Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Сяргей Шыцікаў адхіліў скаргі 17 грамадзкіх актывістаў да гарвыканкаму на забарону пікетаў.

Масавыя акцыі замаўляліся 23 лютага на знак салідарнасьці з палітзьняволенымі, якія былі арыштаваныя 19 сьнежня ў Менску. Аднак гарвыканкам не дазволіў іх, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не заключылі дамоваў зь міліцыяй, паліклінікай і спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньне пікетаў.

Прадстаўніца гарвыканкаму Паліна Лабанава патлумачыла суду, што выканкам мае права дазваляць альбо не масавыя акцыі ў горадзе, таму, маўляў, ніякага заканадаўства ён не парушаў.

Адзін з ініцыятараў пікету, юрыст Леанід Судаленка, выступаючы ў судзе, прасіў судзьдзю Шыцікава ініцыяваць разгляд у Канстытуцыйным судзе на адпаведнасьць Асноўнаму закону рашэньня Гомельскага гарвыканкаму № 299, паводле якога гарвыканкам патрабуе ад грамадзянаў заключаць дамовы з гарадзкімі службамі на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў.

Аднак хадайніцтва было адхілена з тае прычыны, што згаданае рашэньне зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

Не знайшло водгуку ў судзе й сьведчаньне заяўнікаў, што Гомельскі гарвыканкам за апошнія сем гадоў не дазволіў актывістам ніводнага масавага мерапрыемства. Толькі сёлета гарвыканкам адхіліў 47 заяваў на пікеты й мітынгі. Гэта адкрытае парушэньне канстытуцыйнага права гараджанаў на свабоду мірных сходаў і адкрытае выказваньне сваіх меркаваньняў.

"Нам толькі яшчэ дыхаць не забараняюць, а гаварыць адкрыта ўжо даўно забаранілі", — кажа сябра АГП, заяўніца пікету Зінаіда Шуміліна.

Дарэчы, 23 лютага пікеты салідарнасьці з палітзьняволенымі меліся адбыцца ў Жлобіне, Сьветлагорску, Рэчыцы, Добрушы. Аднак выканаўчыя камітэты паўсюль іх забаранілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG