Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі абараніліся. Чакаюць суду


Абаронцы маёмасьці вернікаў
Абаронцы маёмасьці вернікаў
Сёньня магілёўскія вернікі царквы хрысьціянаў веры эвангельскай абаранілі ад разбурэньня агароджу перад сваім малітоўным домам. Дапамагалі ім у гэтым і суседзі. Зьнесьці плот пастанавіла адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілёва. Паводле рашэньня чыноўнікаў, гаспадары катэджу, які выкарыстоўваецца як малітоўны дом, незаконна прыўласьцілі лішак зямлі.

На дзявятую гадзіну раніцы каля дому на вуліцы Мяшчанскія палосы, № 21 пачалі зьбірацца людзі. Прыехалі прадстаўнікі раённай адміністрацыі, камунальных службаў, а таксама міліцыі. Наводдаль напагатове стаяў бульдозэр. Пазьней з будаўнічым рыштункам падышлі й камунальныя працаўнікі.

Абаронцы сядзібы сустрэлі чыноўнікаў патрабаваньнем паказаць ім рашэньне суду на знос. Прадстаўнікі ўлады, у сваю чаргу, заявілі, што дастаткова рашэньня адміністрацыі і яны маюць намер агароджу зьнесьці.

Абаронец сядзібы: На вашае рашэньне патрэбнае судовае рашэньне.

Прадстаўнік улады: У нас ня Польшча, не Літва, у нас Рэспубліка Беларусь.

Абаронец: Так, менавіта: у нас ня Польшча, не Літва, дзе дзейнічае закон.

Прадстаўнік улады: Калі б у нас была прыватная ўласнасьць або арэнда — вось тады патрэбнае было б рашэньне суду паводле Зямельнага кодэксу. Забраў гаспадар незаконна дзяржаўную маёмасьць, прыхапіў да сваёй законнай дзялянкі нейкую тэрыторыю, якую абнёс вось гэтым плотам.

Абаронец: Мы будзем замінаць вашым незаконным дзеяньням. Ні больш ні менш. І кажам вам, што вы парушаеце закон.

Супрацьстаяньне абаронцаў сядзібы з чыноўнікамі трывала каля гадзіны. Людзі выказваліся рэзка і эмацыйна. Вінавацілі чыноўнікаў у парушэньнях закону. Апэлявалі да тэхнічнага пашпарту дзялянкі, які быў вывешаны тут жа на варотах:

"Вы падманулі мэра гораду Барадаўку сваімі адпіскамі. А цяпер выкарыстоўваеце сілу. Тут законныя памеры ўчастку. Пячаткай змацаваныя. Хто пазбавіў юрыдычнай сілы гэты дакумэнт? Ці ёсьць падставы на знос гэтай агароджы?" — дапытваўся ў чыноўнікаў гаспадар суседняга катэджу.

Паводле чыноўнікаў, тэхнічны пашпарт — ня той дакумэнт, які замацоўвае права на валоданьне зямельнай дзялянкай. Такі дакумэнт — пасьведчаньне аб рэгістрацыі ўчастку. Паказаць яго не змаглі, бо не было гаспадыні. Яна намагалася патрапіць на прыём да пракурора, каб паскардзіцца яму.

Паўгода таму чыноўнікі ўжо спрабавалі зруйнаваць плот. Тады яго людзі абаранілі. Сёньня пасьля гадзіны спрэчак адзін з прадстаўнікоў улады нечакана заявіў:

"Значыць, тады архітэктура й землеўпарадкавальная служба гарвыканкаму зьвяртаюцца ў суд. І пасьля рашэньня суду мы з вамі тут яшчэ раз сустрэнемся".

Перад катэджам шматдзетнай сям’і Віталя Радчанкі зьбіраюцца ўзьвесьці шасьціпавярховы дом. Такімі дамамі мяркуецца адгарадзіць ад дарогі ўвесь пасёлак, які вырас за два дзясяткі гадоў на асушаным некалі балоце. Усяго ў пасёлку каля 460 катэджаў. Як даводзілі чыноўнікам гаспадары некаторых зь іх, падвалы іхніх дамоў цяпер затопленыя. Прадстаўнікі ўлады ад абмеркаваньня гэтай тэмы ўхіляліся. Казалі, што яны тут, каб вырашыць праблему з плотам.

Адзін з затопленых падвалаў

"Папярэдне тут былі праведзеныя мэліярацыйныя працы. Калі пачалі забудоўваць катэджамі, то некаторыя з домаўладаньняў былі ўзьведзеныя проста на мэліярацыйных каналах. Калі пазьней пачалі будаваць шматпавярховыя дамы, ува ўсім раёне ўзьняўся ўзровень вады. У падвалах стаіць вада. Яны падмываюцца, і ідзе забруджваньне тэрыторыі з выграбных ямаў".

Пасёлак на "балоце"

Узьвядзеньне шматпавярховак на "балоце" тлумачыцца тым, што паблізу праведзеныя камунікацыі, а гэта робіць будоўлю значна таньнейшай.

Што да плоту, то ў выпадку яго зносу гаспадарам давядзецца аплаціць кошт працы камунальнікаў. Так пазначана ў законе. Тым ня менш, сыход чыноўнікаў людзі расцанілі як сваю чарговую перамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG