Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Кулікоў атрымаў 5 гадоў з адтэрміноўкай на 2 гады


Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Івана Кулікова на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Як падае сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, 10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафэсарам Іванам Куліковым. Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Кулікоў працаваў загадчыкам лябараторыі ў Інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў "Сосны". У студзені Кулікова арыштавалі за тое, што, нібыта, на працягу 8 гадоў ён налічваў зарплату "мёртвым душам".

Як распавёў Іван Кулікоў ў прамым эфіры "Эўрарадыё", ён прызнаў віну толькі ў тым, што "несьвядома парушыў закон", крадзеж ён не прызнаў.

Прафэсар Іван Кулікоў хоча працягваць працаваць у інстытуце "Сосны". Ён кажа, што мае адпачынак да 18 траўня. Тады ён будзе высьвятляць, якія ў яго шанцы працягнуць працу ў інстытуце.

Нагадаем, што Іван Кулікоў балятаваўся ў прэзыдэнты на мінулых выбарах, але зьняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Празь месяц пасьля выбараў навукоўцу было выстаўлена абвінавачваньне ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненым ў буйным памеры.

У сакавіку стала вядома, што Кулікову перакваліфікавалі абвінавачваньне на "прычыненьне шкоды ў значным памеры шляхам атрыманьня выгады ў выніку падману, злоўжываньня даверам цi шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі пры адсутнасьці прыкмет крадзяжу".

Паводле новых дадзеных сьледзтва, навуковец на працягу 8 гадоў налічваў зарплату "мёртвым душам", але гаворка ўжо ідзе не пра 22 мільёны, а пра 8.600.000 рублёў. І цяпер сьледзтва ня думае, што ў мінулым патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты іх скраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG