Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкага актывіста зноў зрабілі "дробным хуліганам"


Віктар Калесьнік

Віктар Калесьнік

Віктар Калесьнік, адзін з ініцыятараў стварэньня грамадзкага аб’яднаньня "Свабодны рэгіён", аштрафаваны наваполацкім гарадзкім судом "за нецэнзурную лаянку". Актывісту прысуджаны штраф памерам 70 тысяч.

Паводле актывіста Віктара Калесьніка, яго разам зь Яўгенам Парчынскім і Ільлём Багданавым затрымалі ўвечары 11 траўня каля газэтнага шапіка па вуліцы Маладзёжнай у Наваполацку.

Усіх трох завезьлі на мэдычны агляд у гарадзкі шпіталь. Калі аналізы паказалі, што актывісты цьвярозыя і знаходзяцца ў адэкватным стане, спадароў Калесьніка, Парчынскага і Багданава завезьлі ў пастарунак. Там у актывістаў узялі пісьмовыя тлумачэньні наконт таго, чым яны займаліся апошнія некалькі гадзін — бо якраз у другой палове дня ў Наваполацку зьявілася мноства ўлётак з партрэтамі палітвязьняў.

Ільлю Багданава і Яўгена Парчынскага праз тры гадзіны адпусьцілі дахаты, сказаўшы, што Віктара Калесьніка неўзабаве адпусьцяць таксама. Аднак яго ўсё ж завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе актывіст і правёў мінулую ноч. На яго склалі пратакол за лаянку матам у грамадзкім месцы — каля таго самага газэтнага шапіка, дзе адбылося затрыманьне.

Калі зранку 12 траўня спадара Калесьніка завезьлі ў суд, высьветлілася, што на працэс не зьявіліся сьведкі-міліцыянты. Актывісту абвясьцілі альтэрнатыву: альбо ён чакае некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня, пакуль усе супрацоўнікі міліцыі змогуць прыбыць у суд, альбо ён адразу заплаціць мінімальны штраф за дробнае хуліганства. Актывіст выбраў апошняе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG