Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея адмаўляе ў выдзяленьні крэдыту?


Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што крэдыт Беларусі можа быць выдзелены толькі з фонду ЭўрАзЭС. У чым прычыны такой пазыцыі Масквы? Чаму яна нечакана перадумала дапамагаць Беларусі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Кірыл Коктыш
Андрэй Фёдараў
Валер Карбалевіч

Пазыцыя Масквы зьмянілася


Валер Карбалевіч: «Дасюль усе расейскія афіцыйныя асобы пазытыўна ставіліся да выдзяленьня крэдыту Беларусі. Пра ляяльнасьць Масквы ў гэтым пытаньні казалі і прэм’ер Пуцін, і міністар фінансаў Кудрын, і амбасадар Сурыкаў. І беларускія афіцыйныя асобы даводзілі, што ўсё нармальна, ідуць канструктыўныя перамовы, бакі абмяркоўваюць антыкрызісную праграму, прапанаваную беларускім урадам. І раптам усё памянялася. Ці згодныя вы з тым, што пазыцыя РФ зьмянілася?»

Андрэй Фёдараў: «Так. Перамовы ідуць каля двух месяцаў. 18 красавіка той жа Кудрын казаў, што хацеў бы, каб перамовы скончыліся цягам месяца. Праз тры дні амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў заявіў, што з боку Расеі няма ніякіх спробаў адмовіць у крэдыце. Празь пяць дзён міністар фінансаў Беларусі Харкавец адзначыў, што ўсе праблемы на перамовах будуць вырашаныя цягам тыдня, і сума крэдыту агульным памерам 3 млрд. даляраў аб’ектыўна адпавядае патрэбам Беларусі, і гэта пацьвярджае расейскі бок. Таму сёньняшняя інфармацыя выглядае нечаканай».

Кірыл Коктыш: «А мне падаецца, што пазыцыя Расеі пасьлядоўная. Масква імкнулася прадэманстраваць сваю ролю ратаўніка Беларусі і няздольнасьць Лукашэнкі забясьпечыць эканамічную бясьпеку сваёй краіны. Мы ня ведаем, якія яшчэ ўмовы вылучала Расея. Але пстрычка ў нос удалася. Думаю, гэта пачатак доўгага торгу.

Другі момант. У Расеі ўнутры цяпер высокая турбулентнасьць. За паўтара тыдня тры мільярдэры абвясьцілі, што выводзяць свае капіталы з РФ. У суме гэта каля 170 млрд. даляраў. Таму цяпер Маскве не да беларускіх праблем».

Чаму Расея перадумала дапамагаць Беларусі?


Карбалевіч: «Што здарылася? Якая кошка прабегла зноў паміж саюзьнікамі? Беларусь ня хоча выконваць расейскія ўмовы? Якія гэта ўмовы?».

Фёдараў: «Самая відавочная вэрсія: бакі не дамовіліся. Публічна Расея выстаўляла ўмовай атрыманьня крэдытаў падрыхтоўку беларускім урадам праграмы рэформаў у эканоміцы. Ня думаю, што гэта стала перашкодай. Праграма падрыхтаваная. Верагодна, там ёсьць усё, чаго патрабавала Масква. Магчыма, ня ўсе яе пункты беларускія ўлады зьбіраліся выконваць, але гэта іншая справа.
Заява Кудрына падобная да спальваньня мастоў.


Магчыма, перашкодай стала пытаньне прыватызацыі. Вось ідуць перамовы аб зьліцьці МАЗа і КамАЗа. Магчыма, не дамовіліся па іншых прадпрыемствах.

Але важна адзначыць, што адмову ў выдзяленьні крэдыту Расея вуснамі Кудрына абвясьціла публічна. Калі б Масква хацела дамагчыся прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам, то яна працягвала б таргавацца далей кулюарна. А заява Кудрына падобная да спальваньня мастоў».

Коктыш: «Магчыма, мэтай Расеі было жаданьне ня даць Лукашэнку захаваць твар. А гэта важна яшчэ і з таго гледзішча, каб пазбавіць кіраўніка Беларусі магчымасьці ўплываць на расейскі электаральны працэс (прэзыдэнцкія выбары). Гэты працэс абяцае быць жорсткім, і лішнія гульцы там непатрэбныя».

Страшная помста


Карбалевіч: «Можа, сапраўды гэта і было мэтай Расеі? Магчыма, Масква проста, груба кажучы, „кінула“ Лукашэнку? Можа, гэта працяг той інфармацыйнай вайны, якая вялася Расеяй супраць Лукашэнкі мінулым годам? Яна на час была сьцішана. Але там нічога не забыліся і чакалі зручнага моманту, каб зьдзейсьніць страшную помсту».

Фёдараў: «Не выключаю такой вэрсіі. Магчыма, сапраўды, Масква не зьбіралася даваць гэтыя грошы і гулялася як кошка з мышшу. Гэта стала наступствам падзеяў 19 сьнежня. Канфлікт Беларусі з Захадам прывёў да таго, што падтрымкі з заходняга боку няма. Менск апынуўся безабаронны перад Масквой, і апошняя карыстаецца гэтым».

Коктыш: «Расея праводзіць рацыянальную замежную палітыку, і помста там — не інструмэнт. Проста Расея вырашыла паставіць Лукашэнку на месца».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG