Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нестабільны рубель адваджвае рок-зорак ад Беларусі


Стынг
Стынг
Заплянаваны на 27 чэрвеня ў Менску канцэрт легенды ўсясьветнага року, брытанскага сьпевака Стынга, адменены з-за фінансавай сытуацыі ў Беларусі.

Арганізатары выступу паведамілі, што ў зьвяку з праблемамі на валютным рынку кошт квіткоў, які і без таго досыць адчувальны (да 1,5 мільёна рублёў) трэба было ўздымаць яшчэ больш. У выніку было прынятае рашэньне «спыніць» Стынга на подступах да Беларусі, у Вільні. Ініцыятары няўдалых гастроляў Стынга ў Менску арганізуюць выезд на ягоны канцэрт ў Літву, аднак беларускія квіткі ня будуць сапраўднымі, з чаго іх раяць тэрмінова здаваць.

Адчулі дыханьне крызісу і фанаты культавага амэрыканскага гурту «Korn», канцэрт якога заплянаваны на 26 траўня. Квіткі на канцэрт «мэталічнай» каманды падвышаныя на 30 тысяч рублёў у зьвязку з усё той жа «эканамічнай сытуацыяй у краіне». Цяпер квіткі на танц-пол і ў фан-зоны каштуюць, адпаведна, 190 і 240 тысяч рублёў.

Пакуль не зразумела, якім чынам арганізатары выкруцяцца з даўно анансаванага прыезду ў Беларусь мэга-зоркі ўсясьветнага шоў-бізнэсу, калюмбійскай сьпявачкі Шакіры. Яе выступ у «Менск-арэне» заплянаваны праз тыдзень, 19 траўня. Кошт квіткоў — да 1,5 мільёна рублёў. Але прадусары кажуць, што ў такой сытуацыі сабе даражэй адмовіцца ад канцэрту за некалькі дзён да прызначанай даты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG