Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве пажыцьцёва асуджаны забойца памежнікаў


Віленскі суд вынес вырак міліцыянту рыскага АМАП Канстанціну Міхайлаву, які прызнаны вінаватым у забойстве літоўскіх памежнікаў у 1991 годзе. Пасьля двухгадовага судовага разгляду, на працягу якога Міхайлаў знаходзіўся ў Віленскім сьледчым ізалятары, яму аб’яўлены прысуд: пажыцьцёвае зьняволеньне – самая строгая мера пакараньня ў гэтым выпадку.

Устаноўлена, што ў ліпені 1991 года Канстанцін Міхайлаў у складзе рыскага АМАП удзельнічаў у забойстве службовых асобаў незалежнай Літвы, калі па загадзе камандзіра Чэслава Млыніка на памежным пункце Мядзінінкай былі застрэленыя сямёра літоўскіх мытнікаў і паліцыянтаў. Выжыў адзін, які застаўся інвалідам.

Канстанцін Міхайлаў, на якога меўся эўрапейскі ордэр на арышт, у 2008 годзе быў затрыманы ў Латвіі, дзе працаваў кіроўцам аўтобуса і ўжо меў дзьве судзімасьці. Іншых падазраваных у саўдзеле ў злачынстве 20-гадовай даўніны Літве не выдае Расея, краіна дзе яны цяпер пражываюць.

Сам Міхайлаў сваю віну адмаўляе. Вырак можна абскардзіць на працягу 20 дзён.
XS
SM
MD
LG