Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэляцыйны суд у Любліне пастанавіў, што Аляксандар К., прадпрымальнік зь Беларусі, ня будзе выдадзены Беларусі. Рашэньне заканчвае адну з найдаўжэйшых справаў аб экстрадыцыі ў Польшчы, паведамляе «Dziennik Wschodni».

«Скончылася добра. У судах у Польшчы працуюць разважлівыя людзі, адрозьнілі праўду ад фальшу. Увесь сьвет ведае, што ў Беларусі парушаюцца правы, няма ніякай дэмакратыі» -- сказаў польскім журналістам Аляксандар К.

Паводле люблінскага суду, у Беларусі не выконваецца Эўрапейская канвэнцыя аб абароне правоў чалавека, якая гарантуе права на сумленны судовы разгляд. Таму існуе падазрэньне, што Аляксандар К. мог бы быць паддадзены палітычным рэпрэсіям, як гэта ўжо здарылася зь ягоным бацькам, які ў 2004 годзе быў старшынём выбарчай камісіі ў Берасьці і адмовіўся падпісваць сфальшаваныя выбарчыя пратаколы. Сам Аляксандар К. фінансава дапамагаў беларускай апазыцыі.

Справа аб экстрадыцыі Аляксандра К. у Беларусь цягнецца з 2007 году. Беларускі бок падазрае яго ў махлярстве на мяжы: нібыта ён на падставе падробленых дакумэнтаў зьбіраўся перавозіць тавары праз польска-беларускую мяжу бяз выплаты пошлін і падаткаў. Паводле разьлікаў беларускага боку, прадпрымальнік павінен заплаціць 23.000.000 беларускіх рублёў пошліны і падаткі. У 2006 годзе ў Беларусі быў выдадзены ордэр на арышт прадпрымальніка і запыт аб яго экстрадыцыі.

Цяпер Аляксандар К. мае бізнэс у Польшчы і жыве ў горадзе Бяла Падляска.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG