Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Бальмасэда: Лукас забываецца пра “нюансы”


Маргарыта Бальмасэда

Маргарыта Бальмасэда

Чытаючы Лукаса

Днямі на нашым сайце быў апублікаваны пераклад артыкулу
«У чым Захад памыляецца наконт Беларусі?» міжнароднага рэдактара Economist Эдварда Лукаса. Гэты тэкст спарадзіў зацікаўленую дыскусію на нашым сайце.

Мы запрапанавалі экспэртам з розных краін сьвету паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі, выказаць свае меркаваньні як наконт артыкулу сп. Лукаса, гэтак і наконт праблемы, якую ён фармулюе.


Маргарыта Бальмасэда, прафэсар Хэльсынскага і Гарвардзкага ўнівэрсытэтаў, экспэрт у пытаньнях энэргетычнай палітыкі і карупцыі на постсавецкай прасторы

У сваёй першай рэакцыі на камэнтар Лукаса па Беларусі я фактычна пагадзілася са шмат якімі зь ягоных сьцьвярджэньняў. Заходнія палітыкі сапраўды разгубіліся і ня ведаюць, што рабіць зь Беларусьсю.

Але гэты камэнтар, які крытыкуе спрошчаныя і "раскладзеныя па паліцах" погляды Захаду на палітыку Беларусі, мог бы выйграць, калі б узяў пад увагу крыху больш нюансаў. Камэнтар сапраўды робіць яскравае ўражаньне, але часта не глядзіць у корань пытаньняў.

Я згодная з аўтарам у тым, што ацэнка Лукашэнкі як "ляяльнага сатрапа Крамля" была грубым спрашчэньнем. Увогуле, заходнія аналітыкі ігнаравалі відавочную напружанасьць у беларуска-расейскіх адносінах перад першым спыненьнем паставак газу ў Беларусь "Газпромам" у лютым 2004 году. Але ня ўсе так рабілі, і тыя з нас, хто вывучаў дэталі энэргетычных дачыненьняў - асабліва нежаданьне Лукашэнкі разьдзяліць кантроль над прыбытковым сэктарам перапрацоўкі нафты з расейскімі гульцамі – разумелі ўжо ў 1999 годзе, чым гэта можа павярнуцца.

Так, чаканьні шмат якіх палітыкаў на Захадзе, што доступ да свабоднай інфармацыі ў Беларусі схіліць беларускіх грамадзян да паўстаньня супраць рэжыму, не апраўдалі сябе. Але прычыны гэтага былі значна больш складаныя, чым тыя, якія прадставіў аўтар камэнтара. Сур'ёзныя навукоўцы, як у Беларусі, так і за мяжой, правялі шырокія дасьледаваньні прычынаў палітычнай стабільнасьці (і ступені адноснай падтрымкі Лукашэнкі) у Беларусі. Імкнучыся зразумець прычыны палітычнага даўгалецьця Лукашэнкі, дасьледнікі засяроджвалі ўвагу на такіх чыньніках, як выкарыстаньне папераджальных мяккіх (Бальмасэда) або жорсткіх рэпрэсіяў і кантролю над грамадзтвам (Сіліцкі), ідэалягічны кантроль (Лешчанка), кантроль над намэнклятурай праз шантаж і рэпрэсіі, утрыманьне грамадзянаў у эканамічнай залежнасьці ад дзяржавы, харызма Лукашэнкі ды выкарыстаньне папулісцкай і дэмагагічнай тактыкі у наўпроставых кантактах з электаратам (Карастылёва), слабасьць дэмакратычнай апазыцыі, адсутнасьць нацыяналізму як моцнай сацыяльнай і палітычнай сілы, якая здольная мабілізаваць апазыцыю (Экэ і Кузё), адносна моцная дзяржаўная "сыстэма эфэктыўнага ўліку і кантролю зьверху ўніз" (Фрыц), эканамічная падтрымка Масквы (Бальмасэда і інш.), папулісцкая эканамічная палітыка рэжыму і выкананьне патэрналісцкага грамадзкага кантракту савецкіх часоў паміж дзяржавай і насельніцтвам, які працягваў быць запатрабаваны беларускай грамадзкасьцю (Карбалевіч, Гайдук). (Гайдук і інш. кажуць аб сацыяльным кантракце Лукашэнкі як працягу "машэраўскага" грамадзкага кантракту, калі ў краіне адбыўся беспрэцэдэнтны рост урбанізацыі і ўзроўню жыцьця.) Верагодна, што крыніцай беларускай стабільнасьці была камбінацыя гэтых чыньнікаў і што гэтая камбінацыя магла эвалюцыянаваць на працягу ўсяго пэрыяду кіраваньня Лукашэнкі, ад сытуацыі, у якой найважнейшым чыньнікам была асабістая харызма Лукашэнкі, да сытуацыі, у якой большую ролю адыгрывала бачаньне насельніцтвам сваіх эканамічных інтарэсаў у каротка- і сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Важна тут адзначыць, што пры наяўнасьці такой камбінацыі глыбока ўкаранелых чыньнікаў, зусім нерэальна было чакаць, што нейкая адна ініцыятыва, такая, як падтрымка свабоднага радыёвяшчаньня, магла б хутка зьмяніць сытуацыю.

У кантэксьце гэтай шырэйшай тэмы (якім чынам Захад можа станоўча паўплываць на сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь) месьціцца шэраг драбнейшых пытаньняў. Па-першае, нельга сказаць, што Захад адназначна вітаў абраньне Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. У любым выпадку, шмат зь няспраўджаных спадзяваньняў Захаду, якія аўтар абмяркоўвае ў першай палове камэнтара, не былі спадзяваньнямі ўнікальнымі толькі для Беларусі, але яны тычыліся таксама Расеі і (у асноўным) Украіны. Характарыстыка апазыцыі як "стракатай мешаніны ідэалістаў, тых, хто некалі некім быў, тых, хто ніколі нікім ня быў, палітычных перабежчыкаў, нацыянал-экстрэмістаў і эксцэнтрыкаў" зьяўляецца грубым спрашчэньнем. Мяне таксама зьдзівіла аргумэнтацыя аўтара, дзе ён згадвае выбух менскім мэтро і кажа, што "тое, што мы ня маем уяўленьня, хто стаіць за выбухам і што ён значыць, можна лічыць сьведчаньнем правалу спробаў Захаду аналізаваць сытуацыю ў Беларусі і ўзьдзейнічаць на яе". У любым выпадку, справа тут не за "заходнімі аналітыкамі", але за беларускай службай бясьпекі.

Што тычыцца прапановы спадара Лукаса адкрываць Беларусь і беларусаў праз далейшае ўзаемадзеяньне і ўплыў свабоднага гандлю, гэта ў прынцыпе добрая ідэя. Шкада толькі, што яна таксама не спрацавала, калі Эўразьвяз пасьлядоўна прытрымліваўся такой палітыкі ў 2008-2010 гг. Тут мы павінны зьвярнуць увагу на некалькі чыньнікаў.

Першая праблема з гэтым прасоўваньнем узаемадзеяньня зьвязаная са спрошчаным поглядам на гандаль Беларусі. І сапраўды, называць пераарыентацыю гандлю Беларусі на ЭЗ "посьпехам" - гэта спрашчаць праблему. Сапраўды, зь сярэдзіны 2000-х гадоў удзельная вага беларускага экспарту ў ЭЗ пачынае значна ўзрастаць; у выніку ЭЗ замяніў Расею як асноўнага імпартэра беларускіх тавараў. (Калі ў 1999 годзе 49,6% беларускага экспарту ішло ў Расею, у пачатку 2009 году гэты паказьнік скараціўся да 37%; за той самы пэрыяд агульны аб'ём экспарту ў краіны ЭЗ значна павялічыўся, дасягнуўшы 47,3% у 2007 годзе і 44% у 2009.) Але мы павінны мець на ўвазе, што значны рост экспарту ў ЭЗ быў зьвязаны з павелічэньнем экспарту нафтапрадуктаў і, такім чынам, быў наўпроставым вынікам асаблівых гандлёвых адносін Беларусі з Расеяй. Самае галоўнае, што гэтае новае сальда гандлёвага балянсу адлюстроўвала ня толькі рост попыту з боку Заходняй Эўропы, але і зьніжэньне попыту ў Расеі на традыцыйныя прадукты беларускага экспарту, такія як трактары, рухавікі і тэлевізары, што выразна паказвала на хуткае падзеньне канкурэнтаздольнасьці Беларусі ў шмат якіх сэктарах. У той самы час Беларусь заставалася ў вялікай ступені залежнай ад імпарту з Расеі - удзел Расеі ў структуры імпарту Беларусі застаўся практычна нязьменны на ўзроўні 60%.

Другая праблема зьвязаная з фактычным станам узаемадзеяньня з ЭЗ. Краіна, якая найбольш цесна выступала за супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў апошнія гады, Нямеччына (прыгадаем супольны візыт у Менск нямецкага і польскага міністраў замежных справаў у лістападзе 2010 году), апынулася пасьля 19 сьнежня на пярэднім краі атакі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі прэзыдэнт аказаўся непрадказальным партнэрам ня толькі для Захаду, але і для Расеі. Гэта значна ўскладняе сытуацыю для тых, хто імкнецца спрыяць зьменам у Беларусі праз пазытыўнае супрацоўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG