Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель патаньнеў амаль на траціну, але валюта ў банках так і не зьявілася. Ня зьменшыліся чэргі ля абменьнікаў з ахвотных набыць даляры, эўра і нават расейскія рублі, ня зьніклі валютчыкі. З-за нестабільнасьці ўнутранага фінансавага рынку многія людзі сутыкаюцца з мноствам новых праблемаў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Пры кошце даляра 4000 рублёў нічога да лепшага не зьмянілася…"

Новы курс беларускага рубля ў дачыненьні да цьвёрдай валюты ня даў палёгкі гамельчукам. Ні даляраў, ні эўра, ні нават расейскіх рублёў у гарадзкіх абменьніках па-ранейшаму няма.

Спадарыня Марына ў расчараваньні пакідае разьлікова-касавы цэнтар Белаграпрамбанку:

Хацела грошай, валюты хацела, а яе няма. Нічога не зьмянілася! У адпачынак няма за што ехац
"Для чаго стаяла? Хацела грошай, валюты хацела, а яе няма. Нічога не зьмянілася! У адпачынак няма за што ехаць".

У філіяле банку "Масква-Менск" дзьве маладыя сяброўкі хацелі перавесьці рэшту валютнага спажывецкага крэдыту ў беларускія рублі. Асьцерагаюцца, што на цяперашнім узроўні курс беларускага рубля ня спыніцца — папаўзе ўверх, і за валютны крэдыт прыйдзецца плаціць ужо не на 30 адсоткаў болей, а нашмат больш:

"Могуць падняць даляр да 5000 ці нават да 10 000. Таму мы прасілі перавесьці наш крэдыт, дакладней, рэшту яго, у беларускія рублі, паколькі заробак мы не атрымліваем у далярах ці нейкай іншай валюце. Нам адмовілі, сказалі: купляйце па 4 тысячы даляр дзеля пагашэньня крэдыту, плаціце па 4 тысячы".

"Не засьцярог нас банк на заўтрашні дзень"

Сяброўка маладзіцы лічыць, што банк ніяк не засьцярог сваіх кліентаў ад валютнай неразьбярыхі: купіць тут наяўную валюту нельга, а кошт яе, праўдападобна, пусьціўся наўскач:

"Нас не засьцярог банк на заўтрашні дзень. У свабодным продажы валюты няма — не прапануюць".

Яшчэ ў горшую фінансавую сытуацыю трапілі індывідуальныя прадпрымальнікі.

"Трое сутак стаю ля абменьніка, але нічога не прыдбаў"


Распавядае спадар Сяргей, які арандуе ва ўнівэрмагу 25 квадратных мэтраў гандлёвай плошчы. Падаткі ён змушаны плаціць рэгулярна, а
Учора я 6 мільёнаў 200 тысяч заплаціў арэнды, і яшчэ ў мяне 2 мільёны падаткаў. Усяго 8,2 мільёна трэба заплаціць за месяц. Сям’я ў мяне — тры чалавекі. Чым іх карміць?
купіць тавар, каб працаваць, немагчыма, бо нават у так званай саюзнай Расеі беларускіх рублёў не бяруць:

"На біржу пойдзем усе! А што мы можам зрабіць? Учора я 6 мільёнаў 200 тысяч заплаціў арэнды, і яшчэ ў мяне 2 мільёны падаткаў. Усяго 8,2 мільёна трэба заплаціць за месяц. Сям’я ў мяне — тры чалавекі. Чым іх карміць? Дзе валюту купіць? Тавар жа купляем у замежжы — беларускія рублі нідзе ня ходзяць. Я стаю ля абменьніка ўжо трое сутак. Сёньня надышла мая чарга, але ж нічога не прадаюць. Курс зьмяніўся, але нічога няма. Ніхто валюту не здае. Гатоўкі ў абменьніках няма. Мы купляем, калі толькі нехта здасьць".

"Белпошта" істотна падвысіла камісійныя зборы за грашовыя пераводы з Расеі і Ўкраіны.

Да нядаўняга часу гамельчукі карысталіся блізкасьцю Расеі і Ўкраіны. Напрыклад, пераводзілі беларускія рублі ў Расею, а там атрымлівалі — расейскія рублі. Аднак "Белпошта" хутка адрэагавала на ноў-хаў насельніцтва — падвысіла на 35 адсоткаў камісійны збор за пераводы.

Многія жыхары памежных раёнаў, каму заробак пералічваюць на картку "Віза", кінуліся ў суседнюю Ўкраіну, дзе на адну картку ў банкамаце можна было зьняць 200 даляраў. Аднак і гэтая "лавачка" хутка зачынілася.

"Ва Ўкраіне новае абмежаваньне: па крэдытнай картцы "Віза" беларус можна зьняць толькі 300 грыўняў".

Гаворыць спадар Уладзімер:

"Ужо пачалі прыкрываць і ва Ўкраіне, і я ня ведаю, дзе зараз даляры можна набыць. Ужо зрабілі так, што па карцы "Віза" і ва Ўкраіне можна зьняць толькі 300 грыўняў".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Белдзяржстрах" не афармляе "Зялёную карту" за беларускія рублі

Сёньня слухач "Свабоды" спадар Анатоль з Баранавічаў паскардзіўся, што ў тамтэйшым філіяле "Белдзяржстраху" адмовіліся афармляць "Зялёную карту" на аўтамабіль у беларускіх рублях. Заявілі, што гэтая страхоўка афармляецца толькі ў эўра.

Я запытаўся: а дзе ўзяць гэтыя эўра? Нам жа заробак плоцяць у беларускіх рублях. Мне там адказалі — шукайце
"Каштуе карта 10 эўра. Я запытаўся: а дзе ўзяць гэтыя эўра? Нам жа заробак плоцяць у беларускіх рублях. Мне там адказалі — шукайце! Але ж дзе шукаць? Валюты ж няма ніякай у абменьніках".

Прадстаўнікі філіялу "Белдзяржстраху" адмаўляюцца ад камэнтароў, спасылаючыся на заканадаўства, у прыватнасьці, на 530-ы ўказ прэзыдэнта. Гэты дакумэнт быў прыняты яшчэ ў жніўні 2006 году і дзейнічае да цяперашняга часу.

Чаму былы валютчык зноў у "чорным бізнэсе"?

Берасьцейскі прадпрымальнік Валер, які раней быў валютчыкам, ізноў вярнуўся да нелегальнага продажу валюты. Вось што ён тлумачыць:

Але нават і тыя, хто здае валюту, шукае яшчэ вышэйшыя курсы на "чорным рынку". А розьніца, мяркую, будзе, паколькі валютчыкі застаюцца пры справе нават у такіх варунках
"Я бачу, што ў банкі практычна ніхто не сьпяшаецца. Гэтак жа, як і раней, у банках практычна няма валюты. Здаюць толькі тыя, каму пільна неабходна. Але нават і тыя, хто здае валюту, шукае яшчэ вышэйшыя курсы на "чорным рынку". А розьніца, мяркую, будзе, паколькі валютчыкі застаюцца пры справе нават у такіх варунках. Што да банкаў, то часта даводзіцца сутыкацца з тым, што самі банкаўскія работнікі скупляюць здадзеную валюту. Робіцца гэта праз дамоўленасьці з валютчыкамі або праз сваякоў ці знаёмых".

Абвастраецца сытуацыя з цыгарэтамі

Прадпрымальнікі ніякай палёгкі ад новых курсаў не адчулі. Паводле слоў кіраўніка берасьцейскай гарадзкой арганізацыі "Пэрспэктыва" Ўладзімера Катрыча, аптовыя фірмы скардзяцца на адсутнасьць валюты і не адпускаюць тавар. Найвастрэй гэта тычыцца цыгарэт:

"Прадстаўніцтва "Табак-Інвест" з учарашняга дня ізноў не адпускае індывідуальным прадпрымальнікам цыгарэты. Такім чынам, фірма парушае дамоўленасьці, якія былі падпісаныя з дробнымі бізнэсоўцамі. Сытуацыя не паляпшаецца. Кропкавыя захады недастатковыя".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Бязь зьмены ўлады валюта ня зьявіцца…

Нягледзячы на зьнятыя абмежаваньні курсаў валют у камэрцыйных банках, сытуацыя з далярамі і эўра ў абменьніках на Гарадзеншчыне не зьмянілася.

Сытуацыя з валютай на Гарадзеншчыне паўсюль стандартная: людзі стаяць і чакаюць, пакуль нехта здасьць валюту, а потым яе набываюць.

Я пацікавіўся ў дасьведчаных прадпрымальнікаў у раённых гарадах, як яны бачаць пэрспэктыву разьвіцьця сытуацыі з валютай у банках.

Дарэчы, усе яны ў адзін голас найперш адзначылі, што ў невялічкіх гарадах набыць валюту яшчэ цяжэй, чым у Горадні, бо і здаваць яе ў абменьнікі няма каму.

У Смаргоні няма і валютчыкаў…

Вось што, да прыкладу, кажа прадпрымальнік са Смаргоні:

Чэргі па чалавек 10 стаяць цэлы дзень каля абменьнікаў, і як хто прынясе, то купяць. Але ж праблема ў тым, што ніхто не нясе
Спадар: "Няма валюты, і дзе ты яе набудзеш, калі няма ні ў банку, ні нават у валютчыкаў? Чэргі па чалавек 10 стаяць цэлы дзень каля абменьнікаў, і як хто прынясе, то купяць. Але ж праблема ў тым, што ніхто не нясе, бо ёй няма адкуль зьявіцца. А нясуць часам тыя, каму раптам выпіць захочацца, але ж і гэта вялікая рэдкасьць".

У Ваўкавыску прадпрымальнік лічыць, што "мы ўпадзем на самае дно"

Прадпрымальнік з Ваўкавыску тлумачыць, што ў беларускай фінансавай сфэры адбыўся дысбалянс. Маўляў, мы доўгі час куплялі, але мала прадавалі, і з гэтае прычыны валюта з краіны вымылася. А таму на бліжэйшыя пэрспэктывы для краіны ён глядзіць пэсымістычна.

Спадар: "Гэты народ, якому прыпісваюць, што ён на руках нібыта трымае 14 мільярдаў, у сёньняшняй сытуацыі здаваць валюту ўсё роўна ня будзе. І гэтыя меры з свабодным курсам ня вырашаць праблемы. Пэрспэктыва сумная, бо зараз народ скупіць астаткі імпартных тавараў, і мы ўпадзем на самае дно".

Прадпрымальнік перакананы, што краіна спазьнілася з рэформамі гадоў на 6—8, а цяпер, каб уратаваць сытуацыю, неабходныя больш агрэсіўныя меры.

Трэба найперш зьмяніць уладу, потым вызначыцца з эканамічнымі вэктарамі: заходнім і ўсходнім, і наладжваць нармальную жыцьцядзейнасьць
Спадар: "Трэба найперш зьмяніць уладу, потым вызначыцца з эканамічнымі вэктарамі: заходнім і ўсходнім, і наладжваць нармальную жыцьцядзейнасьць. Але ўсю вытворчасьць давядзецца перарабляць, бо тое, што мы робім, ня мае сэнсу: затрачваем шмат, а на сваё не выходзім".

"Сёньня ўрад павінен не хаваць галаву ў пясок, а сказаць людзям праўду"

Далей разважае гарадзенец спадар Мікалай — спэцыяліст у галіне прадпрымальніцкага руху. Зь ім гутарыць карэспандэнт "Свабоды" Сяргей Івановіч. Суразмоўца журналіста вінаваціць у валютна-фінансавым крызісе ўладу:

"Ужо спазьніліся ўлады. Што памяняецца цяпер? Прайдзі па абменьніках, паглядзі — ці ёсьць у наяўнасьці? Няма. І ня будзе. Першае, што трэба зрабіць, гэта ажывіць біржу. А каб ажывіць біржу, што трэба? Патрэбна валюта. Пакуль біржа не запрацуе, нічога ня будзе. Ні-чо-га. Гэта трэба было ў 1996 годзе думаць. Адкуль яна можа ўзяцца? Трэба было даваць малому і маленькаму бізнэсу працаваць, адкрываць прадпрыемствы. Роўныя ўмовы для дзяржаўных і прыватных".

Кожнае прадпрыемства залежыць ад імпарту, і гэта наша бяда. Сёньня плястык для вокнаў і дзьвярэй нідзе ў Беларусі ня робяць. А колькі патрэбна вокнаў і дзьвярэй з плястыку?
Спадар Мікалай зьвяртае ўвагу на тое, што большасьць беларускіх прадпрыемстваў маюць патрэбу ў імпартных матэрыялах і сыравіне:

"Кожнае прадпрыемства залежыць ад імпарту, і гэта наша бяда. Сёньня плястык для вокнаў і дзьвярэй нідзе ў Беларусі ня робяць. А колькі патрэбна вокнаў і дзьвярэй з плястыку? Трэба было неадкладна зрабіць два-тры заводы па вытворчасьці і забясьпечыць свае хімічныя заводы. А колькі валюты сыходзіць у Расею? Вось і ўся песьня. Карацей, сёньня ўрад павінен не хаваць галаву ў пясок, а сказаць людзям праўду".

Патрэбныя рэальныя эканамічныя крокі, зазначае спадар Мікалай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG