня толькі прэстыжна, але і эканамічна выгадна. Многія сталіцы маюць гатовыя стадыёны, ня мусяць іх будаваць: чэхі, немцы ці расейцы, скандынавы маглі б спакойна гэтую сытуацыю вырашыць, ім не спатрэбіцца для гэтага два, тры ці пяць гадоў.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG