Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску могуць аднавіць касьцёл дамініканаў

  • БелаПАН

pomniki.budzma.org

pomniki.budzma.org

Менгарвыканкам падтрымаў прапанову старшыні таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча аб аднаўленьні на Кастрычніцкай плошчы сталіцы касьцёлу Сьвятога Тамаша Аквінскага — помніка барока XVII—XVIII стагодзьдзяў.

Паводле словаў Антона Астаповіча, у сваім лісьце камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму паведаміў, што прапанова грамадзкага аб`яднаньня накіравана дырэкцыі КУП "Менская спадчына" для разгляду пры праектаваньні шматузроўневай аўтастаянкі ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

Як адзначыў Астаповіч, у лісьце да кіраўніцтва "Менскай спадчыны" ён просіць пісьмова праінфармаваць таварыства аб выніках разгляду эскізнай прапановы.

Падмуркі касьцёла — аднаго з самых прыгожых і значных помнікаў айчыннай архітэктуры, зруйнаванага ў 1950 годзе, былі зафіксаваныя ў 1986 годзе на рагу вуліц Інтэрнацыянальная і Энгельса каля Палаца Рэспублікі. Касьцёл ўяўляў сабой багата дэкараваную трохнэфавую падоўжанавосевую базыліку. Інтэр`ер вызначаўся пышнасьцю, быў расьпісаны фрэскамі, уключаў 14 алтароў. На хорах стаяў самы вялікі і прыгожы ў горадзе арган — на 24 галасы.

Ня гледзячы на цяжкасьць сучаснай горадабудаўнічай сытуацыі, аднаўленьне страчанага помніка дойлідзтва, на думку грамадзкасьці, магчымае і з тэхнічнага боку не уяўляе складанасьці.

Зараз вядзецца распрацоўка навукова-праектнай дакумэнтацыі па рэканструкцыі Кастрычніцкай плошчы з пабудовай шматузроўневай падземнай аўтастаянкі, якая дазволіць разгрузіць ад транспарту гістарычны цэнтар сталіцы — Верхні горад і арганізаваць на яго тэрыторыі пешаходную зону. У межах рэалізацыі гэтага праекту Астаповіч прапануе разгледзець магчымасьць аднаўленьня пад канцэртную залю гістарычнага аб`ёму былога касьцёла як адной з архітэктурных дамінантаў цэнтру сталіцы, што арганічна разьмяжуе забудову гораду пэрыяду XVII—XIX стагодзьдзяў з ансамблем сярэдзіны XX стагодзьдзя.

Аднаўленьне зруйнаванага помніка адпавядае айчыннаму і міжнароднаму заканадаўству, у тым ліку пункту 3.1 артыкула 36 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" і Рыскай хартыі 2000 году аб аўтэнтычнасьці гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG