Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна сёньня ўзначаліць Камітэт міністраў Рады Эўропы


У Турэччыне сёньня ў рамках Стамбульскага 121-га міністэрскага пасяджэньня Камітэту міністраў Рады Эўропы адбудзецца цырымонія перадачы Ўкраіне старшынёўства ў Камітэце міністраў Рады Эўропы. Украінскую дэлегацыю на гэтым мерапрыемстве ўзначальвае міністар замежных спраў Канстанцін Грышчанка.

Беларусь не зьяўляецца членам Рады Эўропы. Некалькі гадоў таму РБ падавала заяўку на аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі гэтай міжнароднай структуры. Аднак на студзеньскай сэсіі 2011 году Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне замарозіць кантакты з афіцыйным Менскам у выніку падзей 19 сьнежня ў Беларусі. А таксама асамблея вырашыла і надалей не аднаўляць статус спэцыяльна запрошанага для беларускага парлямэнту, які быў замарожаны пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Адзіная асоба, якая мае права зносінаў зь беларускім бокам ад імя ПАРЭ – спэцдакладчыца Сініка Хурскайнэн.

Як падае БЕЛТА, падчас свайго старшынёўства Ўкраіна будзе забясьпечваць пасьлядоўнасьць у дасягненьні мэтаў і прыярытэтаў дзейнасьці Арганізацыі – умацаваньні дэмакратыі, забесьпячэньні вяршэнства права і абарона правоў чалавека. Украінскае старшынёўства плянуе ажыцьцявіць шэраг практычных крокаў дзеля працягу рэалізацыі асноўных прыярытэтаў дзейнасьці Рады Эўропы, а таксама будзе накіроўваць сваю дзейнасьць на ўзмацненьне палітычнай ролі Рады Эўропы ў сыстэм эўрапейскіх інстытуцый, здольнасьці Арганізацыі эфэктыўна рэагаваць на выклікі цяперашняга часу і выконваць сваю місію захаваньня і абароны агульнаэўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў.

У рамках старшынёўства Ўкраіна мае намер засяродзіць дзейнасьць на такіх прыярытэтах як абарона правоў дзяцей, правы чалавека і вяршэнства права ў кантэксьце дэмакратыі і стабільнасьці ў Эўропе, умацаваньне і разьвіцьцё мясцовай дэмакратыі.

Старшынёўства Ўкраіны ў Камітэце міністраў Рады Эўропы, якое працягнецца да лістапада 2011 году, стане першым за амаль 16-гадовую гісторыю членства Ўкраіны ў Арганізацыі, адзначылі ў МЗС краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG