Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"А над намі чорнай хмарай вісьне цесная турма…"


Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

Гэтая перадача нашага радыё адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Цяпер у 48 пэнітэнцыярных установах краіны ўтрымліваюцца каля 47 тысяч чалавек. Гэта на 2 тысячы болей за колькасьць беларусаў, якія сядзелі ў сталінскіх лягерах і турмах у 1937—1938 гадах.

Сярод тэмаў нашай праграмы:

- "Госпадзе, зрабі так, каб мне ня сьніліся дрэнныя сны" — агляд лістоў непаўналетніх вязьняў.

- Ці выпраўляюць папраўчыя ўстановы? Апытаньне на вуліцах Магілёва.

- Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць. Пра сваё ўтрыманьне ў Лукішках распавядае Барыс Кіт.

- Турма ў рок-стылі. Пра песьню на верш Якуба Коласа з новага альбома Лявона Вольскага.

- Бэрлінскі псыхааналітык пра посттраўматычны сындром, які ўзьнікае ў кожнага трэцяга вязьня Штазі ці КДБ.

А адкрываем перадачу рубрыкай

"Зваротная сувязь"


Нагадаю, нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Таксама хачу падзякаваць усім, хто ўжо напісаў ці патэлефанаваў да нас. Наша перадача немагчымая бяз вашага, паважаныя слухачы, удзелу.

"Госпадзе, зрабі так, каб мне ня сьніліся дрэнныя сны"


Гэта радкі зь ліста непаўналетняга зьняволенага Анатоля.

Сёньня мы пазнаёмім вас з урыўкамі зь лістоў тых, хто трапіў за краты "па малалетцы". Як сьведчаць псыхолягі, практычна ў кожнага, хто ўпершыню апынуўся ў няволі, а асабліва ў падлеткаў, турма выклікае шокавы стан. Калі б зьняволеньне працягвалася два-тры месяцы, шмат хто ніколі ў жыцьці больш ня зьдзейсьніў бы злачынства, у першую чаргу з-за страху перад турэмнай сыстэмай. Пасьля ж шасьці месяцаў, адзначаюць адмыслоўцы, чалавек пачынае да ўсяго прызвычайвацца, у тым ліку да гвалту — прымусовага сэксу, крыві, жорсткасьці.

Для 15-гадовага Анатоля сёньня самае цудоўнае ў жыцьці — гэта добрыя і прыгожыя сны з карцінкамі з волі…

"Кожны вечар, засынаючы, я малюся: "Госпадзе, зрабі так, каб мне прысьнілася воля". Але мне ўсё сьніцца і сьніцца турма. Нядаўна прысьнілася мама... Але гэта зноў было ў турме: як быццам яна прыяжджае на спатканьне. Мяне выклікаюць, я доўга бягу: завалы, замкі, лакалкі... А калі прыбягаю — мама зьнікае. А часам сьню маму — яна плача і кажа: "Я захварэла...".

"Госпадзе, зрабі так, каб мне ня сьніліся дрэнныя сны".

А вось ліст ад Сяргея, які ў турме ўжо трэці раз. Аўтар ліста перакананы, што, аднойчы трапіўшы ў турму, вельмі лёгка апынуцца ў ёй ізноў.

"Я трапіў у турму ў 15 гадоў. Мяне пасадзілі, думалі гэтым выправіць, але памыліліся. У турме чалавек разьлютоўваецца і пачынае будаваць злачынныя пляны на будучыню.

Тут усе распавядаюць пра свае прыгоды. І той, хто слухае гэтыя расповеды, сам таго не жадаючы, пачынае думаць: чалавека злавілі таму, што той зрабіў памылку, але ж я ўжо памылкі не зраблю. А потым пайшло-паехала. Чалавек, які раней ня мог курыцу зарэзаць, бяз страху пойдзе на забойства іншага чалавека. Так што правільна кажуць: турма — ня школа выпраўленьня, а школа злачынстваў".

"Першаходу" Андрэю хацелася б шмат чаго паправіць у жыцьці.

"Маё жыцьцё, — піша юнак, — гэта суцэльная няўдача. Мне было амаль 16 гадоў, і я ўжо быў двойчы судзімы. Спачатку ішоў па справе як сьведка, і таму мяне аддалі на парукі бацькам. Але да мяне не дайшло, і я папаўся другі раз. Судзьдзя сказаў мне на судзе, што калі я буду працягваць красьці, то мяне пасадзяць. Гэта быў апошні раз, калі мне даравалі. Потым, трэці раз, думаць ужо было позна. Мне далі два з паловай гады за скрадзены мабільнік, які мы зь сябрам прадалі за 10 даляраў і падзялілі гэтую суму на дваіх.

Тут, дзе я сяджу, яшчэ нармальна ў параўнаньні зь іншымі турмамі. Але я не наядаюся той баландай, якой тут кормяць. За пяць месяцаў я схуднеў на чатыры з паловай кіляграмы.

Тут можна плакаць, але што гэта дасьць? Табе ўсё роўна ніхто не дапаможа і ніхто цябе не накорміць. Калі я трапіў сюды, я быў зьдзіўлены тымі людзьмі, зь якімі я сяджу. Можна сказаць — яны ўсе як зьвяры, яны ўсе дзікія. Табе ніхто ня дасьць ані кавалачка хлеба, не падзеліцца тым, што мае. Тут няма справядлівасьці і няма праўды, няма нічога добрага і разумнага. Хто здолеў — той і выжыў, хто ня здолеў — таго "апусьцяць" і ён застанецца жыць брудным пакрыўджаным "пеўнем".

Цяпер за акном сонца, і мне так хочацца на волю, да сваёй мамы. Хочацца абняць яе і заплакаць, сказаць — "прабач мне, мама, за ўсё, што я нарабіў, за тое, што я так доўга быў далёка ад цябе. Я так хачу ўсё паправіць".

Самае страшнае для Андрэя — трапіць у гэтую атмасфэру зноў. "Жыцьцё цяпер не маліна, і за кратамі яно — пекла", піша юнак.

Паводле псыхолягаў, турма сама па сабе наносіць траўму псыхіцы. Найбольш траўмаваныя тыя "малалеткі", у якіх пасьля суду канчаткова парушаецца кантакт са сваякамі.

"Ці выпраўляюць папраўчыя ўстановы" — VOX POPULI


Апытаньне на вуліцах Магілёва

Спадар: "Я думаю, што не, праблему не вырашаюць. Калі чалавек такім урадзіўся, турма яго ня выправіць. Яна хутчэй калечыць. Там жа шмат розных людзей. Трапіў туды, напрыклад, хлопец ці жанчына. Яны ў тым асяродзьдзі жывуць. Такая ж прыказка ёсьць: з кім павядзесься, ад таго й набярэсься".

Спадарыня: "Не вырашаюць. Там няма ўмоваў такіх, каб чалавека зрабіць чалавекам. Калі чалавек такі, то яго ўжо ніхто ня выправіць. Трэба было займацца зь ім, калі ён упоперак лаўкі ляжаў. Выхаваньне — самае галоўнае. Я ня ведаю, я там не была, але мяркую, што турма калечыць".

Спадар: "Не, не вырашае. Не мяняюцца там людзі. Сам чалавек павінен мяняцца. А супраць сілы нічога ня выйдзе".

Спадарыня: "Турма напэўна калечыць. Калі чалавек моцны сваёй энэргетыкай, дык ён мо й не скалечыцца. Але ў асноўным калечацца там людзі. У нашым сьвеце, можа, усіх трэба туды садзіць, бо нехта недзе нешта зьдзяйсьняў. Турма ня можа нічога вырашыць".

Спадар: "Не, канечне. Што вы, ня бачыце, колькі ў нас людзей асуджана? Толькі калі будзе ў нас эканоміка нармальная, то тады чалавек будзе працаваць і зьмяняцца. Але цяпер у нас за эканамічныя злачынствы даюць болей, чым за забойствы. І за эканамічныя, і за палітычныя. То пра што тут гаварыць! Тут шмат усяго, таксама й выхаваньне".

Спадарыня: "Тут усё індывідуальна. Каго яна лечыць, а каго калечыць. Болей, канечне, тых, каго калечыць. Людзі з турмаў прыходзяць нейкія азлобленыя. На працу не ўладкавацца, жыльля не атрымаць".

Спадар: "Калечыць нібыта. Адтуль людзі злосныя выходзяць. Але тут — гледзячы за што садзяць. Калі за забойствы, то толькі турма, а калі хуліганскія якія дзеяньні, то не абавязкова й садзіць. Можа быць працоўнае выхаваньне. "Хімія" якая-небудзь".

Два юнакі: "У некаторых людзей пасьля турмы прачынаецца пачуцьцё адказнасьці. Выпраўленьне яму на карысьць. Некаторым жа — наадварот. Яны робяцца ўсё зьлейшымі. Гэта гледзячы якое выхаваньне было. Як бацькі паўплывалі. Калі людзі зь дзетдома, то турма мала на іх паўплывае".

Юначка зь юнаком: "А сэнсу ад таго, што шмат турмаў будзе? Туды тады трэба будзе болей садзіць людзей. Не, такі падыход не вырашае праблемы. Трэба неяк выхоўваць лепш. Чалавек, які туды трапіў, бяз гэтага ўжо ня зможа".

Спадар: "Нічога турма не вырашае. Калі ў чалавека нешта людзкае засталося, то турма яго скалечыць да канца. Гэта ня тая ўстанова, каб выхоўваць чалавека. Тэрмін ён там адбыў, дапусьцім, пяць год, — ён яшчэ горшы стаў. І потым прынёс гэтае горшае сюды, і будзе пакаленьне маладое выхоўваць у гэтым духу".

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну беларускіх астрогаў, а таксама іх вядомых сядзельцаў. Сёньня беларускі асьветнік і ўсясьветна вядомы навуковец, матэматык, фізык, канструктар амэрыканскай ракетнай тэхнікі Барыс Кіт, якому нядаўна споўніўся 101 год, працягне свае ўспаміны пра Лукішкі ды іншыя беларускія турмы першай паловы 20 стагодзьдзя.

Барыс Кіт: У Лукішках вязьняў ня білі


Тацяна Поклад, Вільня

Як вязьні спалі і як мыліся, ці пускалі да іх наведнікаў, як вяліся допыты і як ахоўнікі абыходзіліся са зьняволенымі, як вызвалялі з турмы і як рэагавалі ў Віленскім унівэрсытэце ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя на арышт свайго студэнта па палітычным абвінавачаньні, — пра ўсё гэта прыгадаў Барыс Кіт, калі я патэлефанавала яму ў Нямеччыну, дзе навуковец цяпер жыве.

Барыс Кіт (Кіта) паходзіць з Наваградчыны, да канца Другой усясьветнай вайны вучыўся і займаўся асьветніцкай дзейнасьцю ў родных краях, быў выкладчыкам (з 1931 г.) і дырэктарам (з 1939 г.) Віленскай беларускай гімназіі, а пасьля, з восені 1939 г., — дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку, як школьны інспэктар пазьней арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы. Пасьля вымушанай эміграцыі Барыс Кіт — вядомы ў сьвеце амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт працаваў на касьмічнае агенцтва НАСА, вынайшаў паліва для ракетных рухавікоў. А турэмны досьвед выбітны матэматык і асьветнік атрымаў пры польскіх уладах на роднай Наваградчыне і ў Вільні, у знакамітых Лукішках, а пазьней, у часе нямецкай акупацыі, — у турмах гестапа ў Глыбокім і Вялейцы.

"Пагалоўна арыштоўвалі шмат людзей, актывістаў беларускіх"

У Лукіскую турму Барыс Кіт трапіў у часе арыштаў па справе Таварыства беларускай школы.

"Пагалоўна арыштоўвалі шмат людзей, актывістаў беларускіх, быў разгром Таварыства беларускай школы (ТБШ). Тады старшынём ТБШ быў Рыгор Шырма, — прыгадвае Барыс Уладзімеравіч. — Між іншым, спачатку мы сядзелі ў горадзе, у цэнтральным пункце, дзе трымаюць усіх вязьняў тыдзень перад адпраўкай у Лукішкі. Так і я там сядзеў спачатку тыдзень, а празь сьценку сядзеў Рыгор Шырма".

Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, фальклярыст, займаўся асьветніцкай і культурнай працай, а не палітычнымі справамі. Тым ня меней супраць яго было тры судовыя працэсы. Барыс Кіт раней ва ўспамінах, запісаных Васілём Быкавым улетку 2001 году ў Франкфурце-на-Майне, прыгадваў, што "сядзеў разам з Шырмам, які з Хворастам быў у суседняй камэры. Хвораст быў кіраўніком танцавальнай часткі ў Шырмы, быў страшэнна нэрвовы, ледзьве ня плакаў, хадзіў, крычэў, і я яму стукаў празь дзьверы: ціха ты, перастань. А Шырма быў вельмі прыемны чалавек".

У Лукішках вязьняў ня білі

У сьледчым ізалятары ўмовы былі ня вельмі добрыя ў параўнаньні з Лукішкамі, прыгадвае Барыс Кіт, але там доўга не трымалі:

"Там нядоўга сядзелі, не давалі там нічога, а ўжо ў Лукішках нармальна было. Вадзілі ў лазьню, там свая была. Кожны дзень на 2 гадзіны выводзілі на шпацыр. Там з усімі можна было спатыкацца, так што ўжо нейкае жыцьцё было. А спалі на ложках, такія прымітыўныя ложкі стаялі".

Вязьні маглі сустракацца з наведнікамі і атрымліваць перадачы, прыгадваў Барыс Кіт. Праўда, да яго ніхто не прыходзіў — не было каму. Вось калі ён сядзеў у часе Другой усясьветнай вайны ў Вялейцы, то тады харчовыя перадачы ад жонкі дапамаглі выжыць. А ў Лукішках кармілі, у адрозьненьне ад турмаў гестапа. Барыс Кіт таксама распавёў, што "пры Польшчы вязьняў ня білі ні ў Наваградзкай турме, ні ў віленскай Лукіскай".

"Ня білі, сапраўды не. Але крычэлі, пагражалі пры допытах, запалохвалі", — кажа Барыс Кіт, які быў у зьняволеньні ў Лукішках некалькі тыдняў, а ў Наваградзкай турме — некалькі дзён.

Бяз доказаў віны адпускалі

Але доўга не сядзелі толькі тыя, хто не спалохаліся крыку і пагрозаў, не паддаўся псыхалягічнаму ціску на допытах і ні ў чым не прызнаўся. Не было доказаў віны — і арыштаваных адпускалі. Барыс Кіт прыгадвае арышт у Наваградку, тады ён быў вучнем шостай клясы Наваградзкай гімназіі:

"У Наваградку быў разгром Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Нас 50 чалавек арыштавалі. Я сядзеў на пастарунку паліцэйскім, некалькі дзён, нядоўга. Увесь час ішлі допыты.

У Карэлічах ёсьць музэй, яго дырэктар адшукала ў гарадзенскім архіве пратаколы маіх допытаў, так што іх можна цяпер пабачыць.

У чым была справа? А ў тым, што нас арыштавалі 50 чалавек, празь некалькі дзён выпусьцілі 5 чалавек, у іх ліку і мяне. Чаму? Таму што мы ні ў чым не прызналіся. А тыя, што прызналіся, атрымалі па 7 гадоў турмы".

Пісталеты і Інтэрнацыянал

Ну, а чым сапраўды займаліся вучні гімназіі ў Наваградку, наколькі яны былі вінаватыя ў парушэньні законаў, калі іх цэлымі клясамі арыштоўвалі па справе партыі "Беларуская сялянска-работніцкая грамада"?

"Чаму я папаўся? Я быў найлепшы вучань у матэматыцы ў гімназіі. І кожны дзень да мяне дахаты прыходзіла грамада вучняў задачы рашаць. Паліцыя гэта заўважыла, для іх гэта выглядала нібы нейкі сход беларускі. Думалі, што мы робім палітыку. І аднойчы прыйшлі да нас і арыштавалі ўсіх у хаце.

Але мы ўбачылі, што ідзе паліцыя, і ўсе рэчы, што маглі нам нашкодзіць, пад печку кінулі. Мы ж былі хлопцы, вядома, у гімназіі балаваліся з кулямі, зь пісталетамі. Так мы ўсё гэта адразу пад печку кінулі, нічога было не відаць. Пакуль яны ўвайшлі, мы ўжо былі ў парадку. Але ўсё роўна нас арыштавалі.

Пісталетаў нашых не знайшлі, але іншае было, не пасьпеў я схаваць. Мы мелі такія лібэральныя погляды, ведаеце, а шмат хлопцаў былі сябрамі партыі камуністычнай, так я ім дапамагаў "Інтэрнацыянал" перапісваць. І вось гэтыя мае копіі знайшлі. Я страшэнна клапаціўся, каб па почырку не пазналі, што гэта я пісаў. Але так нічога не знайшлі, і мяне доўга не трымалі, выпусьцілі".

І арыштант вярнуўся да заняткаў у гімназіі. Галоўнае было — не прызнаваць за сабой ніякай віны, цьвёрда трымацца, падкрэсьліваў Барыс Кіт, прыгадваючы тыя часы. Гэтак жа было і пасьля Лукіскай турмы.

З унівэрсытэту ня выключылі, толькі прафэсар пакрыўдзіўся

У часе свайго арышту ў Вільні Барыс Кіт быў студэнтам трэцяга курсу матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту.

"І раптам мяне арыштавалі, а я на тым самым тыдні меўся даклад рабіць на сэмінары, — а я сяджу на Лукішках. Прафэсар так паставіўся да гэтага, ведаеце, нічога не пытаўся. А ўжо калі я выйшаў з турмы, пытаўся ў мяне абурана: "Што ж вы тады не прыйшлі? Нічога не разумею. Чаму не паведамілі, што ня прыйдзеце?!" Пакрыўдзіўся на мяне. А як жа я мог паведаміць з Лукішак! Так прафэсар нічога і не даведаўся. Я не сказаў нічога — не прыйшоў, значыць, ня мог прыйсьці, што тут гаварыць. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту так і не даведалася, што я сядзеў у турме, — мой суразмоўца сьмяецца, прыгадваючы тую гісторыю. — Не, тады так не выключалі за гэта з унівэрсытэтаў, як цяпер у Беларусі".

А вызваленьне было нечаканым, без папярэджаньня. Барыс Кіт прыгадвае:

"Ніхто нічога ня ведаў, не сустракалі мяне. Сядзім мы неяк увечары з Васілём Рагулем, мы разам у камэры былі. І раптам чуецца гучны голас: "Кіта на звальненьне!". Адпускаюць мяне, значыць. Праз 10 хвілін прыйшлі, адчынілі дзьверы і выпусьцілі мяне. І я быў вельмі рады, бег па вуліцах, як заяц".

"Турма ў рок-стылі"


Гэтымі травеньскімі днямі ў Горадні і Берасьці Лявон Вольскі прэзэнтаваў свой альбом "Белая яблыня грому". У альбом увайшлі дванаццаць песень на вершы клясыкаў паэзіі: ад Міцкевіча, Чачота, Багушэвіча да Геніюш, Танка, Панчанкі, Барадуліна. У аснову песьні "Ў турме" пакладзены кароткі верш Якуба Коласа, напісаны паэтам у 1908 годзе падчас знаходжаньня ў менскім астрогу.

Сяргей Астраўцоў

У вершы Якуба Коласа "Ў турме" ўсяго дванаццаць радкоў. Ён пачынаецца такімі словамі:

"Сонца ўстане, сонца зойдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма".

Песьня "Ў турме" гучыць у стылі цяжкога року, словы і музыка ўдала спалучаюцца. Гаворыць Лявон Вольскі:

"Па-першае, у Беларусі некалькі пяцігодзьдзяў гэта вельмі актуальная тэма. У мяне таксама ёсьць знаёмыя, якіх вінавацілі ў розных эканамічных злачынствах і палітычных. Таму, мне падаецца, гэта такая беларуская актуалія. Па-другое, хацелася такую цяжкую музычную стылістыку ўвесьці ў альбом. Безумоўна, турэмная тэматыка і грувасткія словы, яны падыходзілі да такога "мэталу".

Музычныя крытыкі і слухачы па-рознаму ўспрынялі новы альбом рок-музыканта.

Вольскі: "Я атрымаў чамусьці нэгатыўную рэакцыю ад прафэсійных беларускіх музычных крытыкаў. А ад слухачоў, наадварот, вельмі прыязную, і пра гэта сьведчаць нават продажы: ні ў Горадні, ні ў Берасьці нам не хапіла дыскаў, хоць мы бралі з запасам".

Публіка, "не зважаючы на прапаганду іншага ладу жыцьця, усё ж цягнецца да беларускай культуры", робіць выснову Лявон Вольскі. Ён меў магчымасьць лішні раз адчуць, што радкі клясыкаў літаратуры — ня мёртвыя, на канцэртах на іх рэагуюць вельмі жыва.

"Была задача ўсё гэта ажывіць, і тут як найлепей падышоў турэмны верш, які кладзецца на "мэтальную" стылістыку, мне так здаецца".

З кожным паэтам займаўся некалькі дзён, браў не адзін зборнік, кажа Лявон Вольскі:

"Я пазначаў некалькі вершаў, глядзеў, што мяне прываблівае, ці самому не абыякава? Там няма выпадковых вершаў. У Коласа вельмі шмат узялі "Песьняры". Я Коласа гартаў-гартаў і ў самым канцы быў гэты караценькі вершык, і так мы і спрацавалі".

Доктар філялягічных навук Ігар Жук нагадвае, што краты, турма — не абстрактны вобраз для Якуба Коласа:

"Горш за тое, сам Колас адседзеў раз і чакаў другой адседкі, пры бальшавіках. На шчасьце, яму пашанцавала, яго не пасадзілі".

У паэме "Сымон-музыка", якая выйшла ў Менску ў 1925 годзе, ёсьць такія словы: "Кавалі другія, ланцугі ўсё тыя".

Ігар Жук кажа:

"Там ён праклён Маскве пасылае і Варшаве, усім адразу, хто харчаваўся, што называецца, з нашага стала. Сама паэма "Сымон-музыка" — гэта праклён несвабодзе. Ён пачаў пісаць яе тады, калі, па яго прызнаньні, "за мной закрыліся цяжкія засовы". І вось тады ён пісаў велічны гімн свабодзе, якім ёсьць "Сымон-музыка".

Каб не рызыкаваць, Якуб Колас у творах савецкага часу мусіў старанна шыфраваць свае думкі, зазначаюць філёлягі.

ТУРМА І ЗДАРОЎЕ


"Кожны трэці вязень Штазі ці КДБ мае посттраўматычны сындром"

"Прынамсі ў кожнага трэцяга з тых, хто адседзеў у засьценках Штазі або КДБ, рана ці позна ўзьнікае так званы посттраўматычны сындром (ПТС) — душэўнае расстройства, якое выклікана перажытай псыхічнай траўмай". Пра гэта кажа госьць праграмы "Турма і здароўе", бэрлінскі псыхааналітык Карл-Гайнц Бомбэрг. Адна зь ягоных спэцыялізацыяў — псыхічная траўматызацыя асобы падчас палітычных рэпрэсіяў. Сярод пацыентаў лекара — прыкладна 150 былых вязьняў Штазі (тайнай паліцыі ГДР). Шмат хто зь іх адчуў сымптомы ПТС толькі праз 10 і нават 20 гадоў пасьля вызваленьня. Гэта і бяссоньне, і начныя кашмары, і страх ад павольнага праезду машыны ці сьвятла фараў, адчуваньне, што за табой сочаць, боязь перасьледу, пагрозаў ды ізаляцыі і г.д.

У размове са "Свабодай" доктар Карл-Гайнц Бомбэрг, у мінулым сам вязень "Штазі", расказвае пра тое, як маніпулявалі гэдээраўскія сьледчыя псыхікай зьняволеных, а таксама — пра падабенства ў мэтадах тайнай паліцыі былой ГДР і КДБ цяперашняй Беларусі.

Праблемы са здароўем могуць пачацца і праз 20 гадоў пасьля турмы

У розны час у псыхіятрычны кабінэт Карла-Гайнца Бомбэрга, што на Прэнцлаўэр Бэрг ва ўсходняй частцы Бэрліну, агулам зьвярнулася прыкладна 150 ахвяраў Штазі. Шмат у каго зь іх псыхічныя або псыхасаматычныя праблемы зьявіліся гадоў праз 10 і нават 20 пасьля падзеньня рэжыму Хонэкера.

Брандэнбуржац Томас Ханэман — пацыент Бомбэрга з 10-гадовым стажам. У часы ГДР ён атрымаў пяць гадоў турмы за антыўрадавую дзейнасьць. Як кажа Ханэман, якому цяпер 51 год, сапраўднае жыцьцё ён адчуў толькі пасьля падзеньня Бэрлінскага мура ў 1989 годзе. Ён зьмяніў шмат прафэсіяў, ад аквалянгіста да прадпрымальніка, і адчуваў сябе цалкам нармальна, як кожны здаровы чалавек.

І толькі на пачатку 2000-х, праз 14 гадоў пасьля турмы, у яго пачаліся начныя кашмары, болі ў страўніку і беспадстаўная непрадказальная нянавісьць ды агрэсія да ўсіх кіраўнікоў.

"Падобныя размытыя, дыфузныя сымптомы маюць многія колішнія "палітычныя" з былой ГДР", кажа Бомбэрг. — "Лячыць людзей, чыё здароўе сыстэматычна разбурала Штазі, досыць складана".

Бомбэрг: "Вось нядаўна да мяне зьвярнуўся пацыент, які дваццаць гадоў пасьля турмы Штазі ні на што не пакутаваў. Ніколі. І тут у яго раптам усё пачало балець. Як высьвятляецца, такія болі маюць псыхагенныя прычыны. Пасьля таго, што гэтыя людзі перажылі, яны трывала знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане. Гэта такая псыхічная перапрацоўка-жвачка перажытага — катаваньняў, допытаў і гэтак далей. Вельмі важны момант, што акрамя псыхічнай рэакцыі на ўвесь гэты досьвед існуе і саматычная, цялесная рэакцыя зь невыноснымі болямі — галавы, хрыбетніка, суставаў. Найперш псыхічныя расстройствы выклікаюць ускладненьні на страўнікава-кішэчным тракце, наступны орган — гэта сэрца. Паступова настае ня толькі псыхічная, але і саматычная дэпрэсія".

Самае галоўнае — пазбавіцца недаверу

Недавер у колішніх вязьняў паходзіць з таго, што доўгі час за імі сачылі спэцслужбы, лічыць Бомбэрг. Цяпер, пасьля доўгіх размоваў зь лекарам, многія зь яго пацыентаў, як той жа Ханэман, ужо спакайней рэагуюць, скажам, на павольны праезд аўтамабіля, нечаканыя званкі ў дзьверы або праз тэлефон, ня скардзяцца на болі.

Я ведаю, што многія вязьні проста ня хочуць нічога гэтага ўзгадваць, а хочуць толькі забыцца. І толькі пасьля таго як палітыкі, мэдыкі, праваабаронцы пачнуць актыўна нагадваць людзям пра іхнія правы, тыя зноў павераць у сябе.

Як кажа доктар Бомбэрг, канчаткова вылечыцца ад перажытай несправядлівасьці, на жаль, немагчыма. Наступствы псыхатраўмы магчыма толькі зьмякчыць, паціху перапрацаваўшы адчуваньні перажытай несправядлівасьці. Гэта крок за крокам і робіць доктар са сваімі пацыентамі.

"Свабода": "Што б вы маглі параіць у сувязі з гэтым беларускім вязьням, якія знаходзяцца ў турмах пад моцным псыхалягічным ціскам з боку спэцслужбаў, а таксама тым, хто выйшаў зь вязьніцы і адчувае пэўныя душэўныя расстройствы? Толькі ўлічыце, што лекар-псыхіятар у постсавецкіх краінах — гэта спэцыяліст, да якога чалавек пойдзе ў апошнюю чаргу, асабліва так званы палітычны".

Бомбэрг: "Ёсьць пэўныя моманты, якія зьвязаныя з палітыкай і могуць вырашацца на палітычным узроўні ў адпаведнасьці з тымі пагадненьнямі, да якіх далучылася Беларусь. Згодна з гэтымі пагадненьнямі трэба пільна дамагацца выкананьня такіх правоў, як права на кантакт з адвакатам, на спатканьні, на мэдычны дагляд. Таксама нейкімі агульнымі міжнароднымі намаганьнямі можна было б нейкім чынам наладзіць адпаведныя кансультацыі заходніх адмыслоўцаў-псыхіятраў, каб дапамагчы пацярпеламу справіцца зь ягонымі псыхатраўмамі. Я ведаю, што многія вязьні проста ня хочуць нічога гэтага ўзгадваць, а хочуць толькі забыцца. І толькі пасьля таго, як палітыкі, мэдыкі, праваабаронцы пачнуць актыўна нагадваць людзям пра іх правы, тыя зноў павераць у сябе. Я гэта назіраю на маіх пацыентах, якія доўга маўчалі. Аднак цяпер, ведаючы пра свае правы больш, яны болей займаюцца ўласнымі праблемамі".
XS
SM
MD
LG