Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк павышае стаўку рэфінансаваньня з 13 да 14% гадавых

  • БелаПАН

Стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку 18 траўня будзе павышана на 1 працэнтны пункт і складзе 14% гадавых. Такая пастанова прынятая праўленьнем галоўнай банкаўскай установы краіны 11 траўня.

Як растлумачылі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку, рашэньне прынятае "з улікам значнага росту ў гэтым годзе спажывецкіх цэн у Беларусі".

У Нацбанку разьлічваюць, што павышэньне стаўкі рэфінансаваньня, адпаведна і працэнтнай стаўкі па ўкладах, узмоцніць абарону рублёвых дэпазытаў ад абясцэньваньня, павялічыць іх даходнасьць, а таксама будзе спрыяць стымуляваньню прытоку грашовых сродкаў у банкі.
Гэта трэцяе павышэньне стаўкі рэфінансаваньня з пачатку году. Папярэдні раз яна павялічвалася 16 сакавіка — на 1,5 працэнтнага пункта (з 10,5 да 12%), а затым 20 красавіка — на 1% да 13% гадавых.

19 красавіка першы намесьнік кіраўніка Нацбанку Мікалай Лузгін заявіў, што ўзровень стаўкі рэфінансаваньня будзе фармавацца ў тым ліку згодна з чаканым тэмпам росту інфляцыі. "Устанаўленьне стаўкі рэфінансаваньня будзем разглядаць з пункту гледжаньня ня толькі фактычных, але і чаканых тэмпаў інфляцыі", — сказаў Лузгін.

Стаўка рэфінансаваньня зьяўляецца інструмэнтам грашова-крэдытнага рэгуляваньня, пры дапамозе якога Нацбанк узьдзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазытах юрыдычных і фізычных асоб і крэдытах, якія выдаюць ім крэдытныя арганізацыі.

Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год прадугледжана зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня да канца году да 8—10% гадавых.

У 2010 годзе стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьніжалася шэсьць разоў (у лютым, красавіку, траўні, ліпені, жніўні, верасьні). 15 верасьня мінулага году яна была ўстаноўлена на узроўні 10,5%.
XS
SM
MD
LG